Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для канцэрту памяці Ганны Вольскай не далі залю «Менск»


Ганна Вольская
Ганна Вольская

Адміністрацыя Рэспубліканскага культурна-асьветніцкага цэнтру «Менск» адмовілася даць залю для канцэрта памяці Ганны Вольскай.

У лісьце дырэктару прыватнага канцэртнага агенцтва «Шаблі» паведамляецца, што «ў сувязі з правядзеньнем з 6 па 8 ліпеня 2016 году дзяржаўнага мерапрыемства з удзелам органаў дзяржаўнай улады, сілавых міністэрстваў і ведамстваў, памяшканьне канцэртнай залі „Менск“ 7 ліпеня 2016 году прадстаўлена быць ня можа».

Дырэктар канцэртнай агенцыі «Шаблі» Ўладзімер Шаблінскі распавёў у фэйсбуку, што вялікая колькасьць музыкаў выказалася за тое, каб зладзіць канцэрт памяці Ганны Вольскай, якая памерла 23 сакавіка.

Для канцэрту абралі канцэртную залю «Менск».

«І ў часы NRMa, і наступныя імпрэзы „Крамбамбулі“, мы разам перажылі ў гэтай залі многае. Значную частку жыцьця», — піша Ўладзімер Шаблінскі.

Сродкі ад канцэрту музыкі плянавалі перадаць Лявону Вольскаму на выданьне новага сольнага альбома альбо на рамонт ягонага хутара.

«Яшчэ тады Лявон выказаў здагадку, што нам не дадуць дазволу на канцэрт. Мне здавалася, што дадуць, бо „ўсе мы людзі, усе сьмяротныя, і памяць пра чалавека, які адышоў, гэта сьвятое“. Я памыляўся. Сьвятога нічога няма», — напісаў Уладзімер Шаблінскі.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Ўладзімер Шаблінскі выказаў меркаваньне, што канцэрт, магчыма, давядзецца праводзіць у Літве.

«Цяпер зьявілася разуменьне, што распараджэньне аб адмове ў арэндзе памяшканьня прыйшло з галоўнай арганізацыі, якой падпарадкоўваецца заля „Менск“, — з Адміністрацыі прэзыдэнта. То, хутчэй за ўсё, правядзеньне канцэрту на любой іншай пляцоўцы сутыкнецца са складанасьцямі. То бок мы ня маем ілюзіяў. Адзін з магчымых варыянтаў можа быць канцэрт у Літве. Але не хацелася б, бо мы ж усе жывём у гэтай краіне».

Ганна Вольская, жонка і прадусарка сольных альбомаў Лявона Вольскага і «Крамбамбулі», дырэктарка гурту NRM, заўчасна памерла 23 сакавіка.

РС

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG