Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Горадні будуюць клон Лініі Сталіна — «Лінію Карбышава-Молатава»


У Горадні на праспэкце Касманаўтаў, што вядзе да хімічнага прадпрыемства «Азот», ствараецца «лінія Карбышава».

За гарадзенскім Курганам славы ўжо стаіць бронетэхніка часоў апошняй вайны і больш сучасная. Далей — муляжы з дрэва супрацьтанкавых «яжоў», за імі салдаты ўмацоўваюць неглыбокую траншэю сьвежым драўляным брусам. За траншэяй прыкапаны, як выглядае, лёгкі дэсантны танк, які да вайны ня мае дачыненьня. Справа ад яго — дзьве гарматы, у адной на шчытку надпіс «Гродненское ЖКХ».

Супрацьтанкавыя “яжы”

Супрацьтанкавыя “яжы”

Будучая «лінія» выглядае сьціпла. Але ў дзень адкрыцьця абяцаюць паказаць рэканструкцыю бою зь немцамі, таму чакаецца, што імпрэза зацікавіць гараджан.

Салдаты ўмацоўваюць траншэю

Салдаты ўмацоўваюць траншэю

Усё большае ўвекавечваньне гісторыі апошняй вайны — гэта тупіковы шлях, мяркуе грамадзкі дзеяч Ігар Кузьмініч, які раней выкладаў у Гарадзенскім унівэрсытэце:

Ігар Кузьмініч

Ігар Кузьмініч

«Вайна скончылася, трэба пра яе памятаць. Але ўвесь час аб ёй настойліва нагадваць — у гэтым бачацца бадай праявы мілітарызму. Гэта — першае, што прыходзіць на думку з нагоды новых помнікаў, зьвязаных з вайной, або разгортваньне ліній ці Сталіна, ці Карбышава».

У Ігара Кузьмініча два сыны, якія некалі езьдзілі да Кургана славы паглядзець танкі:

«Сынам спадабалася вайсковая тэхніка — яны ж хлопцы. Цікавасьць да яе ў некаторых выпадках спалучаецца з імкненьнем атрымаць ваенную прафэсію, і гэта нармальна. Але мы жывем у ХХІ стагодзьдзі, і падмацоўваць падобныя рэчы ідэалягічна сёньня ня варта. Навошта такая псэўдалінія? Магчыма, для турыстаў. Але ж некаторыя з умацаваньняў, што некалі будаваў генэрал Карбышаў, захаваліся насамрэч, ці ня лепей было б выкарыстоўваць менавіта іх, гэта значыць — сапраўдныя аб’екты?»

Танкі, выстаўленыя пры Кургане славы

Танкі, выстаўленыя пры Кургане славы

Гісторык Андрэй Вашкевіч — адзін з тых, хто вывучае абарончыя ўмацаваньні непадалёк ад Горадні, якія будаваліся пад кіраўніцтвам генэрала Карбышава.

Ён мяркуе, што «лінія Карбышава», якая будуецца — хутчэй адукацыйны праект, дадатак да Кургану славы:

Андрэй Вашкевіч

Андрэй Вашкевіч

«Напэўна, каб школьнікі там маглі праводзіць час. Але хацелася б, каб з часам была зьвернутая ўвага на тую рэальную лінію абароны, 68-га ўмацаванага раёну ў раёне Аўгустоўскага каналу і хаця б адзін з дотаў (дот: доўгатэрміновая абарончая кропка — РС) быў рэканструяваны паводле аўтэнтычнага выгляду. Тым больш, што такія праекты існуюць, напрыклад, у Заслаўі. І гэта цалкам рэальна — падрыхтаваць як турыстычны аб’ект сапраўдную лінію Карбышава або, як яшчэ называюць умацаваньні, „лінію Молатава“, — зазначае гісторык.— Тым больш, што захаваліся больш за сто аб’ектаў зь беларускага і польскага боку, пабудаваных для 68-га ўмацаванага раёну. Некаторыя ў даволі добрым стане. У адрозьненьне ад так званай „лініі Сталіна“, гэтыя доты ў першыя дні вайны па-сапраўднаму абараняліся, у іх загінула нямала салдат».

XS
SM
MD
LG