Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна: стронцый у малацэ з фэрмы пад Хойнікамі не перавышае норму


Праведзена праверка на фэрме, дзе журналісты знайшлі радыеактыўнае малако.

Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС заявіў, што ў малацэ фэрмэрскай гаспадаркі «Родны шлях» (Хойніцкі раён, Гомельская вобласьць) нормы ўтрыманьня радыенуклідаў не перавышаныя.

Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік упраўленьня рэабілітацыі пацярпелых тэрыторыяў дэпартамэнту Дзьмітры Паўлаў.

Паводле пратаколу выпрабаваньняў Хойніцкай вэтстанцыі, якія былі праведзеныя з 27 красавіка па 6 траўня, фактычнае ўтрыманьне стронцыю-90 у малацэ склала 1,91±0,53 Бк/кг пры норме ня больш як 3,7 Бк/кг. Памер партыі, зь якой было адабрана тры літры малака для выпрабаваньняў, складаў 421 кіляграм.

Паводле Паўлава, малако адпавядае нормам па ўтрыманьні стронцыю-90.

Пасьля публікацыі агенцтва Аssociated Press аб перавышэньні радыяцыйных нормаў у малацэ фэрмэрскай гаспадаркі, разьмешчанай недалёка ад чарнобыльскай зоны, Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС ініцыяваў праверку.

Агенцтва паведаміла, што малако з фэрмы ў Хойніцкім раёне, якое паступае на гомельскае прадпрыемства «Мілкавіта», праверылі на радыенукліды ў Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі і выявілі ў ім дзесяцікротнае перавышэньне нормы ўтрыманьня стронцыю-90.

Пазьней у Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі гэтыя дадзеныя абверглі. Там заявілі, што па ўтрыманьні цэзію-137 малако адпавядала норме, а вымярэньне на стронцый-90 не праводзілася.

XS
SM
MD
LG