Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: Беларускамоўная літаратура складае 11,4% ад агульнай колькасьці выдавецкай прадукцыі

  • БелаПАН

Літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасьці выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным накладзе.

Такія зьвесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт у аглядзе, прысьвечаным да афіцыйнага Дня друку, які адзначаецца 5 траўня.

Паводле статыстыкі, на беларускай мове ў 2015 годзе выпушчана 1.168 кніг і брашур тыражом 3,7 млн. асобнікаў, што ў параўнаньні з папярэднім годам больш як па назвах (на 5,7%), так і па накладзе (на 1,8 %).

На расейскай мове летась выдадзена 8.227 кніг і брашур агульным накладам 16 млн. асобнікаў, што складае 80% агульнай колькасьці выданьняў і 74% агульнага накладу.

Як і ў папярэднія гады, у сукупным аб’ёме выпушчаных кніг і брашур пераважае вучэбная літаратура, на долю якой прыпадае 28% агульнай колькасьці выданьняў і амаль 60% накладу. Пятую частку выпуску складаюць вучэбна-мэтадычныя дапаможнікі і навучальныя праграмы. Навуковыя і навукова-папулярныя выданьні займаюць амаль 19%.

У 2015 годзе ў Беларусі выходзіла 906 часопісаў і 585 газэт гадавым накладам амаль паўмільярда асобнікаў. Для чытачоў працавалі рэдакцыі 176 рэспубліканскіх, 51 абласной, 133 гарадзкіх і 119 раённых газэт.

У мінулым годзе на беларускай мове выдавалася 135 часопісаў і 185 газэт, іх гадавы наклад склаў пятую частку агульнага накладу друкаваных СМІ краіны.

Дзень друку адзначаецца ў Беларусі 5 траўня, ён уведзены ўказам Лукашэнкі ў 1996 годзе, дата прывязаная да выпуску першага нумара расейскай камуністычнай газэты «Правда» (5 траўня 1912 году).

XS
SM
MD
LG