Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Дональд Трамп сапраўды хоча зьбіваць расейскія самалёты? Ці ЗША прайграюць, калі ён выйграе?

Максімюк: На гэтым тыдні адбылася вельмі важная падзея ў амэрыканскай палітыцы і, магчыма, таксама ў сусьветнай. З прэзыдэнцкай гонкі выйшлі два рэспубліканцы — сэнатар Тэд Круз і губэрнатар штату Агаё Джон Кэйсік.

Такім чынам мільярдэр Дональд Трамп застаўся адзіным прэтэндэнтам ад Рэспубліканскай партыі на намінацыю кандыдатам у прэзыдэнты ЗША. Гэта яшчэ на 100 адсоткаў не азначае, што ён стане такім кандыдатам у ліпені, на нацыянальным зьезьдзе партыі, але сёньня можна сказаць, што на 99% — Дональд Трамп мае рэспубліканскую намінацыю ў кішэні. Для безумоўнай падтрымкі зьезду гэтаму мільярдэру трэба заручыцца падтрымкай 1237 дэлегатаў. Пасьля апошняй перамогі на першасных выбарах у штаце Індыяна ён здабыў 1053 галасы.

Значыць, чалавек, чыя намінацыя яшчэ нядаўна ўспрымалася як кур’ёз, стаў практычна прэзыдэнцкім кандыдатам ад рэспубліканцаў.

Да гэтай пары аналітыкі і назіральнікі палітычнай сцэны ў ЗША стараліся вытлумачыць фэномэн папулярнасьці Трампа рознымі фактарамі, зьвязанымі ці то зь ягоным калярытным імпульсіўным характарам і мэдыяльным іміджам, ці то з эканамічна-псыхалягічнай сытуацыяй амэрыканскіх выбарцаў, ці то з папулярнасьцю папулістычнай рыторыкі наогул. Амаль ніхто не спрабаваў паглядзець на паводзіны Трампа як на загадзя сплянаваную і прадуманую выбарчую тактыку.

Давайце паглядзім на галоўныя пасылы палітычнага мэсыджу Трампа праз прызму іх эфэктыўнасьці, а не праз прызму іх наогул палітычна некарэктных фармулёвак.

Вось на хвалі тэрарыстычных атакаў з боку радыкальных ісламістаў Трамп выступіў з прапановай часова забараніць уезд у ЗША мусульманам, пакуль улады краіны, цытую, «не разьбяруцца, што адбываецца». Прапанова палітычна скандальная, і наўрад ці Трамп, калі б стаў прэзыдэнтам, наважыўся б яе ажыцьцяўляць, але яна, трэба прызнаць, патрапляе ў эмацыянальнае ўспрыманьне тэрарызму радыкальных ісламістаў шырокімі масамі ня толькі ў ЗША, дзе мела месца траўматычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар, але і ў краінах, дзе няма істотнай праслойкі мусульманскага насельніцтва. Другое. У сувязі з адчувальным пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў ЗША Трамп гаворыць аб рэзкім абмежаваньні наплыву імігрантаў у краіну. Зноў скандальная фармулёўка: ЗША, паводле Трампа, ператварыліся ў сьметніцу праблемаў іншых нацый. Ён пераводзіць стрэлкі канкрэтна на мэксыканцаў, праблема інтэграцыі якіх у амэрыканскае грамадзтва ўжо не гадамі, а дзесяцігодзьдзямі абмяркоўваецца амэрыканскімі сацыёлягамі.

І трэці прыклад мэсыджу Трампа, гэтым разам зьвязаны з замежнай палітыкай ЗША. Усім зразумела, што амэрыканцы стомленыя некаторымі выпадкамі ангажаванасьці сваёй краіны ў глябальную палітыку. Я маю тут на ўвазе перад усім Аўганістан і Ірак. Трамп, падкрэсьліваючы, што для яго важныя перш за ўсё амэрыканскія інтарэсы, прапануе абмежаваць ангажаванасьць сваёй краіны ў некаторыя глябальныя пытаньні, або прапануе вырашаць іх па-іншаму. Ну, напрыклад у сфэры адносінаў з Расеяй. Трамп сказаў у сваёй прамове аб зьнешняй палітыцы ў красавіку, што хоць Злучаныя Штаты і маюць «сур’ёзныя рознагалосьсі» з Расеяй, ён лічыць, што можна аслабіць існуючую напружанасьць з Масквой.

Адначасова, зьвярніце ўвагу на наступнае: заявіўшы, што пры яго прэзыдэнцтве Амэрыка будзе шукаць «агульныя падыходы з Расеяй і Кітаем на аснове агульных інтарэсаў», адносна інцыдэнтаў з расейскімі самалётамі над Балтыкай, Трамп сказаў, па-першае, што гэта «поўная непавага» да ЗША і да прэзыдэнта Абамы, а па-другое, што амэрыканцы павінны адкрыць агонь па самалётах, якія правакацыйна блізка пралятаюць каля амэрыканскіх ваенных караблёў. Прытым, Трамп зрабіў гэта ў сваім вельмі калярытным стылі. Цытую: «Звычайна Абама, назавем яго прэзыдэнтам, зрабіў бы пару званкоў. Абама мусіў патэлефанаваць Пуціну і сказаць: „Слухай, калі ласка, больш так не рабі“. Але ў нас няма такога прэзыдэнта. Ён недзе там гуляе ў гольф ці яшчэ нешта робіць, Але ў пэўны момант вы мусіце зрабіць штоcьці, вы проста ня можаце прыняць гэта. І калі гэта не спрацуе, у нейкі момант, калі гэты паразіт набліжаецца да вас, трэба страляць». Гэта ня можа не падабацца звычайнаму выбаршчыку, які ў такіх момантах ня думае, што магчымае зьбіцьцё расейскага самалёта можа выклікаць сур’ёзны глябальны канфлікт, а бачыць на экране свайго тэлевізара адно расейскі зьнішчальнік, які пралятае за некалькі дзясяткаў мэтраў ад амэрыканскага ваеннага карабля.

Мы калісьці ў «Трайным удары» гаварылі аб тым, што выбарчая рыторыка і палітычныя паводзіны Трампа вельмі нагадваюць рыторыку і паводзіны Аляксандра Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі 1994 году. І сышліся на тым, што калі б Трамп быў кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі і калі б ягоным супернікам быў не Аляксандар Лукашэнка, а нехта іншы, то беларусы выбралі б Трампа. Я не хачу сказаць гэтым, што выбарчыя паводзіны амэрыканцаў вельмі ўжо падобныя да паводзінаў беларусаў, але законы, так бы мовіць, палітычнага папулізму маюць усё ж унівэрсальны характар. І некаторыя палітыкі добра вывучылі гэтыя законы. Вось для мяне Дональд Трамп — прыклад такога палітыка, які, акрамя сваёй калярытнай асобы, прапануе амэрыканцам шматкроць апрабаваны набор папулістычных трукаў, якія аказваюцца эфэктыўнымі ў палітычнай кампаніі, але якія не абавязкова выконваць пасьля здабыцьця пажаданай пасады. І ніхто, як здаецца, не чакае выкананьня гэтых абяцаньняў ад яго. Уявіце сабе — Дональд Трамп становіцца прэзыдэнтам ЗША, і ўсе дэмакраты ў адзін голас крычаць: ну, Дональд, а цяпер зьбівай расейскія самалёты!

А што вы, калегі, думаеце пра палітычную тактыку Дональда Трампа? Гэта проста палітычная клаўнада або халодны разьлік?

Глод: Пра Трампа чаго толькі не пачуеш. Ён і такі, і гэтакі. І сапраўды ён не падобны на ўсіх іншых прэтэндэнтаў, што з адной амэрыканскай партыі, што з другой. Але чамусьці за яго галасуюць. Значыць, Трамп ня толькі эксцэнтрык, якога некаторыя параўноўваюць з Жырыноўскім і Лукашэнкам. Чымсьці ж ён амэрыканцам падабаецца. Чым? Можа, такой вось адкрытасьцю, шчырасьцю якой не хапае іншым удзельнікам прэзыдэнцкай гонкі?

Па-другое, бачна пэўная разбалянсаванасьць звычайнай амэрыканскай выбарчай кампаніі. Нешта мне не памятаецца, каб некаторыя ўплывовыя чальцы той самай партыі — Рэспубліканскай — выступалі так рэзка супраць свайго аднапартыйца. Тут можна згадаць і кіраўніка ніжняй палаты Кангрэсу ЗША, і абодвух Бушаў. Нейкі нечаканы падзел у істэблішмэнце адной партыі. Можа, тут можна казаць пра нейкі крызіс унутры Рэспубліканскай партыі? Але калі гэта і крызіс, то, як сьведчыць амэрыканская гісторыя, ён чарговы раз будзе пасьпяхова пераадолены.

Я дапускаю, што Трамп зможа перамагчы і кандыдата ад Дэмакратычнай партыі і стаць прэзыдэнтам ЗША. Гэтага некаторыя вельмі палохаюцца. Але ж ужо колькі разоў мы бачылі, што чалавек, які станавіўся прэзыдэнтам, надалей паводзіў сябе зусім ня так радыкальна, як падчас выбарчай кампаніі.

І самае, на мой погляд, галоўнае, чаму ні амэрыканцам, ні насельніцтву любой іншай краіны сьвету ня трэба баяцца перамогі мільярдэра на прэзыдэнцкіх выбарах. У адрозьненьне ад Беларусі ці Расеі там прэзыдэнт ніколі ня стане дыктатарам. Нават калі ён эксцэнтрык паводле сваёй натуры. У ЗША існуе моцная сыстэма стрымліваньня кіраўніка дзяржавы. Гэта — Кангрэс, чальцы якога абіраюцца, а не прызначаюцца. І гэта — незалежны Вярхоўны суд. Такая сыстэма ніколі не дазволіць аднаму чалавеку, нават самаму галоўнаму ў краіне, падмяць пад сябе ўсе галіны ўлады і ўсіх астатніх палітыкаў.

Грузьдзіловіч: Трамп цяпер падобны на Лукашэнку і Жырыноўскага, але ўсё больш на Жырыноўскага. Гэта аб’ектыўна і добра, бо як яму яшчэ змагацца за галасы выбаршчыкаў, як не такой эпатажнай манерай. Амэрыканскія выбаршчыкі прызвычаіліся як ніхто да таго, што яны бачаць на экране тэлевізара. За што яго любяць? Ён аказаўся вельмі знаходлівым, дасьціпным. Заўважце, як ён літаральна ўчора заявіў пра тое, што больш не засталося канкурэнтаў сярод рэспубліканцаў. Ён сказаў: вельмі шкада, было ж так цікава, такі быў адрэналін ад гэтай барацьбы! Думаю, што такі жарцік вельмі спадабаўся ўсім тэлегледачам, якія яшчэ думаюць, галасаваць за яго ці не. Таму апытаньні сацыялягічныя, якія паказваюць, што Трамп не пераможа на агульных выбарах, мне падаюцца папярэднімі і неканчатковымі. Бо нават на апошніх выбарах у Вірджыніі пры прагнозе, што яго перавага будзе невялікая, ён атрымаў нашмат больш.

Трамп вельмі ўдала карэктуе сваю пазыцыю. Заява наконт зьбіцьця расейскіх самалётаў была карэкціроўкай таго, што ён раней казаў, што «мы з Расеяй будзем сябраваць». Цяпер ён паказаў, што авансам ён сяброўства Амэрыкі нікому раздаваць ня будзе. Ягоная апэляцыя да эканамічных праблем у Вірджыніі, штаце, дзе было шмат вугальнай прамысловасьці, якая апошнія гады вельмі пацярпела ад палітыкі Абамы — выдатны прыклад выкарыстаньня праблем штату для сваёй палітыкі.

Яму зручна выкарыстоўваць сучасную сытуацыю, бо на тле палітыкі Абамы можна перамагчы каму заўгодна. Які пункт ні вазьмі, Абама сапраўды аказаўся вельмі слабым прэзыдэнтам. Калі ў першую кадэнцыю ў гэтым былі сумненьні, то цяпер гэта відавочна, і міжнародна, і ўнутрана.

Магчыма, што Трамп зможа перамагчы на агульных выбарах. Але радыкальныя выказваньні наконт людзей другога колеру скуры, мігрантаў з Мэксыкі могуць так моцна разбалянсаваць сытуацыю, што цяжка давядзецца эканоміцы ўсяго сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG