Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дынама» выдаліла старонку пра службу Домрачавай у КДБ


Дар’я Домрачава, архіўнае фота

Дар’я Домрачава, архіўнае фота

Старонка пра Дар’ю Домрачаву на сайце Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» выдаленая. Там паведамлялася, што алімпійская чэмпіёнка праходзіць службу ў КДБ і мае званьне старшага лейтэнанта.

Як паведамілі «Нашай ніве» ў БФСТ «Дынама», старонку выдалілі, бо «інфармацыя не абноўленая, састарэлая».

На сёньняшні дзень Дар’я Домрачава "не зьяўляецца членам спартыўнай каманды КДБ".

Аглядальнік Аляксандар Алесін сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэты шум вакол Домрачай «на пустым месцы». А інфармацыю пра трохразовую алімпійскую чэмпіёнку прыбралі, «каб не раздражняць».

«Калісьці ўсе гульцы футбольнай каманды менскага „Дынама“ мелі міліцэйскія званьні ці ўнутраных войскаў дзеля таго, каб атрымліваць там заробак. Што да ЦСК і СКА „Менск“, то ў савецкія часы была такая практыка, што ня толькі трэнэры, але і масажысты, лекары, спартоўцы мелі званьне. „Дынама“ — гэта клюб, які прадстаўляў і МУС, і КДБ. Натуральна, усе спартоўцы, каб атрымліваць па ведамасьці заробак, мелі вайсковыя званьні. Што да Домрачавай, то ўлічваючы, што фэдэрацыю ўзначальвае старшыня КДБ, гэта спосаб атрыманьня ёю заробку. А бонусаў за спаборніцтвы, відаць, чалавеку не хапае на жыцьцё. Практыка, калі ў нас вядучыя спартоўцы заключаюць дамовы з буйнымі вытворцамі, ня вельмі распаўсюджаная. Таму я думаю, што гэта шум на пустым месцы. Шчыра кажучы, я зьдзіўлены гэтай шуміхай. Няўжо вы сабе ўяўляеце Домрачаву, якая крадзецца з аўтаматам па сьлядах нейкіх шпіёнаў? Гэта сьмешна».

Выдаленая старонка зь біяграфіяй Дарʼі Домрачавай. Інтэрнэт-архіў archive.org

Выдаленая старонка зь біяграфіяй Дарʼі Домрачавай. Інтэрнэт-архіў archive.org

Спартовы аглядальнік Барыс Тасман сказаў, што ў МУС, КДБ, памежных войсках ёсьць спартовыя каманды. Ён кажа, што насамрэч гэта практыка, якая распаўсюджана ва ўсім сьвеце:

«Напрыклад, трохразовы алімпійскі чэмпіён па горных лыжах італьянец Альбэрта Томба ўвесь час падкрэсьліваў, што ён належыць да палка карабінэраў. Таксама ёсьць усясьветныя вайсковыя гульні, у якіх бяруць удзел спартоўцы, якія прадстаўляюць узброеныя сілы. То бок гэта распаўсюджаная практыка, і ў ёй няма нічога асаблівага. Зусім ясна, што Домрачава не займаецца выкананьнем нейкіх спэцзаданьняў. Яе задача — выдатна выступаць на лыжні. Таму я тут нічога ня бачу дзіўнага. Гэта практыка распаўсюджаная ў многіх краінах».

XS
SM
MD
LG