Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, чыя намінацыя ў прэзыдэнты ЗША яшчэ нядаўна ўспрымалася як кур’ёз, стаў кандыдатам ад рэспубліканцаў.

3 траўня першасныя выбары ў Індыяне, параўнальна невялікім штаце, нечакана для многіх фактычна паставілі кропку ў вельмі эмацыйнай барацьбе за намінацыю ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі. Прайграўшы на гэтых выбарах, сэнатар Тэд Круз адмовіўся ад працягу барацьбы за прэзыдэнцтва, што ператварыла Дональда Трампа ў фактычнага кандыдата партыі ў прэзыдэнты.

У сваёй прамове пасьля трыюмфу на першасных выбарах у Індыяне Дональд Трамп загаварыў як кандыдат партыі, гатовы накіраваць краіну на дакладны курс, аб’яднаць партыю і разграміць Гілары Клінтан на ўсеагульных выбарах восеньню. Ён паабяцаў працоўнай клясе працоўныя месцы, краіне — перагляд нераўнапраўных міжнародных гандлёвых дамоваў, вяртаньне павагі да ЗША ў сьвеце, ператварэньне ЗША ў дзяржаву, інтарэсамі якой ніхто ня зможа грэбаваць, то бок выклаў сваю стратэгію, якую ён называе «Амэрыканскія інтарэсы — перш за ўсё».


«Гілары Клінтан кажа, што яна хоча зачыніць вугальныя шахты. Я вас запэўніваю, што шахцёры ў Заходняй Вірджыніі, Пэнсыльваніі, Агаё і іншых штатах вернуцца да працы. Паверце мне — заявіў Трамп сваёй натхнёнай аўдыторыі. — Клінтан ня будзе добрым, яна ня будзе выдатным прэзыдэнтам. Яна будзе дрэнным прэзыдэнтам. Яе муж падпісаў найгоршае гандлёвае пагадненьне ў гісторыі чалавецтва. Яно называецца НАФТА — Паўночнаамэрыканскае пагадненьне аб свабодным гандлі. Я бачыў у розных штатах тую жорсткую разруху, якое яно прынесла».



Але на шляху Трампа ў Белы Дом стаяць гіганцкія перашкоды.

«Ён стане аб’ектам жорсткіх нападаў з боку Гілары Клінтан і яе саюзьнікаў-дэмакратаў, — кажа аглядальнік тэлеканалу Foxnews Брыт Х’юм. — Яны ўкажуць на павярхоўнасьць яго абяцаньняў, яны нагадаюць пра яго абразьлівыя выпады на адрас жанчын, этнічных меншасьцяў, і гэта ўсё будзе паўтарацца без канца. Але да таго, як Дональд Трамп зможа пачаць рэальную барацьбу за прэзыдэнцтва з Гілары Клінтан, яму неабходна прыцягнуць на свой бок пераважную большасьць Рэспубліканскай партыі. Ён пакуль не дамогся нават простай большасьці. Чатыры гады таму за Міта Ромні аддалі галасы 97 адсоткаў рэспубліканцаў і большасьць незалежных кандыдатаў, але гэтага далёка не хапіла для перамогі на ўсеагульных выбарах.

Цяпер сярод амэрыканцаў больш тых, хто вызначае сябе як дэмакрата, таму кандыдату ад рэспубліканцаў неабходна мець за сваімі плячыма і ўласную партыю, і незалежных, і частку дэмакратаў. А ў Трампа, паводле апытаньняў, вельмі слабыя пазыцыі сярод этнічных меншасьцяў і жанчын, ключавых груп электарату, якія цьвёрда падтрымліваюць Гілары Клінтан. Практычна ўсе апытаньні, за выключэньнем аднаго, які згадаў сёньня Трамп, паказваюць на адчувальную перавагу Клінтан у наўпроставым супрацьстаяньні з Трампам. І гэта ня ўсё. У яго неверагодна высокія нэгатыўныя рэйтынгі, зь якімі наўрад ці можна дамагчыся перамогі на выбарах. Зрэшты, у Гілары таксама былі высокія нэгатыўныя рэйтынгі, выбаршчыкі адчуваюць да яе незвычайна высокі ўзровень недаверу, але ён ня гэтак гіганцкі, як у Трампа, хоць і перад ёй стаіць нялёгкая задача. Яна слабы кандыдат».

Гілары Клінтан і яе муж, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан

Гілары Клінтан і яе муж, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан



Усяго каля году таму кандыдатура Дональда Трампа выглядала ў вачах вельмі многіх прафэсіяналаў палітычным кур’ёзам. Яго працягваюць лічыць кандыдатам, прымальным для толькі параўнальна невялікай праслойкі рэспубліканцаў. Вось што кажа ў інтэрвію Радыё Свабода Марцін Оўэрбі, прафэсар палітычных навук з Унівэрсытэту штату Місуры:

«Мы маем справу з часткай электарату, які адчувае сябе разгубленым у цяперашняй эканамічнай сытуацыі, з тымі, хто такім шляхам выказвае сваё раздражненьне. Я буду вельмі зьдзіўлены, калі Трамп на ўсеагульных выбарах атрымае большы працэнт галасоў, чым на першасных выбарах, гэта значыць больш 30-40 адсоткаў тых, хто прагаласаваў. Я думаю, што па меры набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў, калі людзі будуць больш задумвацца аб адказнасьці, якую нясе амэрыканскі прэзыдэнт, ад дзеяньняў і нават словаў якога залежыць вельмі многае, яны спыняць свой выбар на дасьведчаным прафэсійным палітыку. Падчас усеагульных выбараў ён сутыкнецца ў асобе Гілары Клінтан з дасьведчаным палітыкам, які прайшоў вельмі складаныя выпрабаваньні. Яна зробіць, я думаю, усё магчымае, каб прымусіць яго больш падрабязна расказаць, як ён мае намер абараняць інтарэсы Амэрыкі — і зрабіць гэта яму будзе нялёгка».

Цалкам матэрыял чытайце тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG