Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 траўня, у Сусьветны дзень свабоды прэсы, у выставачнай прасторы «ЦЭХ», што па вуліцы Кастрычніцкай 16, адкрылася выстава World Press Photo.

Менск стаў пятым па ліку горадам у Эўропе, дзе была разгорнутая гэтая экспазыцыя, у якой прадстаўлены лепшыя 66 здымкаў, зробленыя цягам 2015 году.

Летась на конкурс было даслана каля 80 тысяч здымкаў ад амаль 6 тысяч аўтараў са 128 краінаў сьвету. У тым ліку за перамогу ў конкурсе змагаліся і 25 фотакарэспандэнтаў зь Беларусі.

Конкурс ладзіць World Press Photo Foundation, але на выяўленьне пераможцаў яна ня мае ўплыву. Лепшых называе міжнароднае журы, якое зьмяняецца штогод.

Пераможцы вызначаюцца ў некалькіх катэгорыях, сярод якіх «Прырода», «Штодзённасьць», «Спорт», «Гарачыя навіны» і г.д.

Пераможцы World Press Photo:

Фотагалерэя ў вялікім памеры тут

Калі ж меркаваць па выстаўленай у Менску экспазыцыі, галоўную ўвагу фатографы сьвету ў 2015 годзе надавалі тэме міграцыі і падзеям у Сырыі. А на другое месца, паводле колькасьці пададзеных на конкурс прац, выйшла тэма экалёгіі.

Наогул па выніках мінулага году журы прысудзіла прызы ў васьмі намінацыях, у ліку пераможцаў — 41 фатограф з 21 краіны.

Галоўны прыз у намінацыі «Фатаграфія году» быў аддадзены аўстралійцу Ўорэну Рычардсану.

Першая прэмія ў катэгорыях "Фота году" і "Гарачыя навіны" (Уорэн Рычардсан). Мужчына перадае дзіця праз калючы дрот на сэрбска-вугорскай мяжы, 28 жніўня 2015 году

Першая прэмія ў катэгорыях "Фота году" і "Гарачыя навіны" (Уорэн Рычардсан). Мужчына перадае дзіця праз калючы дрот на сэрбска-вугорскай мяжы, 28 жніўня 2015 году

Выставу ў Менску прадстаўляў адзін з трох яе куратараў Лоўрэнс Кортэвэг з Галяндыі, які падчас прэсавай канфэрэнцыі агучыў галоўную мэту конкурсу: паказ жыцьця такім, якім яно ёсьць. Гэта не заўсёды і не паўсюль сустракае разуменьне.

Паводле словаў Лоўрэнса, сёлета арганізатары выставы адмовіліся паказваць яе ў Турэччыне, бо на здымку аднаго зь пераможцаў ёсьць выява палітыка, які ў Турэччыне карыстаецца неадназначным прызнаньнем. Гэта магло зрабіцца перашкодай да паказу ўсёй калекцыі і выклікаць патрабаваньні карэкціроўкі экспазыцыі.

Куратар выставы Лоўрэнс Кортэвэг распавядае пра працы

Куратар выставы Лоўрэнс Кортэвэг распавядае пра працы

«Самацэнзура зьяўляецца для нас рэччу непрымальнай», — цьвердзіў Лоўрэнс Кортэвэг у Менску. Адабраныя для паказу працы пераможцаў не зьмяняюцца ў залежнасьці ад паказу ў той ці іншай краіны за вельмі нязначнымі выняткамі — патлумачыў куратар World Press Photo.

Конкурс World Press Photo праводзіцца з 1955 году, а лепшыя ягоныя здымкі паказваюцца ў Менску трэці год запар. Экспазыцыя на Кастрычніцкай будзе працаваць да 24 траўня.

XS
SM
MD
LG