Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прыведзены ў выкананьне чарговы сьмяротны прысуд


6 траўня стала вядома пра выкананьне сьмяротнага прысуду адносна жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова. У сакавіку 2015 году ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны і прыгавораны да расстрэлу.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда паведаміў агенцтву БелаПАН, што Іванова вывелі з камэры СІЗА № 1 Менска ў ноч з 17 на 18 красавіка. Пра тое, што сьмяротны прысуд прыведзены ў выкананьне, сваякам паведамілі пасьля 1 траўня.

«Найбліжэйшым часам яны павінны забраць пасьведчаньне аб сьмерці. Асабістыя рэчы асуджанага пакуль не вярнулі», — адзначыў праваабаронца.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, сваякам не выдаюць цела асуджанага, а таксама не паведамляюць пра месца яго пахаваньня.

Вядома, што Іваноў зьвяртаўся з прашэньнем аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі і накіроўваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Адказ зь міжнароднай структуры пакуль не паступаў. Нягледзячы на гэта, прысуд прыведзены ў выкананьне.

Зараз у «калідоры сьмерці» у СІЗА № 1 знаходзяцца тры чалавекі, прыгавораныя да выключнай меры пакараньня: Іван Кулеш (жорсткае забойства трох чалавек), Генадзь Якавіцкі (жорсткае забойства аднаго чалавека), Сяргей Хмялеўскі (жорсткае забойства трох чалавек).

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе і на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу ўжываецца сьмяротнае пакараньне. З 1991 году да расстрэлу прыгаворана больш за 400 чалавек, Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG