Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рукі ёсьць, зямлі бракуе — Альшаны, вёска парнікоў і баптыстаў


Парнікі ў Альшанах — у 99 адсоткаў жыхароў. Нават сям’я пэнсіянэраў, якім ужо за 80, трымае парнік на тры соткі. Але гэтак было не заўсёды.

аней альшанцы, як і ў большасьці палескіх вёсак, жылі на хутарах. Ад хутара да хутара магло быць і некалькі кілямэтраў. А калі прыйшлі саветы, жыхароў пад прымусам перасялілі. Вось толькі савецкай уладзе так і не ўдалося зьнішчыць жаданьне вяскоўцаў працаваць на сваёй уласнай гаспадарцы. Хоць намаганьні прыкладваліся калясальныя.

Бульдозэры і сякеры — як было пры Саветах

Жыхар вёскі Альшаны Аляксей Пявец распавядае, як савецкія ўлады перашкаджалі будаваць парнікі і працаваць на сябе:

Альшаны

Альшаны

«У нас амаль у кожнага досыць вялікія сем’і: па сем-восем дзяцей. Складана зарабіць і пракарміць на адзін заробак з калгасу. Таму недзе на пачатку 80-х гадоў вяскоўцы пачалі будаваць парнікі. Раённыя ўлады калі даведаліся пра гэта, увялі абмежаваньне і дазвалялі мець парнікі толькі на сотку з чвэрцю для сям’і. Прычым рэгулявалася нават вышыня парніка — ня болей за паўтара мэтра. Зразумела, што гэтага прадпісаньня мала хто прытрымліваўся. Але чыноўнікі наведаліся да нас з праверкай і спачатку папярэдзілі кожнага, хто меў большы парнік, чым дазволена.

Нялёгкая праца ў парніку

Нялёгкая праца ў парніку

Людзі ня думалі, што ўлады пойдуць супраць вяскоўцаў. Але так і сталася. У адзін дзень у вёску сагналі тэхніку: бульдозэры, трактары. А таксама сабралі цэлую брыгаду, узброеную сякерамі, ламамі. Гэтая брыгада складалася з парушальнікаў, што адбывалі пакараньне ў столінскім СІЗА. І вось гэтая „дэлегацыя“ маршыравала па вёсцы разам з кіраўнікамі з райцэнтру. Хадзілі з аднаго двара ў другі. Кантралёры вымяралі парнікі, і калі было перавышэньне дазволеных нормаў — проста іх зьнішчалі. Прычым трактар ехаў наўпрост — ламалі агароджы, нішчылі пасаджанае на гародах. А парнікі проста вырывалі з коранем. Забіралі ў людзей мэталічныя ёмістасьці для вады, печкі для абагрэву парнікоў і скідвалі іх у мэталалом.

Праца ў парніку

Праца ў парніку

Можна казаць, што зьдзекаваліся. Бо ў суседнім раёне, Жыткавіцкім, вяскоўцы таксама трымалі ў тыя часы парнікі, але ніхто не перашкаджаў і не было абмежаваньняў. Таму многія з альшанцаў зьяжджалі ў суседнія вёскі і там працавалі».

Распад СССР як збавеньне

Але намаганьні ўладаў і сякеры арыштантаў не далі плёну. Пасьля развалу Савецкага Саюзу вяскоўцы ўздыхнулі з палёгкаю: кожны атрымаў магчымасьць працаваць на сябе. У мясцовым СПК з васьмі тысяч жыхароў вёскі сёньня працуюць толькі некалькі сот чалавек. Астатнія занятыя сваёй гаспадаркай. Некаторыя маюць некалькі гектараў зямлі, цяпер яны фэрмэры.

Палеткі пад парнікамі

Палеткі пад парнікамі

Але зямля ў гэтым рэгіёне — сапраўдная каштоўнасьць. Атрымаць яе складана. Таму большасьць маюць у сваім распараджэньні ня больш за пяцьдзясят сотак зямлі. Пры гэтым улічваецца прысядзібны ўчастак, і за мінусам яго плошчы выдзяляецца надзел у полі.

Зямлі мала

У вёсцы спадзяюцца, што зь цягам часу змогуць атрымаць болей зямлі, пагатоў Міхаіл Мясьніковіч заявіў пра пачатак экспэрымэнту на Берасьцейшчыне — у Столінскім ды Лунінецкім раёнах, дзе зямлю стратных калгасаў будуць раздаваць людзям. У парніках жа вырошчваюць ня толькі агуркі, але і капусту, моркву.

Першыя агуркі

Першыя агуркі

У сваю чаргу Аляксей Пявец кажа, што змог бы ўрабіць нашмат болей зямлі, чым яму выдзелілі цяпер:

«У мяне досыць вялікая сям’я: пяць дачок і двое сыноў. Сваімі сіламі мы б змаглі ўрабіць тры, а то і чатыры гектары зямлі. Вядома, цяжка было б, але б далі рады. Але не скажу, што цяпер проста. У мяне парнік на некалькі дзясяткаў сотак. А гэта таксама істотная інвэстыцыя. Трэба набыць плёнку, а яе мяняем штогод. На мой парнік трэба чатыры з паловаю рулёны, а кожны каштуе каля двух мільёнаў. Далей дровы — на парнік трэба восем машын, а адна каштуе тры мільёны. Да гэтага шмат выдаткаў на ўгнаеньні, хімікаты, шпагат, насеньне. Усё гэта інвэстыцыі. Але ці атрымаю я з парніка тое, што ўжо выдаткаваў — тут невядома, як пашанцуе. Агуркі цяпер людзі прадаюць па 25–30 тысяч рублёў, але як пойдзе сэзон, кошты ўпадуць вельмі моцна. Таму застаецца толькі спадзявацца на лепшае».

Нават самым маленькім знойдзецца праца

Нават самым маленькім знойдзецца праца

Вольная хвіліна

Вольная хвіліна

Цяжкая праца

Апрача матэрыяльных сродкаў, палешукі ўкладваюць у парнікі і вялізныя фізычныя высілкі. Пакуль ночы халодныя, трэба ледзь ня кожную гадзіну ўставаць ды падкідваць дровы ў печкі ў парніках. Пазьней, калі пачынаецца лета і сьпёка, трэба некалькі разоў на дзень паліваць гародніну пад плёнкай. За некалькі месяцаў такой працы сіл амаль не застаецца. Так працуюць і дарослыя, і дзеці, кажа Аляксей Пявец:

«Памятаю, некалькі гадоў таму таксама былі халодныя ночы. Я намагаўся рабіць большасьць працы сам. Дзецям трэба вучыцца, жонцы адпачываць. Дык празь некалькі тыдняў перастаў рэагаваць на будзільнік. Ставіш час на мабільным тэлефоне, калі ён звоніць, проста аўтаматычна выключаеш і далей сьпіш. І вось такім чынам раз праспаў. Прыбег у парнік праз тры гадзіны, халадэча ўнутры. Гэтак жа можна страціць увесь ураджай. Вярнуўся дадому і паставіў будзільнік ня толькі на тэлефоне, але завёў і мэханічны. Вось толькі праз стому не пачуў іх і зноў праспаў. Таму ўжо наступным разам узяў мэханічны гадзіньнік і проста прывязаў сабе да вуха і так паклаўся спаць. Гэтым разам ужо прачнуўся ды своечасова распаліў печы».

У печах трэба ўначы паліць літаральна кожную гадзіну

У печах трэба ўначы паліць літаральна кожную гадзіну

Нядзеля для альшанцаў — сьвятое

Адзіны дзень у тыдні, калі альшанцы не працуюць, — гэта нядзеля. Большасьць вяскоўцаў — пратэстанты, і ўвесь выходны дзень аддаюць царкве ды сваёй сям’і. У Альшанах пратэстанцкая царква існуе ўжо 85 гадоў. Цяпер абшчына налічвае 1700 прыхаджанаў, яшчэ 1300 дзяцей ходзяць у нядзельную школку. У чатырох хорах сьпяваюць дзясяткі асобаў. Шэсьцьдзесят чалавек настаўнічаюць у нядзельных школках. Шмат хто бярэ ўдзел у шматлікіх праграмах царквы, у тым ліку і дабрачынных.

У нядзелю вольны дзень альшанцы прысьвячаюць сям’і і царкве

У нядзелю вольны дзень альшанцы прысьвячаюць сям’і і царкве

Пратэстанты ў чацьвёртым пакаленьні

Малітоўны дом у сучасным выглядзе вяскоўцы пачалі будаваць у 1991 годзе і скончылі за два гады. У савецкія часы ўлады змагаліся зь іхнай рэлігійнасьцю. Падчас набажэнстваў каля будынку запускалі гучную музыку. А аднойчы мясцовыя ўлады нанялі камсамольскага актывіста, які працаваў у калгасе, і калі ў малітоўным доме нікога не было, той прычапіў трос і вырваў сьцяну. Сяляне наведвалі богаслужэньні нават употай, бралі з сабою дзяцей. У выніку тут багата вернікаў у некалькіх пакаленьнях.

Дзед Аляксея Пяўца некалі быў у царкве прасьвітэрам. Цяпер Аляксей — настаўнік у нядзельнай школе. Кажа, што стаў настаўнікам праз сваю сям’ю. Праз тое, што чытаў сваім дзецям ад самага маленства Біблію і прывучаў іх да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

Нядзельны абед — уся сям’я за адным сталом

Нядзельны абед — уся сям’я за адным сталом

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG