Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6-га траўня ў судзе Заводзкага раёну Менску будуць разглядаць справу трох актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Дзяніса Красачкі.

Іх абвінавачваюць у раздачы інфармацыйных матэрыялаў. З гэтай нагоды сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ў выніку можа быць створаны вельмі небясьпечны прэцэдэнт, якога раней не было ў гісторыі Беларусі.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Нашых актывістаў абвінавачваюць у тым, што яны раздавалі матэрыялы, у якіх даказвалася, што эканамічны курс, які праводзіць Аляксандар Лукашэнка і ягоны ўрад, вядзе нашу краіну ў тупік. І кожны, хто азнаёміўся з гэтымі матэрыяламі, меў магчымасьць падпісаць зварот аб адстаўцы Лукашэнкі і ягонага ўраду. Мабыць, вось гэта найбольш занепакоіла ўлады. Абвестку пра тое, што нашых актывістаў будуць судзіць, мы атрымалі пасьля таго, як раздалі адпаведныя матэрыялы на прахадной Менскага аўтамабільнага заводу».

Анатоль Лябедзька сказаў, што кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі накіроўвае ліст да ўсіх амбасадараў, які працуюць у Беларусі, каб тыя абавязкова прыйшлі на суд і пабачылі, што такое лібэралізацыя па-беларуску.

Пакуль ніякіх дакумэнтаў, акрамя пазову ў суд, офіс АГП ня бачыў. Як лічыць Анатоль Лябедзька, хутчэй за ўсё «на нас навесяць правядзеньне несанкцыянаванага пікету».

«Мы будзем дамагацца, каб не дапусьціць прэцэдэнту на забарону друкаванай прадукцыі».

XS
SM
MD
LG