Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе ад суду 5 год зьняволеньня для добраахвотніка «Правага сэктару» Тараса Аватарава


Тарас Аватараў

Тарас Аватараў

У Фрунзенскім судзе Менску пачаліся судовыя спрэчкі па справе жыхара Наваполацку, добраахвотніка «Правага сэктару» Тараса Аватарава, якому выставілі абвінавачаньне ў незаконных дзеяньнях са зброяй і правозе выбуховага прыстасаваньня празь мяжу.

Пракурор Аляксандар Мірончык у спрэчках заявіў, што віна Тараса Аватарава ў гэтых злачынствах падчас судовага сьледзтва была цалкам даказаная. Пракурор спаслаўся на паказаньні сьведак-міліцыянтаў, які затрымалі Аватарава на чыгуначным вакзале Менску ў лістападзе мінулага году. Тады ў Тараса Аватарава знайшлі бронекамізэльку, сыгнальны пісталет Макарава і ручную асколачную гранату ў самаробнай зборцы з запалам.

Паводле экспэртаў, на якіх спаслаўся пракурор, граната была гатовая для выбуху, што магло прывесьці да ахвяраў на плошчы некалькі дзясяткаў квадратных мэтраў. Тое, што Аватараў правёз гранату празь мяжу, паводле пракурора, даказваюць ягоныя паказаньні пасьля затрыманьня і падчас сьледзтва, а таксама акалічнасьці перасячэньня ім мяжы і паказаньні сьведак, зь якімі ён ехаў у адным аўтамабілі.

Тарас Аватараў правоз гранаты празь мяжу ў судзе не прызнаў. Паводле Аватарава, гранату ён знайшоў у аўтамабілі на сваіх рэчах ужо ў Гомелі. Незаконныя дзеяньні з гранатай на тэрыторыі Беларусі Тарас Аватараў прызнаў часткова — ён па-ранейшаму ня лічыць, што граната была баявая, і называе яе «сыгнальнай».

Пракурор папрасіў для Аватарава 4 гады зьняволеньня паводле 2 часткі 295 артыкула КК і 4 гады паводле 2 часткі 228 артыкула КК, а склаўшы гэтыя пакараньні, прапанаваў асудзіць яго на 5 год зьняволеньня без канфіскацыі маёмасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG