Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забылі забараніць — не забылі затрымаць. Новы пратакол на прафсаюзаўца «Шкловалакна»


Віктар Стукаў і Мікола Шарах раздаюць бюлетэнь “Стекляшка”, які выдае Свабодны прафсаюз беларускі

Віктар Стукаў і Мікола Шарах раздаюць бюлетэнь “Стекляшка”, які выдае Свабодны прафсаюз беларускі

Міліцыя склала пратакол на кіраўніка першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу беларускага на ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктара Стукава — ужо на наступны тыдзень пасьля акцыі, за якую ўжо склалі пратакол на іншага сябру прафсаюзу.

Увечары 28 красавіка, пасьля акцыі Свабоднага прафсаюзу беларускага ў падтрымку рабочага полацкага «Шкловалакна», зь якім адмовіліся працягваць кантракт, два чалавекі ў цывільным гвалтоўна затрымалі гэтага самага работніка — намесьніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага Міколу Шараха. На яго склалі пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі і несанкцыянаванае пікетаваньне.

Падчас пікету

Падчас пікету

Бээнэфавец і грэка-католік, прафсаюзны лідэр Шарах застаўся бяз працы, бо бараніў іншых

Увечары 2 траўня, на наступны тыдзень пасьля акцыі, пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне складзены на яшчэ на аднаго прафсаюзаўца, кіраўніка першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу беларускага на ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктара Стукава.

Віктар Стукаў

Віктар Стукаў

Пратаколы складаюцца за несанкцыянаваны пікет, хоць Полацкі райвыканкам не адказаў ні забаронай, ні дазволам на паведамленьне пра пікет, распавядае Стукаў. Дзяржаўныя ўлады, кажа ён, ня маюць права замінаць прафсаюзнай дзейнасьці ў любой яе форме згодна з артыкулам 3 Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 87 аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы.

«Таму выйшлі да кінатэатра „Радзіма“, нават не атрымаўшы з райвыканкама ніякага адказу — ні дазволу, ні забароны, — згадвае Стукаў. — Мікола Шарах трымаў прафсаюзны сьцяг, яшчэ некалькі чалавек раздавалі мінакам бюлетэнь „Стекляшка“, які выдае СПБ на нашым прадпрыемстве. На першай старонцы выданьня быў надрукаваны артыкул пра гісторыю звальненьня Міколы Шараха... Міліцэйскі відэаапэратар усё здымаў на камэру».

Паводле Стукава, падчас акцыі да ўдзельнікаў падыходзіла супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Натальля Ганебная, запатрабавала паказаць дазвол. Пачуўшы, што з райвыканкаму аніякіх папер у адказ на заяўку арганізатары не атрымлівалі, чыноўніца моўчкі сышла.

Пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне на Віктара Стукава складаў маёр Ігар Емяльянаў, старшы інспэктар аддзела аховы правапарадку і прафіляктыкі Полацкага РАУС. Апытваў спадара Стукава начальнік таго ж аддзела Іван Супрун. Абодва заявілі, што ў міліцыю «паступіла тэлефанаваньне пра пікет у цэнтры горада», але ад каго — не патлумачылі. На праверку «сыгналу» міліцыянты не выяжджалі.

Тым часам Шарах напісаў скаргу ў пракуратуру і на паводзіны міліцыянтаў падчас затрыманьня, і на тое, што ў пастарунку яму не дазволілі выклікаць адваката. Стукаў зазначае, што яго пасьля скаргі на дзеяньні міліцыянтаў тыя відавочна перамяніліся: размаўлялі пачціва і нават дазволілі прысутнічаць падчас складаньня пратаколу спадару Шараху — у якасьці грамадзкага прадстаўніка. Абодва прафсаюзныя актывісты чакаюць выкліку ў суд. Прыблізная дата працэсу — 12 траўня.

XS
SM
MD
LG