Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая беларуская кампанія можа спыніць пастаўкі газу ў Беларусь


Эканаміст Леў Марголін на просьбу Свабоды камэнтуе зварот кампаніі «Газпром трансгаз Беларусь» у Міжнародны арбітражны суд.

Экспэрт падкрэсьлівае, што доўгі час газазабесьпячэньнем і транспартаваньнем расейскага газу ў Беларусь займалася кампанія «Белтрансгаз». Але ў 2011 годзе з асабістага дазволу Аляксандра Лукашэнкі яе прадалі «Газпрому». «Белтрансгаз» атрымаў новую назву «Газпром трансгаз Беларусь» і стаў на 100% належаць «Газпрому».

Леў Марголін

Леў Марголін

«У выніку гэтага продажу атрымалася, што былая беларуская кампанія цяпер судзіцца зь Беларусьсю, — працягвае Леў Марголін. — Яе пазоў мне зразумелы — беларускі бок мае завінавачанасьць у разьліках за пастаўкі расейскага газу. А што застаецца рабіць, калі ты прадаеш, а табе, насуперак падпісаным дамовам, недаплачваюць?

Хто канкрэтна ня плаціць? У нас літаральна некалькі суб’ектаў гаспадараньня купляюць расейскі газ наўпрост у „Газпром трансгаз Беларусі“. Гэта найперш „Белпалівагаз“, які забясьпечвае газам насельніцтва, і зусім невялікая колькасьць буйнейшых прадпрыемстваў кшталту „Гродна-Азоту“. У іх не хапае грошай на поўныя разьлікі, і гэта ясна, бо цяпер дастаткова грошай ніхто ня мае.

Калі „Белтрансгаз“ прадавалі „Газпрому“, было шмат меркаваньняў як на карысьць гэтай зьдзелкі, так і супраць. Усе разумелі, што „Белтрансгаз“ для нашай краіны — ня простае прадпрыемства, а стратэгічнае. Падобна, тады ўлічылі ня ўсё. Я думаю, адбылося вось што. Лукашэнка назваў яўна завышаную цану „Белтрансгаза“ і думаў, што за такія вялікія грошы прадпрыемства ніхто ня купіць. А „Газпром“ на той час меў добрыя прыбыткі. Масквічы скарысталіся неасьцярожным словам беларускага кіраўніка і выкупілі „Белтрансгаз“.

Цяпер усё ў руках „Газпрома“. І я не выключаю такую сытуацыю — калі беларусы ня будуць цалкам разьлічвацца за пастаўкі, газ для нашай краіны могуць проста адключыць. І нічога тады ня зробіш».

Тым часам афіцыйныя беларускія ўлады ня маюць боязі адносна магчымага скарачэньня Расеяй паставак газу ў Беларусь, заявіў сёньня віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, адказваючы на пытаньні журналістаў у рамках Беларускага прамысловага форуму:

Уладзімер Сямашка

Уладзімер Сямашка

«Асьцярогі адносна скарачэньня паставак газу няма. У падпісаных пагадненьнях запісана, што пакуль ідзе спрэчка суб’ектаў гаспадараньня, расейскі бок ня мае права скарачаць пастаўкі газу».

Напярэдадні той жа спадар Сямашка казаў журналістам, што беларускія галіновыя арганізацыі лічаць, што яны плацяць за газ «абсалютна правільна і карэктна». Сярод аргумэнтаў на іх карысьць віцэ-прэм’ер назваў сыстэму пагадненьняў, падпісаных у 2011 годзе на роўні ўрадаў Беларусі і Расеі, аб доступе да паслуг пэўных манаполій. Акрамя таго, па словах Сямашкі, парадак фармаваньня цэнаў пры пастаўках прыроднага газу ў Беларусь вызначаны і пагадненьнем ад 29 траўня 2014 году аб Эўразійскім эканамічным саюзе. «Там усё дакладна расьпісана, яны цяпер разьбіраюцца», — сказаў намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі.

XS
SM
MD
LG