Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская журналістка распавяла, як правяла 14 месяцаў у турмах «ЛНР»


Марыя Варфаламеева
Марыя Варфаламеева

Ежа раз на дзень, прыбіральня — не заўсёды, білі слабей за хлапцоў, бо шкадавалі. Гісторыя Марыі Варфаламеевай.

Маладая луганская журналістка Марыя Варфаламеева распавяла расейскай Свабодзе, як правяла год і два месяцы ў турмах самаабвешчанай «ЛНР». Яе назвалі карэктыроўшчыцай агню і дывэрсанткай за тое, што яна зрабіла некалькі фотаздымкаў дамоў, у якіх жылі апалчэнцы. Ёй пагражала 15 гадоў пазбаўленьня волі, але ў сакавіку Марыю абмянялі на расейскага снайпэра.

Варфаламеева кажа, што сфатаграфаваць казармы папрасіў знаёмы журналіст, не растлумачыўшы, што менавіта ён просіць зьняць. Яна спакойна фатаграфавала дамы і падышла да людзей, якія выходзілі з аднога з дамоў, каб удакладніць нумар — тады яе і затрымалі. За неапублікаваныя здымкі ёй інкрымінавалі «замах на злачынства», правялі ў доме ператрус ды забралі ўсё каштоўнае: тэхніку, грошы, нават намёты.

Яе, як кажуць у Луганску, зьмясьцілі «на падвал»:

«Гэта быў падвал упраўленьня МУС, — кажа Варфаламеева. — Там я была месяц, і мае бацькі ня ведалі, дзе я знаходжуся. Толькі потым яны ўбачылі, што так званы міністар, несапраўдны міністар несапраўднае дзяржавы, выступае па тэлевізары і кажа: дзякуючы пасьпяховай працы спэцслужбаў затрыманы небясьпечны злачынца. І паказвае на маім пляншэце мае фоткі. Толькі такім чынам мае бацькі даведаліся аб маім месцазнаходжаньні».

У падвале без прыбіральні, дзе яе трымалі, некалькі дзён не было нават сьвятла, кармілі раз на дзень і не давалі зьвязацца з родзічамі, ня кажучы ўжо пра адваката. Толькі пасьля выступу «міністра» ёй дазволілі паразмаўляць з маці.

«З падвала мяне перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, там я была паўтара месяца. Там ужо была прыбіральня, чыста, больш-менш нармальныя ўмовы. Пасьля гэтага мяне перавялі ў СІЗА, там я была каля пяці месяцаў, там таксама быў туалет, прынамсі, умовы больш-менш прыдатныя да жыцьця. Потым, калі сарваўся ў мяне абмен, мяне перавялі ў падвал „міністэрства дзяржбясьпекі“, там я была на працягу паўгода. Там не было ні прыбіральні, ні вокнаў, нічога. Харчаваньне адзін-два разы на дзень. Пасьля МДБ была камэндатура, дзе ўтрымліваюцца людзі перад абменам. Там я правяла паўтара месяца. Там жудасна было, немагчыма брудна, холадна. Дужа патыхала ад прыбіральні па ўсім памяшканьні».

Пра тое, што яе ўсё-ткі абмяняюць, яна даведалася за пару гадзінаў да абмену:

«...Прыходзяць і кажуць: «Рыхтуйся». Я кажу: «Да чаго рыхтавацца?» — «Да чаго, да чаго — да расстрэлу». Я кажу: «У сэнсе?» — «Тое, чаго ты чакаеш, да таго і рыхтуйся».

Журналістка кажа, што да яе стаўленьне было больш мяккім, бо «ты дзяўчына, цябе шкада біць» — і білі яе ня так моцна, як хлопцаў.

Чытайце поўнае інтэрвію Марыі Варфаламеевай на сайце расейскай Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG