Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Нямеччыне дазволілі марыхуану ў мэдычных мэтах. У Беларусі яна «асабліва небясьпечны наркотык»


Урад Нямеччыны ўхваліў закон, які дазваляе цяжка хворым пацыентам атрымліваць марыхуану па рэцэпце лекараў. Дакумэнт уступіць у сілу зь вясны наступнага году.

На сёньняшні дзень пацыенты ў Нямеччыне якія церпяць ад раку, СНІДу, хваробы Паркінсона або рассеянага склерозу, могуць атрымаць марыхуану толькі па спэцыяльным дазволе і павінны самі аплачваць яе набыцьцё.

Паводле новага закону, канабіс стане даступным у аптэках, а выдаткі на яго закупку будуць пакрывацца сыстэмай аховы здароўя краіны.

Пры гэтым улады ня маюць намер дазваляць вольнае ужываньне марыхуаны.

Марыхуана цалкам альбо часткова легалізаваная ў некалькіх краінах сьвету. Першым цалкам легалізаваў марыхуану Ўругвай: такі закон уступіў у сілу вясной 2014 году. Прадаваць наркотык ва Ўругваі можна ў спэцыяльных аптэках асобам старэйшым за 18 гадоў. Набыць можна толькі да 40 грамаў марыхуаны ў месяц па цане 1 даляр за грам.

Сярод краін, у якіх магчымы абмежаваны абарот марыхуаны — Нідэрлянды, Канада, Паўночная Карэя, Чэхія, Гішпанія, Партугалія, а таксама амэрыканскія штаты ЗША Каларада, Вашынгтон, Арэгон і Аляска. Мэдычнае ўжываньне канопляў дазволена ў Ізраілі і 20 штатах ЗША.

У Беларусі марыхуана занесеная ў шэраг «асабліва небясьпечных наркотыкаў», нароўні з гераінам і амфэтамінам. Большасьць жа краін сьвету ставіць марыхуану ў абсалютна іншую клясыфікацыю, практычна прыраўноўваючы яе да лекавай расьліны або алькаголю.

Летась начальнік Галоўнага ўпраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі Васіль Лосіч заявіў, што легалізоўваць марыхуану ні ў якім разе ня варта: гэта супярэчыць канвэнцыям ААН і здароваму сэнсу. «У любым выпадку, марыхуана — хай і больш лёгкі, але ўсё ж наркотык», — патлумачыў сваю пазыцыю ён.

У пачатку сакавіка сёлета актор купалаўскага тэатру Арцём Бародзіч быў прысуджаны да 5 гадоў калёніі за 26 грам марыхуаны, якую знайшлі ў яго дома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG