Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіджа Ісмаілава: Ня бойцеся, ваша ахвярнасьць вартая таго


Хадзіджа Ісмаілава

Хадзіджа Ісмаілава

Азэрбайджанскай журналістцы Хадзіджы Ісмаілавай, якая знаходзіцца ў турме, сёньня ўручылі Сусьветную прэмію ЮНЭСКА / Гільерма Кана «За выдатны ўклад у справу свабоды прэсы ў складаных умовах».

Цырымонія адбылася ў Фінляндыі.

У грашовым вымярэньні прэмія складае 25 тысяч даляраў. Яна названая ў гонар калюмбійскага журналіста, які быў забіты ў Багаце ў 1986 годзе каля рэдакцыі газэты El Espectador, у якой ён працаваў.

Хадзіджа Ісмаілава, якая супрацоўнічала з Радыё Свабода, адбывае тэрмін зьняволеньня ў Азэрбайджане паводле абвінавачаньня ў крадзяжы сродкаў і ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Многія зьвязваюць крымінальны перасьлед журналісткі зь яе матэрыяламі аб карупцыі, у якіх фігуравалі імёны высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў.

Крыстыян Аманпур

Крыстыян Аманпур

Выступаючы на цырымоніі, сусьветна вядомая журналістка Крыстыян Аманпур, якую ЮНЭСКА нядаўна прызначыла амбасадарам добрай волі, заклікала ўлады Азэрбайджану вызваліць Хадзіджу Ісмаілаву.

Аманпур сказала сярод іншага:

«Ідзе 516-ты дзень знаходжаньня Хадзіджы Ісмаілавай у турме. Сёньня з гэтай сцэны я заклікаю — і думаю, што многія з вас да мяне далучацца —каб улады Азэрбайджану вызвалілі яе. Гэта мусіць быць зроблена. Яна — проста чалавек, які з дапамогай паперы, асадкі і сацыяльных сетак робіць сваю працу — асьвятляе цёмныя куты і расказвае пра тое, што адбываецца ў сьвеце».

Падчас цырымоніі была зачытаная прамова Хадзіджы Ісмаілавай, якую яна напісала ў турме:

Паважанае спадарства, калегі,

Дзякую вам за велікадушную і ветлівую згоду ўзяць удзел у сёньняшняй вечарыне з нагоды ўручэньня штогадовай прэміі Гільерма Кана за ўклад у справу свабоды друку. З вашага дазволу патрачу хвіліну на тое, каб ушанаваць памяць Гільерма Кана, паколькі гэтая прэмія непарыўна зьвязаная зь імем гэтага чалавека. Адначасова яна ня менш непарыўна зьвязаная з прынцыпам свабоды друку.

Гільерма Кана быў забіты 17 сьнежня 1986 году каля выхаду з рэдакцыі сваёй газэты. На працягу ўсёй сваёй прафэсійнай кар’еры ён не баяўся гаварыць аб праблемах, адмаўляўся ісьці на кампрамісы, дамагаўся справядлівасьці. Як ляўрэат прэміі 2016 году хачу выкарыстаць дадзеную мне сёньня магчымасьць, каб сказаць вам некалькі словаў аб барацьбе і вартасьцях гэтай асобы ня ў якасьці падставы для ўсхваленьня, але ў якасьці закліку да дзеяньня. Яго місія засталася шмат у чым незавершанай. Усім нам, удзельнікам сёньняшняга мерапрыемства, трэба будзе зрабіць яшчэ вельмі шмат.

Дазвольце, я растлумачу. Ці чулі вы што-небудзь пра Эльмара Гусэйнава, гэтага азэрбайджанскага Гільерма Кана? Мяркую, што ў гэты вечар мы павінны ўспомніць аб тым, што зрабіў гэты чалавек і якую ахвяру ён прынёс. Эльмар Гусейнаў быў галоўным рэдактарам незалежнага часопісу «Манітор», прысьвечанага праблематыцы правоў чалавека, адзінага ў сваім родзе выданьня ў Азэрбайджане, місія якога складалася ўсяго толькі ў тым, каб казаць праўду пра тое, што адбываецца ў гэтай краіне. Эльмар быў застрэлены ў пад’езьдзе свайго дома 2 сакавіка 2005 году. Яго жонка і дзіця знаходзіліся дома, калі пачуліся гэтыя стрэлы^; з нагоды гэтага забойства не праводзілася расьсьледаваньне, не было суду і не былі названыя вінаватыя. Забойства Эльмара Гусэйнава было адным зь незьлічоных злачынстваў, учыненых супраць журналістаў, злачынстваў, якія засталіся беспакаранымі ў Азэрбайджане. Аддаючы даніну памяці Гільерма Кана, мы павінны ўспомніць і пра Эльмара Гусэйнава. Іх супольнае служэньне праўдзе не павінна прапасьці марна.

Цяпер, што тычыцца мяне. Як вы ведаеце, я гавару да вас з маёй турэмнай камэры з нагоды прысуджэньня мне прэміі, якую я не магу атрымаць. Вы спытаеце, у чым маё злачынства? Журналісцкае расьсьледаваньне, выкрыцьцё карупцыі, да якой маюць дачыненьне азэрбайджанскі прэзыдэнт Ільхам Аліеў і яго сямейнікі. Які прысуд вынесены мне судом? Сем з паловай гадоў турэмнага зьняволеньня ў выніку судовага працэсу, у якім не было прадстаўлена ніводнага доказу супраць мяне і ніводнага сьведкі, які б выступіў супраць мяне. Я працягваю жыць, з тым каб дамагацца правасудзьдзя, чаго ўжо ня зможа зрабіць мой калега і дарагі сябар Эльмар. Аднак гэта вельмі складанае заданьне, і я не змагу зрабіць гэта адна.

Таму я зьвяртаюся да вас. Наступствы таго, што журналістаў прымушаюць маўчаць, нясе на сабе ўсё чалавецтва. Менавіта таму некаторыя людзі лічаць, што забойства журналістаў — злачынства супраць чалавечнасьці. Вас, тых, хто сабраўся сёньня на гэтую цырымонію, я прашу пакінуць хваласьпеў маёй барацьбе або маёй мужнасьці, а замест гэтага прысьвяціць сябе таму, што кожны з вас можа зрабіць у імя свабоды прэсы і справядлівасьці. Вы цяпер маеце дачыненьне да Гільерма Кана, да Эльмара Гусэйнава і да мяне: усе мы зьяўляемся ахвярамі прыніжэньня чалавечай годнасьці і негуманнага абыходжаньня ў выглядзе замахаў на нашы асноўныя правы, непавагі да правасудзьдзя, пагарды да справядлівасьці і непрыманьня праўды. Насамрэч мы ўсе, што сабраліся сёньня, каб ушанаваць свабоду прэсы, павінны паабяцаць, што будзем змагацца за яе.

Вельмі сымбалічна, што ЮНЭСКА, якое выступае ў якасьці глябальнага абаронцы чалавечай цывілізацыі і яе дасягненьняў, аб’яднала нас для выкананьня гэтай місіі. Дык што ж стаіць за сёньняшнім заклікам да дзеяньня? Для ўсіх нас, асобных грамадзян, арганізацыяў і дзяржаваў гэты заклік азначае:

— Устаць на абарону праўды, не баяцца задаваць пытаньні і думаць крытычна.

— Не прымаць ніякіх адгаворак і аргумэнтаў наконт вязьняў сумленьня. Грамадзтва ня можа разьвівацца пры адсутнасьці кантролю і крытыкі з боку яго грамадзянаў. Разыходжаньне ў поглядах — гэта не падстава для заключэньня чалавека ў турму.

— Змагацца з карупцыяй і патрабаваць ад вашых урадаў і саюзьнікаў сумленнасьці і захаваньня законаў. Карупцыя — гэта зло, якое выклікае глыбокую дэградацыю. Не праходзьце міма яе і не заахвочвайце яе.

— Не разьлічвайце на бясьпеку ва ўмовах, калі няма даверу, няма эфэктыўнага стратэгічнага супрацоўніцтва з партнэрамі, якія паважаюць міжнародныя нормы і выконваюць свае абавязаньні.

— Ня бойцеся, ваша ахвярнасьць вартая таго.

У гэты вечар я пакорліва прымаю прысуджаную мне ўзнагароду, памятаючы пра тую барацьбу і тыя ахвяры, якія былі прынесеныя да мяне, і пра тую барацьбу, якая яшчэ толькі спатрэбіцца. Уставайце разам са мной на абарону свабоды і справядлівасьці.

XS
SM
MD
LG