Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь працягваюць пераяжджаць украінцы. Паболела і сырыйцаў, якія імкнуцца атрымаць статус уцекачоў


Ад пачатку збройнага канфлікту ва Ўкраіне ў Беларусь пераехала 150 тысяч украінскіх грамадзян. Дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі (на год і больш) маюць 47 тысяч украінцаў. Беларускія міграцыйныя службы адзначаюць і павелічэньне зваротаў грамадзянаў Сырыі, Емену, Іраку на атрыманьне статусу ўцекачоў. Але ў параўнаньні з краінамі Эўразьвязу лічбы тут мізэрныя — прыкладна 100 грамадзянаў у год з гарачых кропак хочуць атрымаць статус уцекача ў Беларусі.

Такія лічбы прывёў начальнік аддзелу па пытаньнях уцекачоў і прытулку Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Сяргей Касінскі.

«У Беларусі існуюць дзьве формы абароны: статус уцекача і дадатковая абарона. Статус уцекача атрымаць даволі цяжка. Прычым адна з абавязковых умоваў — індывідуальны перасьлед. А вось статус дадатковай абароны атрымаць лягчэй — сюды падпадаюць ахвяры збройных канфліктаў. У 2014 годзе, калі пачаўся канфлікт ва Ўкраіне, па статус дадатковай абароны зьвярнуліся 900 чалавек, у 2015-м — 1200, у першым квартале 2016 году — 200 чалавек», — кажа супрацоўнік міграцыйнай службы.

Нягледзячы на тое, што быццам бы дзейнічаюць Менскія пагадненьні, паток перасяленцаў працягваецца, хоць і крыху зьменшыўся. Грамадзяне, якія прыехалі з Данецкай і Луганскай абласьцей, гарантавана атрымліваюць статус дадатковай абароны, бо МУС Беларусі лічыць іх ахвярамі збройнага канфлікту. Дадатковая абарона даецца на 1 год, але з правам працягу, калі сытуацыя не зьмянілася, распавёў прадстаўнік МУС Сяргей Касінскі:

«Пакуль мы лічым, што сытуацыя ва Ўкраіне не зьмянілася, яна не палепшылася, нягледзячы на Менскія пагадненьні. Таму статус дадатковай абароны мы па-ранейшаму ўкраінцам падаўжаем. Ёсьць людзі, якія самастойна вяртаюцца, але гэта нязначная частка».

Многія ўкраінцы, якія пераехалі ў Беларусь, пазнаходзілі тут працу, паперавозілі семʼі. Так, амаль два гады таму з Луганскай вобласьці ў Мсьціслаў прыехаў анколяг-хірург Канстанцін Мяркулаў з жонкай і двума малымі дзецьмі. Працуе ў мясцовым шпіталі, дзе раней не было спэцыяліста ягонага профілю. Паколькі горад зацікаўлены ў такім адмыслоўцы, Мяркулаву выдзелілі двухпакаёўку. Абжыцца на новым месцы дапамагалі ўсе — шпіталь, райвыканкам, жылкамунгас, Чырвоны Крыж. Мяркулаў — спэцыяліст высокага клясу, на кансультацыі да яго прыяжджаюць з Магілёва і іншых гарадоў.

Але прыяжджаюць і іншыя перасяленцы з Украіны, якія ня вельмі імкнуцца працаваць, а разьлічваюць толькі на дапамогу беларускіх уладаў.

На пытаньне Радыё Свабода, ці не ствараюць перасяленцы праблемы беларускім праваахоўным органам, начальнік аддзелу па пытаньнях уцекачоў і прытулку Дэпартамэнту грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Сяргей Касінскі адказаў так:

«Часам бывае.

Мне падаецца, у жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей крыху іншы мэнталітэт, яны не настолькі законапаслухмяныя, як грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Але ў асноўным яны зьдзяйсьняюць адміністрацыйныя правапарушэньні, ня вельмі значныя: пераходзяць вуліцу на чырвонае сьвятло, парушаюць хуткасны рэжым. Калі яны зьдзяйсняюць некалькі правапарушэньняў, мы можам ставіць пытаньне аб выдварэньні ў сваю краіну. Але гэта ня тычыцца людзей з дадатковай абаронай. Калі чалавек атрымаў статус дадатковай абароны, мы ня можам яго выдварыць. Не магу цяпер назваць дакладную лічбу, колькі чалавек выдварылі, але дзесьці парадку дзясятка чалавек».

Што да грамадзянаў іншых краінаў, якія зьвяртаюцца па статус уцекача ці дадатковую абарону, то ў апошнія пару год паболела зваротаў сырыйцаў, грамадзянаў Емэну, Іраку. Пастаянны паток хадайніцтваў сырыйцаў беларускія міграцыйныя службы заўважаюць з 2013 году. Да 2013 году па статус уцекача і дадатковую абарону зьвярталася да 150 чалавек у год. У 2013 годзе было ўжо 200 — з-за таго, што зьявіліся ўцекачы з Сырыі.

«У асноўным гэта маладыя людзі, якія вучыліся ў беларускіх ВНУ і ня хочуць вяртацца, а таксама семʼі, дзе муж сырыец, а жонка беларуска. Зьявіліся ўцекачы зь Емэну, дзе пачалася грамадзянская вайна. Такім чынам, у год прыкладна 100 грамадзянаў Сырыі, Емэну, Іраку зьвяртаюцца, каб атрымаць статус уцекача. У апошнія 3 гады лічбы прыкладна аднолькавыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG