Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым пагражае Беларусі разьмяшчэньне трох новых дывізій у заходняй ваеннай акрузе Расеі?


Расейскі салдат з расейскімі сымбалямі. Шклоў, архіўнае фота

Расейскі салдат з расейскімі сымбалямі. Шклоў, архіўнае фота

Грузьдзіловіч: Найперш заўважу, што тры дывізіі на заходнім кірунку і адна ў Паўднёвай акрузе ня будуць перакінутыя з Уралу ці яшчэ адкуль, а іх сфармуюць з нуля, то бок расейскае войска, якое і без таго найвялікшае ў Эўропе, прырасьце яшчэ 4 дывізіямі. А гэта прыкладна 30 тысяч вайскоўцаў — войска, сувымернае сухапутным сілам Беларусі, не кажучы ўжо пра сярэдніх памераў эўрапейскую краіну. І гэтая армада будзе разьмешчаная блізу беларускіх межаў у дадатак да тых сілаў, якія ужо тут былі і якія зьбіраліся перакінуць паводле ранейшых плянаў.

А варта сказаць, што яшчэ не пра усе падобныя пляны вядома. Нядаўна ў інтэрнэце зьявіліся зьвесткі пра вайсковую частку з Уралу, якую перакідваюць ў Бранскую вобласьць блізка ад стыку Расеі, Украіны і Беларусі. Будзе пабудаваны вайсковы гарадок, нават басэйн пабудуюць. Вось такі красамоўны прыклад, што на беларуска-расейскім памежжы адбываецца акрамя публічных заяваў. Такім чынам варта казаць, што побач з Беларусьсю зноў зьнікае своеасаблівая лінія — можна назваць яе «лініяй Шойгу» ці «лініяй Пуціна» — якая цалкам мяняе, на маю думку, ваенную сытуацыю ва Ўсходняй Эўропе. Адначасова павялічваецца прысутнасьць войск НАТА ў Польшчы і Прыбалтыцы, і такім чынам Беларусь аказваецца ў цісках — паміж двума вайсковымі гігантамі, адносіны якіх імкліва пагаршаюцца.

Беларусь ёсьць вайсковым хаўрусьнікам Расеі і ў выпадку сапраўднага канфлікту паміж Расеяй і НАТА ня зможа схавацца за нэўтралітэт, а будзе ваяваць

Прычым Беларусь ёсьць вайсковым хаўрусьнікам Расеі і ў выпадку сапраўднага канфлікту паміж Расеяй і НАТА ня зможа схавацца за нэўтралітэт, а будзе ваяваць. Нам гэта трэба? Ня думаю, але бачу, што вось гэтай рэальнай пагрозай беларусы разьлічаваюцца за тое, што ўжо даўно саступілі свой вайсковы сувэрэнітэт Расеі. Дарэчы, гэтае разьмяшчэньне дадатковых значных сілаў Расеі побач з Беларусьсю, на маю думку, азначае поўны крах вайсковай дактрыны Беларусі, якая цяпер ўдасканальваецца. Бо ў ёй асноўнай пагрозай лічыцца ўжо ня столькі зьнешняя агрэсія, колькі унутраныя праблемы, якія нібыта справакуюць зьнешнія сілы. Але цяпер зноў менавіта зьнешняя пагроза становіцца асноўнай. Беларусь нібыта аказваецца на нэўтральнай паласе паміж Расеяй і Эўропай, але гістарычны досьвед паказвае, што рана ці пазьней адзін з варагуючых бакоў у такой сытуацыі ў нейкі момант займае нэўтральную паласу і тады як раз пачынаецца сапраўдная вайна.

Цяпер колькі словаў пра тое, як можа на гэта адказаць Лукашэнка. Па вялікім рахунку — ніяк. Сваіх новых дывізій ён не сфармуе, бо няма з чаго і няма за што. Ды і разьмясьціць іх на ўсходзе ён ня зможа, хоць зразумела, што яны менавіта там патрэбны, а на захадзе — ня мае сэнсу, бо Лукашэнка рэальна ўсьведамляе, што першым НАТА не нападзе, і ўвогуле не нападзе, калі Расея не справакуе. То бок супрацьдзеяньні беларускага боку будуць вельмі і вельмі прыхаванымі. Лукашэнка яўна ўключыцца ў прапагандысцкую рыторыку наконт пагрозы НАТА, якую раздзьмухвае расейская прапаганда, будзе ім паддакваць, але трымаць вуха востра. Магчыма, каго заменіць з вайсковых кіраўнікоў, каго западозрыць ў двурушніцтве, узмацніць нейкія тайныя дзеяньні. Але дыпляматычных захадаў ня будзе, тым больш вайсковых.

Навумчык: Тое, што зараз адбываецца — гэта плата за ўдзел Беларусі ў Дамове аб калектыўнай бясьпецы СНД. Між іншым, падпісаньне дамовы зьдзейсьніў не Лукашэнка, а не хто іншы, як Станіслаў Шушкевіч у 94-м годзе, нягледзячы на пратэсты апазыцыі БНФ. Гэтая дамова фактычна ўцягнула Беларусь у арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі. Доўгі час, цягам амаль 20-і гадоў, пасьля распаду СССР, на адлегласьці ад Воршы да Масквы не было ніводнай расейскай дывізіі. Стаяў толькі крамлёўскі полк. Гэта была сытуацыя 1941-га ці 1812-га году. Гісторыкі абсалютна дакладна кажуць, што ў 41-м годзе прасоўваньне Гітлера да Масквы ў значнай ступені было замаруджана вялізнымі ахвярамі Чырвонай Арміі, але і тым, што не было дарог.

Масква ўжо не давярае афіцыйнаму Менску, як раней, і вымушаная ствараць свае групоўкі на сваіх заходніх межах

Калі смаленская дарога адпавядала б таму, як было намалявана на мапе, дык гітлераўскія танкі, Гудэрыяна і Бока, маглі б ужо ў верасьні ўзяць Маскву. Але яны патаналі ў восеньскім бездарожжы, і шчасьце Крамля цяперашняе, што сытуацыя з дарогамі няшмат палепшылася. Калі б, скажам, НАТА, сунула свае танкі на Маскву, дык яны б маглі не дайсьці толькі па адной прычыне — завязьлі б у расейскім брудзе. Гэта ўсё мэтафары. А рэальнасьць у тым, што ўсе гэтыя гады Масква была добра прыкрытая — у савецкія часы Чырвонасьцяжнай беларускай ваеннай акругай, вельмі моцнай танкавай групоўкай, была і ядзерная зброя, а ў апошнія 20 гадоў фактычна беларускае войска выконвала ролю расейскага фарпосту на заходнім накірунку. Выглядае, што сапраўды, недалёкі ад ісьціны Алег Грузьдзіловіч, калі кажа, што Масква ўжо не давярае афіцыйнаму Менску, як раней, і вымушаная ствараць свае групоўкі на сваіх заходніх межах. Гэта нясе вельмі вялікую пагрозу для Беларусі.

Глод: Алег Грузьдзіловіч казаў пра магчымую рэакцыю Лукашэнкі менавіта ў вайсковым пляне, што ён можа, а што ня можа зрабіць у падвышэньні колькасьці і якасьці беларускага войска. А я хацеў бы паразважаць пра магчымую рэакцыю Лукашэнкі ў публічным і дыпляматычным рэчышчы.

Мне падаецца, што ён ня будзе сьпяшацца з публічным выказваньнем свайго стаўленьня да гэтага. Зараз яму гэта не з рукі. Што б ён не сказаў, гэта не спадабаецца ці Крамлю, ці НАТА. Таму, я думаю, ён будзе цягнуць час. А калі адмоўчвацца ужо стане болей немагчымым, праўдападобна будзе казаць пра тое, што існуе Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі. І таму разьмяшчэньне расейскіх дывізіяў не супярэчыць канцэпцыі гэтай так званай Саюзнай дзяржавы, а будзе яе абараняць. Той самай Саюзнай дзяржавы, якая дагэтуль так і ня стала афіцыйным суб’ектам міжнароднага права, то бок афіцыйна нікім не прызнаная. А таксама будзе казаць, што гэта не агрэсіўны крок, а крок у адказ на разгортваньне сілаў НАТА на мяжы Саюзнай дзяржавы, згадваючы польскае і балтыйскія войскі.

маюць рацыю тыя аналітыкі, якія кажуць, што ўжо даўно насьпела пытаньне аб падрыхтоўцы і заключэньні новай дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе

Алег казаў, што актыўнасьць вайсковых адзінак будзе нарастаць з абодвух бакоў. На мой погляд, сытуацыя складаецца вельмі сур’ёзная. Я сёньня праглядаў вайсковую інфармацыю ў інтэрнэце. І адразу заўважыў паведамленьне прэсавай службы Пэнтагону. У ім адзначаецца, што новы галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Эўропе генэрал Керціс Скапароці заклікаў альянс рыхтавацца да барацьбы з «Расеяй, якая адраджаецца і імкнецца паказаць сябе ў якасьці сусьветнай дзяржавы».

І гэта напружанасьць, падобна, будзе толькі ўзрастаць. І тут нешта прынцыпова трэба мяняць. І, мабыць, маюць рацыю тыя аналітыкі, якія кажуць, што ўжо даўно насьпела пытаньне аб падрыхтоўцы і заключэньні новай дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Таму што тая дамова, якая дзейнічае на сёньня ўжо болей за 25 гадоў. І як лічаць некаторыя экспэрты яна па сутнасьці дэзавуяваная абодвума бакамі.

Сяргей Навумчык сёньня казаў, што Беларусь цяпер расплачваецца за тое, што ў свой час далучылася да ташкенцкай Дамовы пра АДКБ. Думаю, што і гэты дакумэнт патрабуе сур’ёзнай перапрацоўкі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG