Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад сёньня за ўдзел у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне могуць пакараць 5 гадамі турмы


Ілюстрацыйнае фота. Баец добраахвотніцкага атраду «Пагоня» з пазыўным «Марк», які месяц ваяваў на Данбасе

Ілюстрацыйнае фота. Баец добраахвотніцкага атраду «Пагоня» з пазыўным «Марк», які месяц ваяваў на Данбасе

Папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць больш жорсткія пакараньні за экстрэмізм і значна палягчаюць прыцягненьне да адказнасьці за ўдзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі іншай краіны, сёньня пачалі дзейнічаць.

Гэтыя папраўкі раней падпісаў Аляксандар Лукашэнка, і празь 10 дзён пасьля апублікаваньня яны набылі моц.

Упершыню ў Крымінальны кодэкс уводзяцца папраўкі, якія прадугледжваюць адказнасьць «за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, за кіраўніцтва ім або яго структурным падразьдзяленьнем» у выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 7 гадоў, а пры паўторным парушэньні закону — да 10 гадоў. За фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня прадугледжанае пакараньне 6 гадамі зьняволеньня.

У 130-ы артыкул Крымінальнага кодэксу ўводзіцца адказнасьць за распальваньне сацыяльнай варожасьці або розьні, што будзе карацца максымальна 5 гадамі зьняволеньня. У Крымінальным кодэксе ўжо існуе норма аб пакараньні за распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.

Дадаўся артыкул, які дазволіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці фактычна любога беларуса, калі той браў удзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі іншай краіны. Цяпер сьледзтву будзе дастаткова даказаць факт удзелу ў вайне, а тое, што найміт ці добраахвотнік атрымліваў на вайне грошы, даказваць ужо ня будзе патрэбы. За ўдзел у ваенным канфлікце, прыкладам, ва Ўкраіне, суд зможа пакараць 5 гадамі зьняволеньня, а за вярбоўку добраахвотнікаў — 10 гадамі.

Паводле МУС Беларусі, вядома пра некалькі дзясяткаў беларусаў, якія бралі ці бяруць удзел у ваенным канфлікце ва Ўкраіне на розных баках. На некаторых зь іх ужо заведзеныя крымінальныя справы.

Напрыклад, крымінальная справа за ўдзел у ваенных дзеяньнях узбуджаная на Эдуарда Лобава, сустаршыню «Маладога фронту», які знаходзіцца ва Ўкраіне.
31 сакавіка ў кватэры, дзе жывуць яго бацькі, адбыўся ператрус. Як патлумачыла тады маці актывіста Марына Лобава, падчас ператрусу ёй прад’явілі пастанову, падпісаную пракурорам у сувязі з тым, што супраць Эдуарда Лобава распачатая крымінальная справа за ўдзел у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне.

У Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях таксама ўнесеныя зьмены. Гэтак, прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць за перавоз і распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць заклікі да экстрэмізму ці прапагандуюць такую дзейнасьць. На звычайнага грамадзяніна за гэта будзе накладацца штраф да 20 базавых велічынь, на прадпрымальніка — да 50 базавых, а на юрыдычную асобу — да 200 базавых велічынь.

А вось распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўключаная ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, пагражае распаўсюднікам ужо і адміністрацыйным арыштам. Альбо штрафам, але большым. Звычайнага грамадзяніна за гэта могуць аштрафаваць максымум на 50 базавых велічынь, індывідуальнага прадпрымальніка — на 100 базавых, а юрыдычную асобу — ажно на 500 базавых велічынь, — сказана ў законе, які быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і сёньня зьявіўся на Нацыянальным прававым партале.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG