Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа спыніць выпуск купюраў 500 эўра


Эўрапейскі Цэнтральны банк абвясьціў у сераду, 4 траўня, што спыніць выпуск банкноты наміналам 500 эўра з канца 2018 году, піша Wall Street Journal. Яна ня ўвойдзе ў другую сэрыю эўрабанкнотаў, «Europa series», якая ўводзіцца ў абарот з 2013 году.

Прадстаўнікі праваахоўных органаў мяркуюць, што існаваньне буйных купюраў, магчыма, дапамагае злачынцам і тэрарыстам хаваць незаконныя апэрацыі. Так, старшыня Эўраполу Роб Уэйнрайт (Rob Wainwright) казаў, што існуюць «сур’ёзныя пытаньні» адносна таго, ці трэба ў сувязі з гэтым працягваць выпуск вялікіх банкнотаў.

Купюра 500 эўра застанецца легальным сродкам аплаты — яе проста перастануць выпускаць. Тым часам у канцы 2018 году зьявяцца новыя купюры 100 і 200 эўра. Супраць гэтага выступае Леа ван Хоўвэ (Leo Van Hove), прафэсар эканомікі Вольнага ўнівэрсытэту Брусэля, які вядзе кампанію супраць вялікіх купюраў ужо 20 год. На яго думку, адмова ад 500-эўравай купюры ня ўдарыць па злачынцах, але пазбаўляцца варта нават ад 200-эўравых, а зь цягам часу і 100-эўравых, таму што пры існаваньні безнаяўных разьлікаў яны большасьці людзей непатрэбныя.

У Беларусі тым часам максымальная купюра значна павялічыцца. Пасьля дэнамінацыі, якая пройдзе 1 ліпеня, найбольшая купюра стане даражэйшая ў 25 разоў. Калі сёньня максымальная купюра — гэта 200 тысяч (20 дэнамінаваных рублёў, ці без малога 9 эўра), то пасьля дэнамінацыі зьявяцца 500 рублёў (сёньняшнія 5 млн, альбо 224 зь лішнім эўра).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG