Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца Кангрэс беларускай культуры. Вінцук Вячорка: «Дрэнна, што беларуская мова там не пануе»


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

5–6 траўня ў Менску пройдзе Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры, на які зьбяруцца больш за 300 навукоўцаў — спэцыялістаў па культуралёгіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратура- і мовазнаўстве з розных краін.

Чакаецца, што на форум прыедуць замежныя госьці з Расеі, Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстрыі, Японіі Ірану, Польшчы, Літвы, Славаччыны.

Арганізатары Кангрэсу — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На кангрэс запрошаныя прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў, іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

Паведамляецца, што галоўная мэта Міжнароднага навуковага кангрэсу беларускай культуры — «захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народу, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры».

Будуць абмяркоўвацца наступныя тэмы: нацыянальная культура, мова і літаратура; культура рэгіёнаў Беларусі і нацыянальных супольнасьцяў; беларуская дыяспара ў сьвеце: этнакультурныя працэсы, гісторыя і сучаснасьць; гісторыка-культурная спадчына, музэі, запаведнікі; традыцыйная культура, архітэктура і дызайн; выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; музычнае мастацтва; тэатральнае мастацтва і іншыя.

Мовазнаўца Вінцук Вячорка кажа, што ў яго дваістае стаўленьне да такога мерапрыемства:

«Увогуле для дзяржавы, якая дбае пра ўласную пэрспэктыву і, адпаведна, апякуецца гуманістыкай, праводзіць такія канфэрэнцыі пад сваёй эгідай цалкам нармальна. Іншая рэч, што фармат, зь якім я папярэдне пазнаёміўся, дастаткова эклектычны, тут мала стратэгічных спавешчаньняў, тых, якія б правакавалі менавіта стратэгічную дыскусію пра шляхі разьвіцьця беларускай культуры як нацыявызначальнага чыньніка, а вельмі шмат такіх звычайных, прахадных спавешчаньняў, месца якім, можа, на нейкіх вузкаспэцыяльных канфэрэнцыях.

Але добра, што Акадэмія навук супольна зь Міністэрствам культуры апякуюцца гэтай імпрэзай, добра, што будуць іншаземцы. Будуць і незалежныя навукоўцы, адмыслоўцы ў сваіх галінах.

Дрэнна, што беларуская мова на гэтай канфэрэнцыі не пануе.

Карацей кажучы, гэта такі рабочы момант. Я б не перабольшваў значэньне гэтага кангрэсу, але і не казаў бы, што гэта марна».

«Працэсы глябалізацыі, выклікі і канфлікты сучаснасьці востра актуалізуюць праблему захаваньня нацыянальных культур і традыцый народаў. Захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры і пэрспэктывы іх разьвіцьця зьяўляюцца асноўнай сыстэмнай задачай, якая забясьпечыць стабільнасьць і росквіт незалежнай Беларусі», — напісана на сайце Кангрэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG