Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

World Food Program: У сьвеце патаньнелі харчы, перадусім цукар і малако


Індэкс харчовых цэн у сярэднім на 10 працэнтаў ніжэйшы, чым летась.

Сёньня апублікаваная чарговая штомесячная справаздача Харчовай праграмы ААН (World Food Program). Сярэдні індэкс харчовых цэнаў у красавіку заставаўся на 10 працэнтаў ніжэйшым, чым у красавіку 2015 году.

Зафіксаванае зьніжэньне цэн перадусім на цукар і малако. Паводле Праграмы, на каціроўкі малочнай прадукцыі па-ранейшаму аказвае ўплыў дастатковая прапанова ад традыцыйных імпарцёраў. Цэны зьніжаліся на ўсе віды малочнай прадукцыі, але перадусім масла і сыр, што тлумачыцца накапленьнем запасаў.

Сёлетняе зьніжэньне цэн на цукар тлумачыцца таксама вялікімі экспартнымі запасамі ў Бразіліі, а таксама высокім ураджаем.

Індэкс цэн на зернавыя застаецца на 10 працэнтаў ніжэйшым за адпаведны пэрыяд летась. Больш за ўсё вырасьлі каціроўкі кукурузы, што тлумачыцца аслабленьнем курсу даляра, а таксама наступствам бурнага росту цэн на алеі. Цэны на рыс нязначна зьнізіліся.

Цэны на мяса птушкі і сьвініну заставаліся стабільнымі, што сьведчыць пра збалансаванасьць попыту і прапановы. У красавіку яны крыху вырасьлі ў параўнаньні з сакавіком (на 1,2 пункты), але па-ранейшаму застаюцца на 12 пунктаў ніжэй за леташнія.

Індэкс цэнаў на алеі склаў у красавіку 166 пунктаў (летась 147). Рост у красавіку тлумачыцца ростам цэнаў на пальмавы алей з-за неспрыяльных прагнозаў на ўраджай і вялікага попыту. Міжнародныя цэны на соевы алей, які мае другі па значнасьці вагавы каэфіцыент на рынку, таксама заставаліся стабільнымі з-а дрэнных прагнозаў на ўраджай у Паўднёвай Амэрыцы.

Індэкс сусьветных цэнаў на прадукты вылічваецца на аснове цэн у розных краінах на пяць асноўных груп тавараў: збожжа, мяса, малочныя прадукты, алей і цукар. Як адзначае арганізацыя, індэкс зьніжаецца ўжо пяты год запар.


Ці адлюстроўваюцца гэтыя тэндэнцыі ў Беларусі — рыхтуем сваё дасьледаваньне.

XS
SM
MD
LG