Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі павялічыліся. Пасьля 2 гадоў падзеньня


За красавік золатавалютных рэзэрваў стала больш на 37,1 млн даляраў, альбо на 0,9%.

Паводле зьвестак Нацбанку, золатавалютныя рэзэрвы Беларусі на 1 траўня склалі 4 млрд 228,5 млн даляраў у эквіваленце, што на 37,1 млн даляраў (і 0,9%) больш, чым месяц таму.

Золатавалютныя рэзэрвы патроху падвышаюцца ўжо трэці месяц запар, да таго зь лістапада 2015 году па люты 2016-га яны падалі. У доўгатэрміновай пэрспэктыве золатавалютныя рэзэрвы Беларусі падаюць ад сярэдзіны 2013 году, калі на піку яны складалі 8 млрд даляраў — і з таго часу зьменшыліся амаль удвая.

У лютым Нацбанк тлумачыў, што на зьніжэньне абʼёму золатавалютных рэзэрваў паўплывала пагашэньне ўрадам і Нацбанкам зьнешніх і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце. Цяперашні рост Нацбанк тлумачыць паступленьнем сродкаў ад продажу аблігацыяў у нацыянальнай валюце Нацбанкам і Мінфінам, купляй нацыянальнай валюты Нацбанкам на біржы і паступленьнямі ад экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты.

25 сакавіка Мінфін Беларусі і Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця дамовіліся пра выдачу Беларусі крэдыту ў памеры 2 млрд даляраў. Крэдыт будуць выдаваць траншамі да 2018 году. Першы атрыманы транш склаў паўмільярда. Беларусь таксама спадзяецца на разьмяшчэньне эўрабондаў на 1 млрд даляраў і новы крэдыт МВФ.

XS
SM
MD
LG