Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч у «доме Чыжа»


Пасьля ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Менску

Пасьля ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Менску

Навіна аб плянах нобэлеўскай лаўрэаткі купіць сабе новае жытло спарадзіла ў сацыяльных сетках халівар нябачанай сілы. Несувымернасьць факту і напалу, які ён выклікаў, цікавей пытаньня рацыі тых ці іншых сеткавых ваяроў.

Здавалася б, пра што асабліва спрачацца? Купіў чалавек за сумленна заробленыя грошы новую кватэру. Ну так, у доме, на нечы погляд сумнеўнай эстэтычнай вартасьці, малавысокамастацкага, так бы мовіць. Але густы — рэч даволі ўмоўная і суб’ектыўная. Калі ў Парыжы пабудавалі Эйфэлеву вежу, нямала тамтэйшых тагачасных «арбітраў элегантнасьці» напіналіся ад гневу, як такой пачварнасьцю асьмеліліся спаскудзіць сусьветную сталіцу густу і стылю. Прайшлі гады і гэта «пачварнасьць» стала сусьветным сымбалем францускай сталіцы.

Каб не хадзіць так далёка, можна паглядзець на эвалюцыю погляду на цэнтар Менску. Калісьці гэты «сталінскі ампір» моцна многіх раздражняў, зараз, з лёгкай рукі Артура Клінава, успрымаецца як вельмі стыльны помнік эпохі.

Хто ведае, можа праз шмат гадоў і збудаваньне партнэра прэзыдэнта па хакеі і зборы кавуноў, а цяпер — вязьня, стане візытоўкай беларускай сталіцы.

Зрэшты, аўтар гэтых радкоў на ролю «арбітра элегантнасьці» не прэтэндуе. Можа, і праўда гэта пачварнасьць такой і застанецца ў стагодзьдзях ці будзе ўрачыста зьнесеная ў часы эстэтычна больш вытанчаныя.

Размова не пра эстэтыку, а пра халівар. Зараз і на самай справе многія лічаць «дом Чыжа» абразай густу і сымбалем разбурэньня гістарычнага Менску. А нобэлеўскі ляўрэат сабралася купіць у гэтай «пачварнасьці» кватэру. Ці не палічыўшы пачварнасьцю ці не прыняўшы адпаведнае меркаваньне пад увагу. Але купіла бы кватэру ў «доме Чыжа», скажам, Дар’я Домрачава, таксама, дарэчы, сэлэбрыці, знакамітая беларуска, так і сотай долі такога напалу не было б.

Справа ж не ў гэтай куплі, а ў палітыцы. У нас палітыкай традыцыйна лічыцца барацьба з уладай. Выйшаў на вуліцу, выгукнуў нешта рашучае супраць уладаў, махнуў сьцягам — вось гэта палітыка. На самай справе часам і гэта таксама — яна. Але наогул-та палітыка — гэта ўплыў, улада над душамі людзей. І сутыкненьне гэтых уплываў. Вось пра гэта і халівар, які ўзьнік з пустой, на першы погляд, нагоды. Але не з пустой прычыны.

Не прэтэндую на дакладны сацыялягічны аналіз дыскусіі, да таго ж многія яе ўдзельнікі ананімныя, але наўскідку варта заўважыць, што сярод строгіх крытыкаў пакупкі Алексіевіч практычна не было людзей, якія і да яе Нобэля шанавалі талент пісьменьніцы.

Крытыкамі апынуліся тыя, хто да прэміі пры згадваньні імя Алексіевіч крывіўся. Па розных прычынах, хто па эстэтычным, а галоўным чынам — па палітыка-ідэалягічных, альбо з-за мовы, на якой напісаныя яе кнігі, альбо з-за ладу яе думак і асобы. Савецкі пісьменьнік і савецкі чалавек. Антысавецкі, але пры гэтым савецкі.

Прычым, тыя, чыё падобнае меркаваньне не пахіснуў і Нобэль, былі ў крытыцы досыць памяркоўныя, досыць млява канстатуючы — «Ага, а мы ж казалі». Але самыя гарачыя жарсьці дэманстравалі людзі, якія пасьля Нобэля «перакаваліся». Ну так, некалі фыркалі або кляймілі, але пасьля ж прызналі, «даравалі», кветкі, віншаваньні, ўзьвялі на п’едэстал. Ну так і яна ж павінна аддзячваць, стаяць на п’едэстале роўна, не тузацца і ўвасабляць тое, што хацелася б яе новым прыхільнікам. Варта заўважыць, што лаўрэатка сваім новым прыхільнікам — учорашнім ганьбавацелям была радая. Яна жывы чалавек, фіміям славы прыемны любому.

Але радая да пэўнай мяжы.

Адзін таленавіты крытык пісьменьніцы і яе кватэрнай негоцыі задаў рытарычнае пытаньне — а што, яна недатыкальная, яна гуру, якая не падлягае крытыцы? Да безумоўна датыкальная і падлягае. Але ж хіба не неафіты спрабавалі гуру зь яе і стварыць? У іх гэта не атрымалася, чым і тлумачыцца напал. Кумір апынуўся шырэй ўгатаванага яму месца. Ці больш вузка. Ці ніжэй. Жывым чалавекам, словам.

Яна сваёй пакупкай паказала, што сама — той «чырвоны чалавек», пра якога піша — абвясьцілі яе крытыкі. А калі нават і так, то што? Яна нешта сваім крытыкам павінна? Яны так упэўненыя, што на самой справе не яна, а яны — ўладары дум, і іх вэрдыкт — гэта сьмяротны прысуд?

Думаю, што не ўпэўненыя. Думаю, што тут хутчэй крыўда, што не ацаніла, ня перавыхавалася пад іх дабратворным уплывам, не заняла месца зручнага, правільнага ідала. Ну так сказана ў Пісаньні — ня ствары сабе куміра. Вось гэтаму запавету і варта прытрымлівацца.

Не прэтэндую на блізкае сяброўства з пісьменьніцай і чужы канспіралёгіі, але не выключаю, што купля жылплошчы менавіта ў «доме Чыжа» было яе рашэньнем, прынятым з улікам у тым ліку і даміноўных у пэўных колах меркаваньняў наконт агідна сымбалічнага значэньня гэтага будынку. Дакладней, было рашэньнем, якое гэтыя меркаваньні дэманстратыўна ігнаравала. Маю гіпотэзу пацьвярджае інтэрвію пісьменьніцы нямецкай газэце, у якім яна сказала, як і раней казала, некаторыя непрыемныя для беларусаў, гэта значыць для нас усіх і для сябе ў тым ліку, рэчы. На інтэрвію апэратыўна адрэагаваў пільны Зянон Пазьняк, як звычайна адлучыўшы Алексіевіч ад Беларусі.

А хіба да Нобэля яна была іншай? Такой жа і была — з характарам. Гнула сваю лінію. Так і цяпер дэманструе, што не будзе закладніцай нічыіх патрабавальных чаканьняў. Клясыкі — яны такія.

Дарэчы, варта заўважыць, што беларуская ўлада адрэагавала на новы статус пісьменьніцы па-свойму лягічна і без надрыву, ўласьцівага ўдзельнікам халівару. Улада зразумела, што кашы з набэлісткай ёй не зварыць, фармальна павіншавала, раздражнёна буркнула з нагоды порцыі рэзкіх словаў у свой адрас, але ніякіх «мы так вам верылі, таварыш Алексіевіч» ад улады не прагучала. Контра і контра, варажына і варажына, але цяпер такая, з якой лепш публічна моцна не сварыцца. І ў гэтым сэнсе ўладзе нельга адмовіць у кемлівасьці, у адрозьненьні ад халіварных «крыжакоў».

Алексіевіч ні ў каго не атрымаецца выкарыстоўваць. Улада гэта зразумела адразу, варта зразумець і ўсім астатнім. І неафітам, якія пачалі яе шанаваць пасьля прэміі, і сталым прыхільнікам. Яно, зразумела, Нобэль палітычна, ідэалягічна, духоўна — зброя масавага зьнішчэньня. Але яна — толькі ў яе руках.

І тым, хто аддае яе анафэме за куплю кватэры, не варта так моцна засмучацца і перажываць, заўтра яна абавязкова скажа што-небудзь, што ім вельмі спадабаецца. А пасьлязаўтра — што моцна не спадабаецца. Дык лепш не апынацца ў сьмешнай ролі героя вядомага анэкдоту, які па тэлефоне кіруе пераборкай бульбы — «Кепская Алексіевіч, добрая Алексіевіч».

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG