Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна бяднее: ад чаго ўжо адмовіліся людзі, каб выжыць


Чорны танны хлеб, ячная каша і ніякіх далікатэсаў. Адзеньне і абутак — кітайскія ці з крамы «сэканд-хэнд». Як паказвае статыстыка, сярод тавараў эканом-сэгмэнта людзі пачалі выбіраць самыя танныя і і менш якасныя.

«Людзі купляюць больш танны тавар, адмаўляюцца ад элітнага тавару, і ўсё менш купляюць тавараў сярэдняй коштавай катэгорыі. Грэчкі купляюць усё менш і менш, затое на паліцах зьмятаецца ячная крупа, проса. На працягу ўсяго мінулага года вытворчасьць белага хлеба падала, а чорнага роўна на столькі ж расла», — кажа гендырэктар асацыяцыі пастаўшчыкоў гандлёвых сетак Аляксей Дарашэнка.

У рэжыме жорсткай эканоміі ўкраінцы жывуць ужо больш за два гады. Попыт на спажывецкія тавары ўпаў на чвэрць, імпарт скараціўся да мінімуму. Многія сем’і адмаўляюць сабе нават у самых танных прадуктах.


«На 25% за год спажываньне рыбы ўпала, на 10% мяса і мясапрадукты, на 16% садавіны, ягад...», — распавядае загадчыца аддзела Інстытута дэмаграфіі і сацдасьледаваньняў Акадэміі навук Украіны Людміла Чэранько.

Большая частка бюджэту цяпер ідзе на мэдычнае абслугоўваньне і камуналку. Не па кішэні многім сталі якаснае адзеньне і абутак, нават недарагі адпачынак і падарожжа. Сярэдні чэк турыста з Украіны істотна скараціўся, а паездкі ў дарагія эўрапейскія краіны ўкраінцы адклалі на потым.

З такім пакупальніцкім попытам туга даводзіцца малому і сярэдняму ўкраінскаму бізнэсу. За час крызісу з рынку прыйшлося сысьці амаль палове вытворцаў харчовых тавараў. Аднак, усё яшчэ можна выправіць, упэўненыя экспэрты. Калі ў краіне нарэшце стартуюць сур’ёзныя рэформы: судовая, падатковая, пракуратуры, мэдыцынская, пэнсійная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG