Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пятровіч — беларускае прозьвішча, Петрович — расейскае «отчество». Піша Вінцук Вячорка.

Беларускую інфармацыйную прастору абышла навіна: Антось Вусовіч, фізык і пэдагог, у выніку чатырохгадовага дужаньня з пашпартна-міліцэйскімі органамі дамогся-такі пашпартных запісаў адпаведна сваім патрабаваньням.

Па-першае, у пашпарт запісалі беларускую нацыянальную форму Антось. Па-другое, імя і прозьвішча і па-расейску запісаныя карэктна — Антось Вусович, мэтадам трансьлітарацыі, а не «Антон Усович» (гэта ўсё роўна як запісаць імя польскага прэзыдэнта Andrzej Duda як «Андрей Дудо»). Па-трэцяе, для міжнароднага ўжытку імя і прозьвішча набраныя беларускаю лацінкаю, а не псэўдаангельскім трансьлітам, праўда, без дыякрытычных значкоў над Ś і Č (бо кампутары пашпартна-візавага ведамства ў XXI стагодзьдзі такіх, бач, ня маюць). Г. зн. Antos Vusovic (спрошчаная вэрсія ад Antoś Vusovič).

А яшчэ ён, спаслаўшыся на арт. 33 Закону аб мовах, паводле якога

«...асабовыя імёны і прозьвішчы ўжываюцца ў адпаведнасьці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыяй, нормамі і правіламі беларускай [у гэтым выпадку]... мовы»,

запатрабаваў не пісаць імя па бацьку ў асабовым дакумэнце. Дарэчы, можа хто ня ведае, але апошнія інструкцыі Міністэрства ўнутраных справаў дапускаюць, што ў грамадзянаў Беларусі можа ня быць імя па бацьку. Прыкладам, стандартная форма заявы аб наданьні зьвестак з рэгістру насельніцтва.

У арыгінале, вядома, па-расейску.

Але чамусьці менавіта гэтае пажаданьне А. Вусовіча выклікала спрэчку і нават непрыманьне ў сеціўных дыскусіях. Маўляў, адмова ад імя па бацьку — непавага да бацькі. Да таго ж Вусовіч патрабаваў запісаць ягонае імя ў «спрадвечнай беларускай форме» — без імя па бацьку, якое зьяўляецца расейскай традыцыяй. І тут на яго напалі пэўныя гісторыкі. Маўляў, разгортваеш які-хаця беларускі дакумэнт эпохі ВКЛ — і там імёнаў па бацьку безьліч, а значыць, Вусовіч выдумляе.

Разьбярэмся.

Вядома ж, бывалі ў нашых продкаў у даўніну імёны па бацьку. Дасьледніца імёнаў Ганна Ўсьціновіч аналізуе спосабы менаваньня жыхароў Горадзеншчыны й Берасьцейшчыны ў XV–XVIII ст. і робіць выснову:

У XV–XVIII стст. адсутнічаў адзіны спосаб пэрсаніфікацыі асобы... тыпу сучасных прозьвішчаў. Гэта акалічнасьць ускладняла ідэнтыфікацыю асобы. ...Каб пазьбегнуць гэтай нязручнасьці, выкарыстоўваліся... другое ўласнае імя, імя-мянушка, імя па бацьку, назва ўладаньня або мясцовасьці. ...Ужываліся адна‑, двух-, трох‑ і чатырохчленныя назвы, якія ўтвараліся фармантамі -ович/-евич, -ич/-иц, -еня/-эня, ‑енко, -ов/-ев, -ин, -ский/-цкий; -овна/-евна, -инна, -анка/-янка, -ович(а)/-евич(а), ‑овая/-евая, ‑ова/-ева, -иная, -иха/-ыха. Найбольш пашыранымі былі двухчленныя намінацыі, у якіх другі кампанэнт на -ович/-евич, -ич не зьяўляўся прозьвішчам, а выступаў у якасьці імён па бацьку (на Войтка Федковича — Войткова отца Федька, Тимохъ Миткевичъ — отецъ Митко).

Тое самае было ўва ўсіх іншых эўрапейскіх народаў. Але ўзьнікла эканамічна-юрыдычная патрэба дакладна вызначаць спадкаемцаў ды падаткаплатнікаў. Таму сярэднявечныя імёны па бацьку ў Эўропе практычна ўсюды сталі імёнамі ад продка старэйшага калена, г. зн. пераўтварыліся ў прозьвішчы, запанавала эўрапейская мадэль «асабовае імя + сямейнае імя (прозьвішча)».

Праўда, ёсьць вынятак. Адзіны эўрапейскі народ — ісьляндцы — на сваім краі сьвету, дзе ўсе ўсіх і так ведаюць, празь вякі захавалі архаічную мадэль «асабовае імя + імя па бацьку». Ingólfur Arnarson — Арнараў сын — скандынаўскі першапасяленец выспы.

Вядомая лёгкаатлетка (бег з барʼерамі) Guðrún Arnardóttir, адпаведна, будзе Арнарава дачка. Але прозьвішчаў у ісьляндцаў няма і яны нават забароненыя законам.
Але ўва ўсіх іншых народаў Эўропы на захад і поўнач ад нас імя па бацьку ператварылася ў прозьвішча. Як прозьвішчы блізкароднасных ісьляндцам нарвэжцаў, швэдаў і данцаў на ‑son/‑sen.

Адамовіч — нашчадак Адама

Тое самае ў беларусаў. Ян Станкевіч у сваім «Маленькім маскоўска-беларускім слоўнічку» адвёў праблеме асобны разьдзельчык.

Ветлых зваротаў па бацьку («по имени и отчеству») ў Крывiчоў няма i нiколi ня было. Былi калiсь назовы сыноў на ‑iч (Iльлiнiч, Хадасевiч, Пятровiч), але яны ня былi ветлымi зваротамi ...Пазьней гэтыя назовы сталiся прозьвiшчамi.

Перш у манаршых радзінах. Скажам, Альгерд і Кейстут — Ґедымінавічы, бо Ґедымінавы сыны. А ўжо іхныя нашчадкі — Вітаўт, Ягайла, Жыґімонты І, ІІ і ІІІ завуцца Ґедымінавічамі як радзінным найменьнем. Зь цягам часу падобна адбылося ўва ўсіх станах Вялікага Княства: імёны па бацьку сталі прозьвішчамі Адамовіч, Барткевіч, Пацэвіч, Пятровіч. Акрамя гэтай — найбольш пашыранай — мадэлі, таксама ад колішніх найменьняў паводле бацькавага імя, прафэсіі ці мянушкі паходзяць беларускія прозьвішчы накшталт Клімук, Міхалок, Петрушэнка, Дзямідчык, Глебка, Кавалец, Кірпічонак (ад Кірпа ’кірпаты’) і г. д.

Жаночыя найменьні ўяўлялі сабою адметную разбудаваную сыстэму з асобнымі ўтварэньнямі ад імёнаў бацькі ды мужа (Андрэевая Харужычавая Ейшыская Зафея Янаўна Сурвілянка, Лідзкі павет, 1567 г.).

Аўтар фундамэнтальных працаў у беларускай антрапаніміі акад. Мікалай Бірыла лічыў, што прозьвішча як элемэнт поўнага найменьня асобы ў Беларусі канчаткова сфармавалася ў XVII–XVIII ст.

Сапраўды, вось інвэнтар горада Вяліжа з попісам падаткаплатнікаў, 1772 год — перад самай маскоўскай акупацыяй. Вуліца Замак да Дзьвіны ідучы. Уласьнікі пляцаў: Я[сны] П[ан] Мацей Грыжэвіч. Флярʼян Станкевіч. Ян Станкевіч. Ян Багдановіч. Прахор Семіпядны. Апанас Кантараў. Аўдзюня, удава. Даніла Рацкевіч. Антон Гінак. Міхал Тулкоўскі. Клім Іваноў. Халімон Кузьмін. Андрэй Гніда. Несьцер Шчукін. Якуш Гніда. Улас Данькевіч. Я[сны] П[ан] Францішак Лявіцкі.

Як бачым, мадэль «імя + прозьвішча» ужо пануе, імёнаў па бацьку як «сярэдняга складніка» няма ні ў кога — што ў звычайных мяшчанаў, што ў «ясных паноў». Багдановіч такое самае прозьвішча, г. зн. сямейнае найменьне, як і Лявіцкі ці Тулкоўскі. Гэта крайні ўсход беларускай этнамоўнай прасторы, таму бачым і мадэль прозьвішчаў на -оў/-ін.

У цэлым антрапанімічная карціна цалкам беларуская.

Першапрычыну такога стану ў 1966 г. дасьледаваў Мікалай Бірыла:

Сапраўды, на ўсходзе было зусім інакш.

«Глаза вылезли, борода задралась»

Статус імя па бацьку ў Маскоўскай дзяржаве апісаў вядомы расейскі лінгвіст Афанасій Сялішчаў:

«...Імёнам па бацьку на -ич, -ович у афіцыйным ужытку нададзенае было вузкасаслоўнае значэньне. Так належала менаваць князёў і цароў і блізкіх да іх асобаў. Як праява вышняй ласкі разглядалася дараванае нямногім асобам права менавацца імем па бацьку з заканчэньнем -ич, -ович, -евич. Ранейшыя прозьвішчы, што атрымаліся з імя па бацьку на -ич, зьмяняліся на загад Масквы. Так, у Пскове... прозьвішчы Строиловичи, Люшковичи, Ледовичи ды інш. зьмяніліся на Строиловы, Люшковы, Ледовы...»
Селищев А. М. Происхождение русских фамилий, личных имен и прозвищ (1948)

Кацярына ІІ зацьвердзіла сьпіс тых, каму належала «поўнае» імя па бацьку на ‑ич. Гэта чыноўнікі найвышэйшых пяці службовых клясаў. Службоўцы 6–8 клясаў мелі права на «прасьцейшае» імя па бацьку («полуотчество») на -ов, -ев, ‑ин, а ніжэйшым забаронена было пісацца зь імем па бацьку.

А. Сялішчаў бачыць гэта часткаю шырэйшае карціны сацыяльнай дыскрымінацыі ў расейскай мове таго часу:

«Паралельна з абмежаваньнем ужытку імёнаў па бацьку на -ович, -евич, якія набылі надта прывілеяванае значэньне, ... адбываўся працэс зьневажальнага слоўнага выяўленьня асобы перад вялікім князем і царом: і сяляне, і баяры, і сьвятарства ўсялякага рангу — ня „люди“, а „людишки“; у іх ня „честь“, а „честишка“; яны абараняюць часам не „животы“ свае, а „животишка“ (маёмасьць, жывёлу), сябе і сваіх блізкіх называюць імёнамі з суфіксамі памяншальнага і зьневажальнага значэньня».

Расейскі мовазнаўца Леў Усьпенскі ваяваў у складзе Чырвонай арміі супраць Станіслава Булак-Балаховіча, але пазьней напісаў сэрыю добрых і нешавіністычных папулярызатарскіх кніг пра лінгвістыку, у тым ліку «Ты и твоё имя».

Пра формы на -вич ён кажа: «...На протяжении веков эта незаметная частица делила весь народ на господ и слуг». А ілюструе сказанае эпізодам з раману Аляксея Талстоя «Пётр I», дзе цар намаўляе купцоў вазіць тавар за мяжу, а купцы не рашаюцца. І вось цар выкладае апошні аргумэнт-заахвочваньне:

— А сам поедешь с товаром?.. Молодец!.. Андрей Андреевич, пиши указ... Первому негоцианту-навигатору... Как тебя, — Жигулин Иван, а по батюшке?
Жигулин раскрыл рот, поднялся, глаза вылезли, борода задралась.
— Так с отчеством будешь писать нас?.. Да за это — что хошь!
И, как перед Спасом, коему молился об удаче дел, повалился к царским ножкам...

В. Янушкевіч. Барэльеф памяці закатаваных Пятром І у 1705 г. полацкіх манахаў-базыльянаў. Касьцёл сьв. Андрэя Баболі, Полацак. Фота Радыё Рацыя

Так, імёны па бацьку на -вич сталі ў Расеі прадметам зайздрасьці і статусу. Таму пасьля вызваленьня сялянаў у 1861 годзе іх сталі ўжываць усе станы поруч зь імем і прозьвішчам.

Магчыма, што на замацаваньне трохчасткавай сыстэмы найменьня асобы ў расейскай мове паўплываў таксама іншамоўны кантэкст. Імя па бацьку ў тым ці іншым кшталце ўжываецца ў цюрскай, арабскай і некаторых іншых усходніх традыцыях.

Расейская акупацыя — у абліччы Расейскай і савецкай імпэрыяў — прынесла з сабой асымілятарскую анамастычную палітыку, якая закранала і тапанімію, і найменьні людзей. Расейскі анамаст Уладзімір Ніканаў у 1986 годзе пісаў пра антрапанімічную сытуацыю ў СССР:

«За прыкладам расейскай сыстэмы імёнаў ува ўсіх народаў нашай краіны распаўсюджваецца імя па бацьку, якога яшчэ 30–40 гадоў таму яны ня ведалі».

Не магу не дадаць ужо з сучаснасьці. Прышчапляюць сваю мадэль, а потым самі ж і зьдзекуюцца з уяўных яе ўвасабленьняў у мовах, дзе «отчества» няма (альбо яно ўтвараецца зусім іначай):

Ніканаў зьвяртаў увагу на самастойную вагу «отчества» ў расейскай мове, якое там ужо ў XIX стагодзьдзі магло ўжывацца самастойна «для выяўленьня пэўнага спалучэньня фамільярнасьці і павагі — напрыклад, у дачыненьні да прыгонных выхавальнікаў». І падаваў прыклады з Пушкіна — Савельич («Капітанская дачка»), Филипьевна («Яўгені Анегін»).

Іванавіч? Гэта я, значыць?

А вось у Беларусі таго ж XIX стагодзьдзя імёнаў па бацьку ў народным словаўжываньні не было. Нядаўна апублікаваны «Канкарданс беларускай мовы XIX стагодзьдзя» — поўны слоўнік з кантэкстамі на аснове ўсіх вядомых тэкстаў; укл. Ніна Сянкевіч. Дык зь яго ясна вынікае, што імёнаў па бацьку беларусы міжсобку не ўжывалі.

Адзіным аўтарам, які ўкладаў у вусны сваім пэрсанажам імя па бацьку на ‑віч як форму звароту, быў Аляксандар Пшчолка, дастаткова спэцыфічны дзяяч, тыповы «западнорусс», перакананы, што цёмнага беларускага мужыка ўратуе расейская асьвета.

У ягонай сатыры «Панскае ігрышча» дурны селянін апісвае баль:

І-іх, заработалі нагамі: чэшуць, чэшуць, чэшуць, як брыклівая кабыла. Сталі. Чмыхаюць. Аддуваюцца. Труць лбы. Я адвярнуўся, падняў руку к носу, а паніч мяне цап во за гэта месца. Мікалай Іванавіч (гэта я, значыць), пройдзем вон туды. (...) Пашлі к будкам. Тут барыні манаполію прадаюць, толькі бутылкі не таго калібра...

Паніч называе селяніна Іванавіч, а той зьдзіўлена ўдакладняе: так, гэта мяне ён так заве. У беларускую рэальнасьць пераносілася расейская мадэль, у якой «отчество на -вич» паказвала на высокі статус асобы.

І ў наступным ХХ стагодзьдзі беларуская літаратура спачатку ня сьведчыла пра імёны па бацьку ў побыце беларусаў. У Коласавай «Новай зямлі» ‑вічоў нямала, вось так званая «сэсія» палясоўшчыкаў — калег галоўнага героя:

Тут быў Скварчэўскі, Ліхтаровіч,
Амброжык, Суднік, Астахновіч,
«Памдзей», абʼездчык і мысьлівы,
На пачастункі памаўзьлівы,

але Ліхтаровіч ці Астахновіч — звычайныя нашыя прозьвішчы. Імя па бацьку зьяўляецца толькі ў Коласавай прозе. Раман «У палескай глушы», заежджы школьны інспэктар зварачаецца да мясцовага настаўніка: Трахім Пятровіч. А той адказвае: Так, гаспадзін інспектар. Колас дае зразумець, што гаварылі яны міжсобку па-расейску. Такіх выпадкаў у рамане толькі тры, і ўсе яны — да дзяржаўных службоўцаў, якімі былі і настаўнікі, ці іхных сямейнікаў.

Цікава, што Колас наўпрост закранае ў рамане тэму ‑вічоў, але імя па бацьку тут ні да чога:

Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся.

«Я — ліцьвін», — зь нейкаю гордасьцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасьць да ліцьвіноў даводзіў ... і тым, што яго прозвішча — Баранкевіч — мела канчатак на «іч»... Даведаўшыся, што прозьвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканьні зь ім прыметна выказаў адзнакі здавальненьня:

— То і пан — ліцьвін! — весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. Сваё ліцьвінства ён падкрэсьліваў пры кожным зручным выпадку, кажучы: «Мы, ліцьвіны, любім піць гладка!»

«Копирыч» як «Копипастыч»

Беларуская песьня-танец пра жанчыну завецца «Лявоніха», а расейская — «Семёновна».

У Беларусі завядзёнка ў побыце называць чалавека проста Пятровіч або Пятроўна зьявілася толькі ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя пад магутным уплывам расейскай мовы, войска, масавай культуры. Уплыў працягваецца. Вось назіраньне аўтара падарожных нататак на расейскім рэсурсе «Сноб».

Зь лінгвістычнага гледзішча цяжка запярэчыць. Такія другасныя, правінцыйныя «брэнды» імітуюць звароты толькі па бацьку, ды яшчэ з моцнай рэдукцыяй (не «Михайлович», а «Михалыч»), — чыста расейскую моўную зьяву (у інтэрнэт-жаргоне мэханічнае, нятворчае капіяваньне называюць англіцызмам «копі-паст»).

Выняткам магла б быць «Слодыч» — у беларускай мове назоўнік жаночага роду, мадэль назоўніка якасьці, аналягічная словам горыч і далеч (корань слод-, праўда, з гістарычна польскім няпоўнагалосьсем). Слова прыгожае, паэтычнае, песеннае.

Што з сабой вазьму, а што пакіну? Горыч палыну ці слодыч мёду? (Алесь Камоцкі — Алфансас Малдоніс)

Але кіраўнікі былой бісквітнай фабрыкі вырашылі перапісаць слова ў мужчынскі род: «Чайный Слодыч» (чытаецца «чяйный слодычь»).

І яно перайшло ў разрад «Михалычей» ды «Копирычей».

Васілёва дачка, ясна панначка

(з валачобнай песьні)

Трэба адрозьніваць ветлівы зварот па бацьку, абавязковую форму на -віч, -ўна і фармальную патрэбу пазначыць у дакумэнце бацькава імя. Між іншым, у пашпарце БНР графы «імя па бацьку», як і іншых графаў для складнікаў асабовага найменьня, не было наагул.

Мікалай Бірыла зазначае, што ў дакумэнтах ВКЛ ужываліся, хоць нячаста, апісальныя канструкцыі з словам сын: Ханец Мордасаў сын Карозіч (Горадзенскі павет); Марцін Асташоў сын Яцкевіча (Слонімскі павет); Іван Яцкоў сын Калбовіч (Пінскі павет). Усе з Попісу (перапісу вайсковаабавязаных) 1567 г.

Шчэ ў 1920-я гады, падчас кароткай беларусізацыі, у дакумэнтах імя па бацьку хто хацеў пазначалі родным склонам.

Хай мне даруецца абмылка.
Затым з пашанай застаюсь
Ўладзімер, сын Адамаў, Жылка,
Па волі лёсу беларус.

Вельмішаноўны Пан Рэдактар...», 1921)

Як сьведчыць аўтар даведніка «Як у нас клічуць» Сымон Барыс, у пасьведчаньні аб нараджэньні гісторыка Леаніда Лыча (н. 8 лютага 1929 г.) было запісана Лыч Леанід Міхасёў. У школе хлопчык быў запісаны Лыч Леанід Міхасевіч. А пасьля вайны ў пашпарце ён быў ужо Леанід Міхайлавіч.

Калі носьбіт(ка) імя прынцыпова не заве сябе імем па бацьку на -віч/‑ўна, але ў нейкім дакумэнце яго вымагаюць вылучна дзеля больш дакладнай ідэнтыфікацыі асобы, то зусім нармальна так і напісаць: Пятроў сын, Васілёва дачка.

Але сп. Вусовіч цалкам меў рацыю, настаяўшы на сваім праве абысьціся без імя па бацьку ў сваім афіцыйным найменьні.

Ці азначае гэта, што такі беларус менш шануе бацьку свайго ці суразмоўцы? Вядома ж, не. Павага да бацькоў, безумоўна, уласьцівая беларусам, але выяўляецца яна ў іншым. А вось нашая традыцыйная апошнімі стагодзьдзямі мадэль звароту і найменьня больш зьвернутая непасрэдна да асобы, больш індывідуалістычная, падкрэсьлівае самакаштоўнасьць асобы. Для сьведчаньня ўсемагчымых ступеняў павагі да суразмоўцы беларуская мова мае шырокую палітру зваротаў, як больш афіцыйных, так і штодзённых (спадар, дзядзька, Вашаць і пад.)

***

Зразумела, імя па бацьку на віч/ўна за апошнія дзесяцігодзьдзі моцна ўгнязьдзілася ў Беларусі. Многія нават не падазраюць, што зусім нядаўна (паводле гістарычнага маштабу) беларусы ня ведалі такой антрапанімічнай мадэлі. Мой тэкст — зусім ня спроба яе выкараніць, хай сабе будзе. (Хаця я яшчэ зьвярнуся да праблемы імёнаў па бацьку ад беларускіх народных формаў імёнаў — Алесь, Міхась, Пётра).

Але спадар Вусовіч стварыў важны прэцэдэнт. Калі дзяржава, якая называе сябе беларускаю, ня дбае пра замацаваньне нацыянальнага іменаслоўнага канону, то яна прынамсі не павінна перашкаджаць сьведамым грамадзянам вяртацца да нацыянальнай традыцыі. І тады само жыцьцё вызначыць, якія формы найменьняў замацуюцца як нацыянальны стандарт.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG