Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брытаніі знойдзеная частка выкрадзеных у Расеі сродкаў, што раскрыў Магніцкі


Дырэктар Hermitage Capital Уільям Браўдэр

Дырэктар Hermitage Capital Уільям Браўдэр

У Вялікабрытаніі выяўленыя 30 з 230-і мільёнаў даляраў, выкрадзеных з расейскага бюджэту, што высьветліў юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі, які памёр у маскоўскім ізалятары ў лістападзе 2009 году.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі «Справядлівасьць для Сяргея Магніцкага», якой кіруе дырэктар Hermitage Capital Уільям Браўдэр, 3 траўня ён выступіў на слуханьнях у брытанскім парлямэнце і распавёў, што звыш 30 мільёнаў даляраў з выкрадзеных грошай былі легалізаваныя злачыннай супольнасьцю Дзьмітрыя Клюева і паступалі ў Вялікабрытанію з літоўскіх і кіпрскіх афшорных рахункаў.

Дзьмітрый Клюеў ўнесены ўрадам ЗША ў санкцыйны «сьпіс Магніцкага». Клюеў зьяўляўся ўладальнікам «Унівэрсальнага банка зьберажэньняў», праз які былі адмыты амаль 8 з паловай мільярдаў рублёў у 2006 і 2007 гадах — праз зьвязаныя з Клюевым кіпрскія кампаніі «Альт Інвэст» і «Зібар Мэнэджмэнт», а таксама праз літоўскі банк Ukio Bankas, уладальніка якога Ўладзіміра Раманава расшукваюць улады Літвы.
Сярод асобаў, якія маюць дачыненьне да адмываньня гэтых грошай, былі і брытанцы.

Уільям Браўдэр заявіў аб неабходнасьці правесьці дбайнае расьсьледаваньне сабраных фактаў і дамагчыся таго, каб вінаватыя былі пакараныя ў адпаведнасьці з законам.

Слуханьні ў брытанскім парлямэнце праводзяцца камітэтам па ўнутраных справах (Home Affairs Committee) і прысьвечаныя эфэктыўнасьці закона «Аб даходах ад злачыннай дзейнасьці».

XS
SM
MD
LG