Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты адродзяць Задзіночаньне


ЗБС мае займацца шмат чым, але галоўным застанецца абарона правоў студэнтаў.

Найстарэйшая студэнцкая арганізацыя Беларусі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» адновіць дзейнасьць 5 траўня. Як заяўляюць удзельнікі, цяпер у Задзіночаньня «новая каманда, новыя мэты, сьвежыя ідэі і лепшыя традыцыі».

«Адраджэньне стала лягічным вынікам руху #студэнтысупраць, зімовых падзеяў, — распавядае Свабодзе актывістка ЗБС Алена Дзянішчыц. — Падчас акцыі выявіліся актыўныя студэнты, у якіх не было „даху“, якім трэба было аб’яднацца, каб далей ісьці разам і дасягаць мэтаў: змагацца за акадэмічныя свабоды, удасканальваць вышэйшую адукацыю з боку студэнтаў. Таму і быў патрэбны незалежны студэнцкі рух — а такая арганізацыя была, і яна была вельмі добрая, але калі яе пазбавілі рэгістрацыі, усё заціхла».

«Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» утварылася ў 1989 годзе і было зарэгістраванае ў 1992-м. Задзіночаньне яднала суполкі, якія ўтвараліся пры наяўнасьці прынамсі трох сябраў ЗБС у месцы навучаньня, зьезд склікаўся раз на два гады. Уваходзіла ў Эўрапейскі зьвяз студэнтаў. Выдавала часопіс «Студэнцкая думка», «Студэнцкую газэту», вяло сайт student.by (цяпер — studentby.org), выдавала музычныя альбомы. У 2001 годзе было пазбаўлена рэгістрацыі Мін’юстам, але працягвала дзейнасьць.

Рэгістрацыі ў ЗБС няма і цяпер, але актывісты рыхтуюць дакумэнты і будуць намагацца зарэгістравацца. Арганізацыя мае дзейнічаць у розных напрамках, але галоўнай мэтай будзе абарона правоў студэнтаў. Яшчэ адной важнай рысай арганізацыі стане нацыянальная ідэя — праекты будуць намагацца рабіць па-беларуску, галоўная вэрсія сайта будзе беларускамоўнай. Расейскамоўных у ЗБС абяцаюць «не прыцясьняць».

Ці рэальна ў Беларусі абараніць студэнта, якога можна проста выключыць з унівэрсытэту?

«Ну трэба ж старацца, правільна? Ня можам жа мы сядзець і нічога не рабіць, — тлумачыць Дзянішчыц. — Я прыядналася за ЗБС, бо ў мяне было разьмеркаваньне і я баялася, што мне будуць помсьціць за мае актыўнасьці. Можна было не баяцца — усё адно адпомсьцілі.

Рабіць усё можна толькі зьнізу, бо зьверху зьмяніць нічога немагчыма. На любыя пытаньні ідзе аднолькавы адказ: усё зроблена згодна нарматыўным актам, ёсьць такі кодэкс і такі акт. А ніякай дапамогі ад дзяржавы студэнту не дачакацца. Так што студэнты павінны аб’яднацца, каб саміх сябе абараняць».

XS
SM
MD
LG