Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Георгіеўская стужка ва Ўзбэкістане — «пагроза дарожнай бясьпецы»


Жыхарам Узбэкістану прапануюць выкарыстоўваць стужачкі колеру ўзбэцкага сьцяга замест «георгіеўскіх стужак», якія лічацца ў Расеі сымбалем перамогі ў Другой сусьветнай вайне і ўваходзяць у традыцыю ў некаторых суседніх рэспубліках.

У «Азадлік» (Узбэцкую рэдакцыю Радыё Свабода) зьвярнуўся жыхар Ташкенту Маруфжон і адправіў рэпартэрам фатаграфію, на якой намаляваная «георгіеўская стужка», павешаная на люстэрка ягонага аўтамабіля.

Суразмоўца паскардзіўся, што напярэдадні супрацоўнікі міліцыі, якія спынілі яго машыну, загадалі яму зьняць з люстэрка «георгіеўскую стужку».

«Нарад міліцыі спыняе кожны аўтамабіль, у салёне якога павязана „георгіеўская стужка“. Затым кіроўцам загадваюць прыбраць стужкі. Калі я спытаўся ў іх, навошта гэта трэба, яны мне заявілі: „Гэта пагроза дарожнай бясьпецы і перашкаджае кіраваньню аўтамабілем“. Я зразумеў, што задаваць ім лішнія пытаньні ня варта. Маю машыну правяраў адзін лейтэнант, ззаду стаялі яшчэ чатыры міліцыянты», — кажа Маруфжон.

Стужачку ён некалькі дзён таму ўзяў у амбасадзе Расеі, каб прывязаць яе ў салёне свайго аўтамабіля да люстэрка.

Як паведамляе інтэрнэт-выданьне Uzmetronom, першае паведамленьне пра дзеяньні супрацоўнікаў службы дарожнага руху Ўзбэкістану, якія вымушаюць кіроўцаў здымаць «георгіеўскія стужкі», паступіла 4 траўня сёлета.

«У прыватнасьці, нам патэлефанаваў вэтэран працы, які ехаў па Ташкенце на матаролеры, і распавёў, што супрацоўнікі міліцыі вымусілі яго зьняць „георгіеўскую стужку“. На пытаньне кіроўцы, хто канкрэтна забараніў стужкі або якім нарматыўным дакумэнтам рэглямэнтаваная гэтая забарона, пэнсіянэр адказу не атрымаў. Міліцыянты проста заявілі яму: „Не паложана“», — піша выданьне.

Мяркуючы па тым, што на дарозе, дзе спынілі вэтэрана працы, стаялі пяць супрацоўнікаў у форме МУС, гэты інцыдэнт нельга кваліфікаваць як асабістую ініцыятыву аднаго зь іх, піша інтэрнэт-выданьне.

«Разам з тым рэдакцыя Uzmetronom дапускае, што вусная, але ад таго ня менш катэгарычная, забарона на „георгіеўскія стужкі“, якія сымбалізуюць памяць народа аб найвялікшай трагедыі ХХ стагодзьдзя, хтосьці з чыноўнікаў сапраўды прызнаў „неадпаведнымі“ духу, гісторыі і мэнталітэту ўзбэцкага народа», — піша Uzmetronom.

Тым часам, на гэтым тыдні амбасада Расеі ў Ташкенце пачала акцыю па бясплатнай раздачы «георгіеўскіх стужак».

Як паведаміла прэсавая служба амбасады, «кожны жадаючы можа атрымаць „георгіеўскія стужкі“ абсалютна бясплатна каля брамы амбасады ў Ташкенце».

Згодна з паведамленьнем расейскай амбасады, «галоўнай мэтай акцыі зьяўляецца імкненьне ня даць забыцца новым пакаленьням, хто і якім коштам выйграў самую страшэнную вайну ХХ стагодзьдзя».

Як кажа крыніца «Азадліку» у праваахоўных структурах Ташкенту, існуе ўказаньне «зьверху», згодна зь якім нельга дапускаць нашэньне «георгіеўскіх стужак» і правядзеньне іншых «недазволеных» мерапрыемстваў.

«Падчас ранішняга разводу асабістаму складу падрабязна тлумачаць пра гэта. Нам сказалі, што трэба прыбіраць стужкі, якія перашкаджаюць бясьпецы дарожнага руху. Але сказалі, што рабіць гэта трэба вельмі ветліва, не штрафуючы кіроўцаў», — кажа крыніца.

Ва Ўзбэкістане да акцыі «Георгіеўская стужка» ставяцца па-рознаму.

Група гісторыкаў на чале з Анварам Назіравым і Шухратам Барлосам зьвярнулася зь лістом у Міністэрства ўнутраных спраў Узбэкістану і мэрыю гораду Ташкенту з патрабаваньнем забараніць раздачу і нашэньне «георгіеўскіх стужак».

У гутарцы з рэпарцёрам «Азадлік» Шухрат Барлос заявіў, што гэтая стужка зьяўляецца «увасабленьнем расейскага імпэрыялізму»:

— Мы ня супраць, калі гэтая стужка зьяўляецца сымбалем для Расеі, але для Ўзбэкістану гэта не падыходзіць. Гэтаму ёсьць гістарычная прычына. Падчас калянізацыі нашай Радзімы царскай Расеяй многія генэралы і афіцэры былі ўзнагароджаны ордэнам і стужкай сьвятога Георгія, заснаваных Кацярынай II 26 лістапада 1769 году. На мэдалях, заснаваных спэцыяльна для генэралаў і афіцэраў арміі калянізатараў, былі ўпісаны назвы нашых гарадоў, захопленых шляхам зьнішчэньня мясцовага насельніцтва, і да гэтых мэдалёў былі прымацаваныя стужкі ордэна сьвятога Георгія. Нашэньне гэтых стужак, якія зьяўляюцца ўвасабленьнем расейскага імпэрыялізму ў гады незалежнасьці Ўзбэкістану, як лічыцца, як мінімум, абразай духу нашых прадзедаў, якія памерлі ад рук захопнікаў з царскай Расеі.

Летась Міністэрства абароны Ўзбэкістану заклікала адмовіцца ад «георгіеўскіх стужак» і выкарыстоўваць замест іх дзяржаўныя сымбалі Ўзбэкістану.

XS
SM
MD
LG