Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абуджаная сэксам дарагая


Нідэрляндзкая акторка Сыльвія Крыстэль, кадр з фільму Emmanuelle (1974).
Нідэрляндзкая акторка Сыльвія Крыстэль, кадр з фільму Emmanuelle (1974).

Гэтую песьню я пачуў упершыню, калі хадзіў у другую клясу ліцэю ў Гайнаўцы. 1974 год. Mélodie d’amour chante le cœur d’Emmanuelle — сьпяваў нехта па прозьвішчы П’ер Башле. Аксамітны, лірычны голас. І мэлёдыя з тых, якія пачуеш раз — і ніколі ўжо не забудзеш. Захацелася вывучыць францускую мову. У нашым ліцэі тады вучылі нямецкай.

Хадзіла пагудка сярод маіх школьных калегаў, што песьня Emmanuelle — музычная ілюстрацыя аднайменнага скандальнага фільму, ці то эратычнага, ці то парнаграфічнага. Ніхто ня ведаў дакладна, бо ніхто гэтага фільму не глядзеў, дый ніхто тады ня мог растлумачыць розьніцу паміж эратычным і парнаграфічным кіно :) Гэта ж былі 1970-тыя гады ў сацыялістычнай краіне, а Гайнаўка, калі хто ня ведае, у той час была мястэчкам у чорта на задворках з 10 тысячамі насельнікаў...


Я ня помню, калі паглядзеў фільм Emmanuelle першы раз. Магчыма, гэта было ўжо ў 1990-я, пасьля падзеньня камунізму. Але прысутнасьць гэтай тэмы ў маім культурным багажы існавала ўвесь час, праз аднайменную песьню і праз тое, што выканаўца ролі Эмануэль, Сыльвія Крыстэль, потым выступіла ў іншых фільмах, якім польскія цэнзары дазволілі ўвайсьці ў масавы пракат. А ў студэнцкія гады ў Варшаве, як прыгадваецца, мой калега з гайнаўскага ліцэю недзе раздабыў раман «Эмануэль» у ангельскім перакладзе, пераклаў некаторыя фрагмэнты на польскую і зачытаў іх у нашым студэнцкім радыё ў інтэрнаце. Гэта ўжо быў канец 1970-х, і ў нашым студэнцкім радыё не было цэнзуры...

П’ер Башле, аўтар і выканаўца песьні Emmanuelle
П’ер Башле, аўтар і выканаўца песьні Emmanuelle

Я паспрабаваў нядаўна паглядзець першы фільм Emmanuelle 1974 году (які потым спарадзіў зь дзясятак наступных, зьнятых той самай кінастудыяй, і яшчэ некалькі дзясяткаў іншых, пірацкай вытворчасьці), але ня даў рады датрываць да канца. У кінамастацтве бывае свая мода — у 1970-я, пасьля «сэксуальнай рэвалюцыі» на Захадзе пад канец 1960-х і хвалі таннага парнаграфічнага кіно, фільмы пра Эмануэль ў сваёй «мякка-эратычнай» танальнасьці давалі, калі можна сказаць, эстэтычную аддушыну для гледачоў. Сёньня, акрамя настальгіі, гэты фільм наўрад ці выклікае яшчэ нейкія істотныя эстэтычныя перажываньні... Але песьня надзвычай прыгожая. І яшчэ вобраз 22-гадовай Сыльвіі Крыстэль, якая, як мне падаецца, увасабляе ў карціне нешта значна большае, чым толькі ролю сэксуальна абуджанай жанчыны. Магчыма, яна — адна з іконаў культуры 1970-х...

Памёр П’ер Башле, аўтар песьні Emmanuelle, ад раку. Ад раку таксама памерла Сыльвія Крыстэль. Ars longa, vita brevis — кажацца наогул пры такіх нагодах. Але мне чамусьці хочацца тут пакарыстацца крыху хуліганскай перафразай: бывай, абуджаная сэксам дарагая...


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG