Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску «рэкамэндавана» не выкарыстоўваць георгіеўскай стужкі ў Дзень перамогі


Бабруйскі гарвыканкам «рэкамэндаваў» арганізатарам аўтапрабегу да Дня перамогі «Спасибо деду за Победу» не выкарыстоўваць георгіеўскіх стужак і расейскай сымболікі. Згадка пра гэта апублікаваная ў сацыяльнай сетцы «В контакте» арганізатарамі аўтапрабегу на старонцы групы «Аўтаканал Бабруйск».

Арганізатары заяўляюць, што афіцыйна забароны выкарыстоўваць георгіеўскую стужку і расейскую сымболіку ўдзельнікамі аўтапрабегу няма, але «ёсьць рэкамэндацыя».

«Мы чэсна кажучы не ўдакладнялі пытаньня чаму яны гэтага ня хочуць. Мы чулі, што яшчэ летась адміністрацыя адмовілася ад георгіеўскай стужкі, — камэнтуе сытуацыю адзін з арганізатараў аўтапрабегу. — Мы не хацелі канфлікту з уладаю і пагадзіліся зь ёю».

Суразмоўца заўважае, што «рэкамэндацыя» чыноўнікаў вымусіла арганізатараў аўтапрабегу зазірнуць у гісторыю георгіеўскай стужкі і яе выкарыстаньня як сымбаля перамогі.

Мы не хацелі канфлікту з уладаю і пагадзіліся зь ёю.


«Яшчэ дзесяць год таму сымбалем перамогі быў чырвоны колер і асабліва ніхто не выкарыстоўваў у якасьці сымбаля памяці георгіеўскую стужку. Для сябе мы пастанавілі, што якім будзе сымбаль — для нас неістотна: галоўнае павіншаваць вэтэранаў, наведаць помнікі і данесьці да маладога пакаленьня гісторыю пра перамогу. А георгіеўская стужка, як сымбаль, прыйшла да нас толькі дзесяць год таму».

Вэтэран вайны, літаратар Фэлікс Шкірманкоў мае ўзнагароды з георгіеўскай (гвардзейскай) стужкай, у тым ліку на мэдалі за «Перамогу над фашысцкай Нямеччынай». Даводзячы сваё цяперашняе стаўленьне да гэтага сымбалю, адзначае: ён стаў сымбалем расейскіх імпэрскіх памкненьняў. «Я разумею ўкраінцаў ці грамадзян краін Балтыі, якія ў штыкі ўспрымаюць ўсё, што сыходзіць з Расеі, — кажа вэтэран. — У іх ёсьць на тое грунтоўныя прычыны. Да Беларусі ж Расея пакуль падыходзіць асьцярожна...».

Фэлікс Шкірманкоў

Фэлікс Шкірманкоў

На пытаньне, якія мусяць быць сымбалі перамогі ў Беларусі, Фэлікс Шкірманкоў адказвае:

«Прыйдзе час, калі ў Беларусі сымбалямі перамогі стане бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Да сёньняшніх дзяржаўных сымбаляў, я, як законапаслухмяны грамадзянін, стаўлюся з павагаю, але не ўспрымаю іх за сапраўдныя. Яны — прыдумка тых, каму ніякай няма справы да гісторыі нашага народу і яго каштоўнасьцяў. Разам з тым гісторыя сьцьвярджае, што перамога над фашызмам была дасягнутая пад чырвоным сьцягам і на грудзёх салдат былі ордэны славы з гвардзейскай стужкай. Гэта, аднак, ня значыць, што такая сымболіка мусіць застацца, бо Савецкага Саюзу ўжо няма, і разам зь ім зьнікла і ягоная сымболіка».

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў нагадвае, што негалосную забарону выкарыстоўваць георгіеўскую стужку пад час урачыстасьцяў да Дня перамогі ўвялі летась. На ягоную думку, цяпер такой сымболікі значна паменела:

«За прамінулы год «Русский мир» зубы паказаў яшчэ больш, і цяпер «нам з «Русским миром» не па дарозе, бо ў Расеі «грошы скончыліся». «Цяпер мы не сябры «Русского мира» і «на «пабягушках бегаць ня будзем», таму зьнікаюць і георгіеўскія стужкі, — выказваецца кіраўнік ТБМ. — Зьвярніце ўвагу, што прадавачкі, супрацоўнікі мэтро і чыгункі пачапілі афіцыйную сымболіку зь яблыневым цьветам — і нічога сабе глядзіцца. Я да прадавачкі падышоў і пацікавіўся, ці бясплатна гэта вам далі, а яна мне адказвае: «Змусілі купіць».

Я пацікавіўся, ці бясплатна далі прадавачцы сымболіку зь яблыневым цьветам, а яна мне: «Змусілі купіць»


На думку суразмоўцы, чыноўнікі, забараняючы георгіеўскую стужку, выконваюць загады «зьверху», пры гэтым не асабліва ўсьведамляючы пагрозаў, якія нясе гэты сымбаль дзяржаўнасьці Беларусі:

«Яны выконваюць загады адміністрацыі прэзыдэнта. Загадаюць ім сінюю стужку насіць — і назаўтра ўсе яе будуць насіць. Я ня думаю, што яны такія ўжо змагары за дзяржаўнасьць. А загад „зьверху“ яны разумеюць. Ня выканаеш — і прэміі пазбудзесься, як мінімум. А з другога боку, гэты яблыневы цьвет куды прыгажэй глядзіцца, ды й людзям падабаецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG