Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскага апазыцыянэра-актывіста ЛГБТ шукалі наркотыкі


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У магілёўскага актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Максіма Кавалёва шукалі наркотыкі.

За няпоўныя два тыдні ў кватэры, дзе жыве актывіст, супрацоўнікі міліцыі правялі два ператрусы. Апошні адбыўся ўвечары 4 траўня. Пра гэта паведаміў ягоны сябра Дзяніс, які здымае гэтую кватэру. Самога Максіма цяпер няма ў Беларусі.

«Яны шукалі дакумэнты, зьвязаныя з працай Максіма, і чамусьці наркотыкі. На кухні абнюхалі ўсе слоікі, вышукваючы нейкія наркатычныя рэчывы», — паведаміў Свабодзе пра ператрус Дзяніс.

«Варта сказаць, што гэта ня першы ператрус. Першы адбыўся прыкладна тыдзень таму. Ніякіх дакумэнтаў міліцыянты мне не пакінулі і, як прыйшлі, не прад’яўлялі. Я тады быў зьбянтэжаны і напалоханы зьяўленьнем міліцыянтаў, — згадвае Дзяніс. — Гэтым разам яны ўжо прыйшлі больш падрыхтаванымі з ордэрам. Зачыталі яго. Далі расьпісацца. Пакінулі копію паперы пра вынікі ператрусу. На ёй размыта напісана, што нічога ня знойдзена».

Як кажа Дзяніс, у першы ператрус у яго забралі ноўтбук, не пакінуўшы ніякіх дакумэнтаў пра яго выемку. Падчас ператрусу міліцыянты паводзілі сябе спакойна.

«Магчыма таму, што ў іх ніякіх дакумэнтаў на ператрус не было, а паколькі я ня ведаў, як праводзяцца вобшукі і як мусяць паводзіць сябе міліцыянты, то не запатрабаваў ніякіх папераў з дазволам на правядзеньне ператрусу. У другі раз дзеяньні міліцыянтаў былі больш асвоенымі. Яны асабліва не цырымоніліся. Аглядаючы шафы, выкідвалі адтуль рэчы».

Паміж двума ператрусамі самога Дзяніса выклікалі ў міліцыю, зь ім гутарылі двое міліцыянтаў. Дакумэнтальна гутарку не афармлялі, кажа ён:

«Мяне палохалі, што ў маёй навучальнай установе даведаюцца, што я чалавек зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй і мяне выключаць зь яе. І падчас ператрусу таксама былі заявы на гэты конт».

Дзяніс дапускае, што перасьлед Максіма з боку сілавых структураў альбо зьвязаны зь ягонай працай, альбо з тым, што ён — прадстаўнік апазыцыі.

«Падчас ператрусу іх дужа зацікавіла ўлётка. Максім некалі балятаваўся ў дэпутаты. Міліцыянты спрабавалі яе забраць, як яны сказалі, сабе на памяць», — паведаміў Свабодзе Дзяніс.

Максім Кавалёў — былы сябра Цэнтральнага камітэту Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

«Ператрусы, якія адбыліся ў Максіма, зьвязаныя зь ягонай партыйнай дзейнасьцю і актыўнасьцю ў ЛГБТ-супольнасьці. Ягоную працу ў прыватнай арганізацыі і яе праверку ў ёй міліцыянты маглі выкарыстаць як нагоду для ператрусу», — камэнтуе сытуацыю першы намесьнік старшыні партыі Ігар Барысаў.

Паводле партыйца, Максіму давалі разумець: калі ён перастане займацца палітычнай дзейнасьцю, то перасьледу больш ня будзе. Ігар Барысаў прыгадвае, што Максімава нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя ня раз станавіліся тэмай для зьняважлівых публікацыяў у інтэрнэце:

«Праводзіўся такі псыхалягічны ціск. Людзі, якія чыталі гэтыя публікацыі, паводзілі сябе неадэкватна ў стасунках з Максімам. Яго гэта дужа прыгнятала. Ня выключана, што ператрусы — гэта выведка боем. Каб пабачыць, якой будзе рэакцыя Максіма, каб займець потым рычагі ўплыву на яго», — заключае Ігар Барысаў.

XS
SM
MD
LG