Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі акцыяў БРСМ атрымаюць прыярытэт пры паступленьні ў ВНУ


Прапановы па зьменах у правілы паступленьня ў беларускія ВНУ 3 траўня падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Зьмены набудуць сілу ў 2017 годзе, на бягучы год правілы застаюцца старыя. Аўтаматызаваныя сыстэмы залічэньня студэнтаў скасаваныя ня будуць, але іх стандартызуюць — ва ўсіх ВНУ яны будуць працаваць па адным альгарытме.

Абітурыентам, якія паступаюць у ВНУ, у 2017 годзе дазволяць здаваць чатыры тэсты замест трох, пры тым, што для паступленьня неабходныя тры. Гэта дасьць абітурыентам магчымасьць выбіраць між блізкімі спэцыяльнасьцямі, паглядзеўшы, які з тэстаў здадзены на лепшы бал. Для тых, хто паступае ў сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, да двух абавязковых тэстаў дададуць магчымасьць здаваць трэці — неабавязковы. Рэзэрвовых дзён для здачы тэстаў стане тры замест аднаго, вынікі тэстаў будуць дзейныя два гады.

Перавагу пры паступленьні плянуецца ўвесьці для пераможцаў конкурсу БРСМ «100 ідэяў для Беларусі» і акцыі БРСМ «Добрае сэрца» — упершыню перавага будзе даставацца не за посьпехі ў навучаньні.

На сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцях абітурыенты змогуць абіраць, што ім здаваць: тэсты ці ўнутраныя экзамэны. Тыя, хто паступае на скарочаны тэрмін навучаньня, змогуць здаваць два іспыты без абавязковай здачы тэстаў. Беларусы, якія жывуць за мяжой ці ня больш за два гады ў Беларусі, змогуць паступаць па выніках гутаркі бяз тэстаў. Бяз тэстаў змогуць паступаць пераможцы алімпіядаў па прадметах, якія трэба здаваць пры паступленьні.

Выпускнікі пэдагагічных клясаў, першы выпуск зь якіх будзе якраз у 2017 годзе, змогуць паступаць на пэдагагічныя спэцыяльнасьці бяз тэстаў, калі маюць ня менш як 8 балаў за профільныя і ня менш як 7 за іншыя прадметы.

Завочную платную вышэйшую адукацыю змогуць атрымліваць усе, незалежна ад таго, ці працуюць яны — у тым ліку, значыць, інваліды, пэнсіянэры, рамесьнікі і бацькі ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.

Сёлета цэнтралізаванае тэставаньне пачнецца 13 чэрвеня з тэсту па беларускай мове, завершыцца тэстамі па ўсясьветнай гісторыі і геаграфіі 28 чэрвеня. Рэзэрвовы дзень для «даздачы» тэстаў — 5 ліпеня. Рэгістрацыя на тэсты пачалася 2 траўня і працягнецца да 1 ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG