Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі завінавачанасьць па зарплаце 80,9 млрд рублёў. І будзе толькі расьці, — экспэрт


На 1 траўня 2016 году пратэрмінаваная завінавачанасьць па зарплаце склала 80,9 млрд рублёў, што на 12,9 млрд рублёў больш, чым месяц таму.

Больш за ўсё арганізацыяў-даўжнікоў у Віцебскай вобласьці — 133, іх агульная завінавачанасьць склала 52,5 млрд рублёў. Далей ідуць: Менск — 11 (18,5 млрд), Магілёўская вобласьць — 9 (3,1 млрд), Гарадзенская — 8 (3 млрд), Менская — 5 (2,7 млрд) і Гомельская — 1 (991,1 млн.).

Найбольшая колькасьць даўжнікоў зафіксаваная ў сельскай гаспадарцы — 132 (сума доўгу — 50,9 млрд рублёў), будаўніцтве — 16 (9 млрд), прамысловасьці — 15 (20,3 млрд).

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію Свабодзе сказаў, што цяперашні ўзровень завінавачанасьці яшчэ не крытычны, але, мяркуючы па ўсім, будзе толькі павялічвацца.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«13 мільярдаў — гэта яшчэ не імклівы рост, бо вельмі важна, колькі гэта ад фонду заработнай платы. На сёньняшні дзень гэта яшчэ не крытычная маса. Але паколькі фінансавае становішча прадпрыемстваў вельмі дрэннае, то гэта таксама адлюстроўваецца на колькасьці дрэнных актываў у банкаўскай сыстэме. Гэта ў першую чаргу зьвязана з тым, што беларускія тавары, якія ёсьць на складах, не прадаюцца, попыт на іх значна меншы як на ўнутраным, так і на зьнешнім рынку. Таму трэба рабіць так званыя структурныя рэформы, якіх вельмі нашы ўлады баяцца. Таму завінавачанасьць па заробках будзе павялічвацца, і я думаю, што дойдзе да такой сытуацыі, як са складзкімі запасамі — улады будуць зьбіраць нарады і думаць, як гэта выпраўляць. Могуць таксама прадпрыемствы зноў залазіць у крэдытныя даўгі, беручы крэдыты на выплату заробкаў, але гэта таксама даўгавая пятля», — кажа ён.

Раманчук мяркуе, што разьвязаньне сытуацыі з завінавачанасьцю па заробках будзе шмат у чым залежаць ад рэакцыі людзей, а таксама ад таго, ці будзе ў банкаў магчымасьць даваць крэдыты на зарплату і які будзе ціск на Нацбанк, каб выдаваць банкам грошы на гэтыя мэты.

«Дагэтуль Нацыянальны банк трымаецца. Але ці будзе ён трымацца, калі завінавачанасьць будзе складаць 20% ад фонду заработнай платы — я сумняваюся. У такім выпадку мы ўсе заплацім інфляцыяй і дэвальвацыяй, але фармальна людзі нейкія грошы атрымаюць», — кажа экспэрт.

XS
SM
MD
LG