Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці цяпер ня тыя! Горшыя за дарослых. Пайшлі з малымі суботнім вечарам шпацыраваць па горадзе. Па сваіх справах. Месяц таму пасадзілі ў адным толькі нам вядомым месцы клён, хацелі паглядзець — ці ёсьць ужо лісьце. І заадно прагуляцца. Паесьці марожанае, ці што там робяць прыстойныя людзі ў суботу ўсёй сям’ёй. Часам на нас нешта находзіць — хочацца, каб было як у людзей. Але звычайна не выходзіць.

Выходзім са сваёй вуліцы на цэнтральную (канечне ж, Савецкую). А там нейкая мітусьня. Дакладней, дзьве мітусьні. Адна спакойная — нейкі пешаходны флэшмоб з назвай «Прыбраныя людзі з кошыкамі, у кошыках булкі, ідуць сем’ямі ў двух напрамках — да царквы і ад царквы». Нават улада падтрымала суботні флэшмоб ды запаліла па сквэры Грамыкі і па праспэкце Перамогі навагоднюю ілюмінацыю.

А другая мітусьня была неспакойная — па тратуары бегалі туды-сюды, вельмі нэрвова, два хлопцы нейкія. Да іх падбег міліцыянэр, яны ўзбуджана перакінуліся словамі зь ім, адчайна жэстыкулявалі, паказвалі пальцам у бок помніка танка (з малой літары) і разам з праваахоўнікам рванулі туды. (Дарэчы, гэта быў сам начальнік аддзелу аховы правапарадку і грамадзкай бясьпекі раёну, і я так лічу, што ня варта было б яму бегаць, як апаранаму, сярод спакойнага флэшмобу грамадзян з кошыкамі і ўзбуджаць атмасфэру).

«Пабеглі і мы за імі!» — неяк адразу крыкнулі я і галава сям’і і рэзка, з высокага старту, пачалі перасьледаваць міліцыянэра, які бег за маладымі людзьмі. Малы-меншы пабег з намі, старэйшы сказаў: «Як вам ня сорамна, вы хворыя!» — і зрабіў выгляд, што ня ведае нас. Здраднік! Дзеля нейкага грамадзкага меркаваньня (цьфу!) здрадзіў Інтарэсам Сям’і!

Па Савецкай, палохаючы мінакоў, беглі два хлопцы, за імі — міліцыянэр з рацыяй, за ім — мы. Мінакі зьдзіўлена глядзелі на «флэшмоб» круглымі, як тыя іх «пасачкі», і эліпсоіднымі, як тыя іх яечкі фарбаваныя, вачамі. У нейкі момант мы вырашылі, што проста так бегчы нудна, і для большага эфэкту мы (дарослыя) пачалі крычаць «Аааааа!». Да мяне кінуліся нейкія хлопцы: «Вам патрэбна дапамога?!» — «Не! Дапамажыце міліцыянэру!» (зарагаталі мы і панесьліся далей). Хлопцы наперадзе спыніліся, спыніўся і міліцыянэр, пачалі размаўляць. Мы спыніліся, трохі воддаль, і ветліва спыталіся: «Дапамога трэба?» — «Не!» — гыркнуў міліцыянэр. Яны пайшлі назад — ад танка. Але не пабеглі. Напэўна, фізычны гарт — ніякі.

...І тут пачалося. Як малы-меншы (старэйшы ж адрокся ад нас раней) сварыўся на нас! «Вы хворыя, вас пасадзілі б у турму, каб вы так у Амэрыцы беглі за паліцэйскім — вас бы наогул пастралялі! — Мы не ў Амэрыцы, азірніся! (адбрэхвалася я). — Нельга бегаць за міліцыянэрам! — Чаму нельга? Яму можна за намі, а нам за ім — не? — Таму што ён пры выкананьні абавязкаў, а вы яму перашкаджаеце, гэта крымінальны артыкул! — А хто дакажа, што мы беглі менавіта за ім? Можа, мы проста беглі? — Нельга па горадзе бегаць! — Хто табе сказаў? — Вы перашкаджалі міліцыянэру! — Ды мы проста так беглі! — О так, і выйдзі з вамі пагуляць, толькі непрыемнасьці знойдзеш! — Ну малы, ну гэта ж такая лёгкая прыгода, ну ня ный! — Не хачу я ніякіх прыгод! Я проста выйшаў пагуляць, а не прыгоды шукаць!». Ён яшчэ доўга выхоўваў нас, маўляў, так нельга, міліцыянэр — сьвяшчэнная карова, пры выкананьні, бегаць нельга, парушаць спакой грамадзян і так далей. Урэшце мы купілі яму марожанае, і ён трохі супакоіўся.

Ня тыя цяпер дзеці, ня тыя.

А якая тут мараль, скажаце вы? За маральлю — не да мяне. Вам — да малога нашага.

Алена Германовіч

XS
SM
MD
LG