Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці губляюць свой уплыў беларускія незалежныя мэдыі? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Учора пісьменьнік і журналіст Віктар Марціновіч апублікаваў блог, у якім выказаў меркаваньне, што цяпер незалежныя СМІ страцілі значную частку свайго колішняга ўплыву. Некалі ўлада перасьледавала незалежных журналістаў велізарнымі судовымі штрафамі, каб кампэнсаваць шкоду, нанесеную гонару і годнасьці чыноўнікаў, саджала журналістаў. Гэта было, зразумела, кепска, але, на думку Марціновіча, было і пэўным ускосным паказьнікам прызнаньня ролі журналістаў у грамадзтве, іх вагі. Ну, а цяпер, паводле пісьменьніка, «няма таго, што раньш было».

Публікуе «Наша Ніва» дасьледаваньне пра раскошныя маёнткі дзяржаўных службоўцаў з фатаздымкамі. Раней бы гэта спарадзіла скандал, можа нават і пазовы да газэты, цяпер — мёртвая цішыня.

Ці вось нядаўнія эпізоды — зьбіцьцё журналіста Паўла Дабравольскага, зьбіцьцё міліцыянтам у мэтро бяздомнага і ягонага сабакі, заражэньне людзей гепатытам у шпіталі, інфармацыя Associated Press пра стронцый-90, знойдзены ў малацэ хойніцкага фэрмэра.

Раней, мяркуе Марціновіч, кожны з гэтых абнародаваных фактаў спарадзіў бы гучны скандал, вострую рэакцыю грамадзтва і прынамсі пэўную рэакцыю, у тым ліку і ў выглядзе адставак і пакараньняў, з боку ўладаў. А цяпер — нічога. Або стандартнае «праводзіцца праверка», або заявы, што ўсё хлусьня і паклёп на ўладу наагул і доблесныя органы ў прыватнасьці.

На думку аўтара, справа ў тым, што ўладзе ў выніку яе шматгадовай эвалюцыі стала глыбока напляваць на грамадзтва і на СМІ

На думку аўтара, справа ў тым, што ўладзе ў выніку яе шматгадовай эвалюцыі стала глыбока напляваць на грамадзтва і на СМІ. Маўляў, ну і балбачыце там у сваіх газэтках і на сваіх сайтах, абмяркоўвайце ў сацыяльных сетках і ў курылках — нашага панаваньня нішто і ніколі не пахісьне.

Тут два пытаньні. Па-першае, ці не ідэалізуе Марціновіч мінулае? Судоў і штрафаў і праўда даўно не было, але наконт таго, што раней усё ж разьбіраліся, рэагавалі на публікацыі — здаецца, і раней было шмат прыкладаў такога ж абыякавага стаўленьня. Зь іншага боку, блякаваньне сайтаў, новыя драконаўскія законы наконт інтэрнэт-СМІ, здаецца, ня сьведчаць пра такое ўжо філязофскае стаўленьне ўлады да СМІ.

Аднак калі Віктар усё ж мае рацыю, то ці ў адной уладзе справа? А ці ня ў новым мэдыйным ляндшафце, ня ў зьмене ролі мэдыяў у шырокім сэнсе?

Паліттэхнолягі кажуць, што нават вялікія высілкі ў інтэрнэце не даюць у палітычных кампаніях у Беларусі значнага эфэкту. Людзі ня надта чытаюць друкаваныя ўлёткі, але калі чытаюць, то дэманструюць гатоўнасьць да дзеяньня. А інтэрнэт — пустата, багна

Я прывяду такую аналёгію. Паліттэхнолягі кажуць, што нават вялікія высілкі ў інтэрнэце не даюць у палітычных кампаніях у Беларусі значнага эфэкту. Людзі ня надта чытаюць друкаваныя ўлёткі, але калі чытаюць, то дэманструюць гатоўнасьць да дзеяньня. А інтэрнэт — пустата, багна. Там нешта булькоча, там жа і аціхае. І пры гэтым інтэрнэт усё больш адціскае на ўзбочыну традыцыйныя мэдыі. І, адціскаючы, павялічвае разрыў паміж атрыманьнем інфармацыі і дзеяньнем.

Ці згодныя вы з канстатацыяй Марціновіча? А калі так, то ці згодныя зь яго тлумачэньнем, чаму незалежныя мэдыі страчваюць свой уплыў?

Цыганкоў: У цэлым я б пагадзіўся. Мне вельмі спадабаўся блог Марціновіча. Нельга, зразумела, пагаджацца з кожным словам, але галоўны мэсыдж я падзяляю — так, улада стала менш рэагаваць на прамоўленае слова ў мэдыяпрасторы. Адбываецца «дэвальвацыя слова».

Раней Лукашэнка афіцыйна больш прэзэнтаваў сябе як змагара за справядлівасьць, і, магчыма, нейкая дамова з намэнклятурай была. Ці проста запал гэты ўпаў, ці Лукашэнка зьмяніў свае падыходы

Ня тое каб уладу зусім не цікавіла, што пра яе пішуць, але адбыліся некалькі працэсаў. Улада «замацярэла», і за апошнія 5, 7, 10 гадоў можна назіраць кардынальную зьмену звычак, паводзінаў намэнклятуры і таго, што яны сабе дазваляюць. Тыя самы Дразды, атрыманьне другога-трэцяга ўчастку, пабудова шыкоўнага катэджа міністрам, які ніяк ня можа мець адпаведныя вялікія даходы. Гэта было б дастаткова праблематычна яшчэ ў канцы 90-х, ужо нават пры Лукашэнку. Раней Лукашэнка афіцыйна больш прэзэнтаваў сябе як змагара за справядлівасьць, і, магчыма, нейкая дамова з намэнклятурай была. Ці проста запал гэты ўпаў, ці Лукашэнка зьмяніў свае падыходы. Але на тое, што цяпер пішуць журналісты пра шыкоўныя катэджы — рэакцыі няма. На ўсё гэта ўлада навучылася не рэагаваць.

Таксама важны чыньнік — размытасьць мэдыяпрасторы. Гэта адбываецца паўсюль, але калі ў Амэрыцы «New Yorker», «New York Times» ці «Times» у Брытаніі застаюцца аўтарытэтнымі выданьнямі, то ў Беларусі ёсьць інтэрнэт, кожны блогер пачынае называць сябе сродкам масавай інфармацыі, пачынае прасіць акрэдытацыю, ствараецца процьма новых інтэрнэт-выданьняў. Улада можа і сказаць: на каго ж я павінна рэагаваць? Чаму я павінна рэагаваць на «Народную Волю», а не на, скажам, нейкае ўчора зарэгістраванае інтэрнэт-выданьне?

Сыстэма аўтарытэтаў у СМІ размылася, а новая не ўсталявалася. І цяпер усе «роўныя» — выданьні са шматтысячным накладам і інтэрнэт-лісткі ці блогі. Усе ў вачах улады прэтэндуюць на ўвагу, і яна можа казаць, што ня ведае, на каго цяпер рэагаваць, таму можа не рэагаваць ні на кога. Гэта, безумоўна, крывадушная пазыцыя ўлады, яна дазваляе ёй не рэагаваць на грамадзкі запыт, яркія і скандальныя публікацыі. Гэта адбываецца побач з натуральным працэсам стварэньня ўсё больш разнастайных СМІ, які павінен прывесьці да нейкай новай герархіі. Не зусім правільна, калі ў інтэрнэт-прасторы ўсе «роўныя». Гэта не адпавядае інтарэсам грамадзтва, і размываньне мае вялікія нэгатыўныя рысы.

Карбалевіч: Давайце дамовімся, пра што, уласна, ідзе гаворка. Марціновіч кажа пра зьмяншэньне ўплыву незалежных мэдыяў і пра «пафігісцкую» рэакцыю ўладаў на мэдыі. Я б разглядаў гэтыя дзьве рэчы паасобку.

Дарэчы, сакавіцкае апытаньне НІСЭПД зафіксавала зьмяншэньне даверу да незалежных СМІ. Але незалежныя мэдыі — гэта газэты, у тым ліку і інтэрнэт-газэты. Дык іх уплыў падае ва ўсім сьвеце. Але галоўная крыніца інфармацыі ў Беларусі — тэлебачаньне. А яно манапалізавана дзяржавай.

Нельга казаць, што ўлады ніяк не рэагуюць на крытыку. Калі ў незалежных мэдыях зьявіўся шквал крытыкі на адрас міліцыі ў зьвязку са зьбіцьцём журналіста Дабравольскага, дзяржаўныя мэдыі загаварылі пра сьвядомую дыскрэдытацыю праваахоўных органаў, якая мае на мэце ўчыніць Майдан

Нельга казаць, што ўлады ніяк не рэагуюць на крытыку. Калі ў незалежных мэдыях зьявіўся шквал крытыкі на адрас міліцыі ў зьвязку са зьбіцьцём журналіста Дабравольскага, дзяржаўныя мэдыі загаварылі пра сьвядомую дыскрэдытацыю праваахоўных органаў, якая мае на мэце ўчыніць Майдан. Калі сацыяльныя сеткі зрэагавалі на няўдалыя заявы віцэ-прэм’ера Качанавай, то міністар інфармацыі Ананіч некалькі разоў пагражала разабрацца зь незалежнымі мэдыямі.

Чаму ж не разьбіраюцца? Па-першае, з той жа прычыны, зь якой на вуліцы не хапаюць, ня садзяць у кутузку ўдзельнікаў апазыцыйных вулічных акцыяў. Бо пачаўся дыялёг з Захадам.

Па-другое, зусім ня факт, што ня будуць разьбірацца і далей. Нездарма ж прынялі зьмены ў Крымінальны кодэкс, у якім прадугледжана пакараньне за распальваньне сацыяльнай розьні. Паводле гэтых навацыяў можна засудзіць любога журналіста і мэдыйны рэсурс.

Па-трэцяе, улады зразумелі, што ва ўмовах інтэрнэту непрыемныя факты не схаваць. У даінтэрнэтную эпоху, калі прышчаміць незалежныя газэты, то можна было і схаваць нейкую інфармацыю. Узгадваю, што, паводле сацыялягічных апытаньняў, палова насельніцтва Беларусі ня ведала, што кандыдат у прэзыдэнты Казулін сядзіць у турме. Думаю, цяпер такое немагчыма. А калі так, то які сэнс змагацца з інфармацыйным акіянам?

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG