Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніца, які перадала СМІ панамскія дакумэнты, перапыніла маўчаньне


У заяве ананімная крыніца тлумачыць матывы сваіх дзеяньняў і просіць гарантыяў абароны ў абмен на дапамогу ў расьсьледаваньнях.

Ананімная крыніца, якая стаіць за ўцечкай больш як 11 мільёнаў дакумэнтаў панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca, перапыніла маўчаньне.

Крыніца прапанавала органам правасудзьдзя сваю дапамогу ў расьсьледаваньнях па так званым «Панамскім дасье» — у абмен на гарантыі абароны.

Ліст гэтай крыніцы ў пятніцу зьявіўся, у прыватнасьці, на сайце нямецкай газэты Suddeutsche Zeitung, якая першай атрымала дакумэнты панамскай фірмы. Чалавек, які прадставіўся як Джон Доў (John Doe), адзначае, што ніколі не працаваў на выведку або ўрад. Заахвочвальным матывам сваіх дзеяньняў ён называе імкненьне дамагчыся роўнасьці даходаў. Карупцыя звышбагатых, паводле яго слоў, разбурае капіталізм і можа выклікаць рэвалюцыю. «Я вырашыў распавесьці аб Mossack Fonseca, паколькі лічу, што заснавальнікі, супрацоўнікі гэтай фірмы і яе кліенты павінны адказаць за сваю ролю ў злачынствах, зь якіх пакуль вядомая толькі частка», — адзначае аўтар пасланьня.

Агучаныя нядаўна «панамскія паперы», якія вывучаў Міжнародны кансорцыюм журналістаў-сьледчых, дэманструюць, як некаторыя заможныя людзі выкарыстоўваюць афшорныя фірмы, каб ухіліцца ад падаткаў і абысьці санкцыі. Расеі прысьвечаная значная частка журналісцкага расьсьледаваньня — у ёй сьцьвярджаецца, што блізкія да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна людзі праз банк «Расея» і панамскія афшорныя кампаніі «адмылі» больш за 2 мільярды даляраў. У Крамлі расьсьледаваньне назвалі «інфармацыйным укідам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG