Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што засьведчыў зьезд партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ў Штутгарце? Ці пагражае Эўропе праварадыкальны марш на фоне мігранцкага крызісу?

Цыганкоў: У Штутгарце прайшоў зьезд правай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Дэлегаты прынялі выніковы дакумэнт, у якім сярод іншага заклікалі забараніць мінарэты, а таксама жаночыя галаўныя ўборы, якія цалкам хаваюць твар.

Партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» была створаная тры гады таму. Пакуль яна ня мае сваіх дэпутатаў у Бундэстагу — відаць, пераважна якраз з-за сваёй маладосьці. Але ўжо на апошніх рэгіянальных выбарах яна мела, на думку нямецкіх аглядальнікаў, аглушальны посьпех для такой маладой і правай партыі, і прайшла ў парлямэнты некалькіх нямецкіх земляў.

Ці пагражае Эўропе праварадыкальны марш на фоне мігранцкага крызісу? Я мяркую, што страхі моцна перабольшаныя. Па-першае, штосьці падобнае ўжо было не аднойчы за апошнія дзесяцігодзьдзі, і ўсё гэта так жа і сышло. Варта прыгадаць посьпех партыі Гайдэра ў Аўстрыі, даволі доўгі посьпех Нацыянальнага Фронту Лё Пэна ў Францыі. Аднак нельга сказаць, што посьпехі крайне правых ідуць па нарастальнай. Той самы Лё Пэн у 2002 годзе заняў другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах, атрымаў 17% і выйшаў у фінал. Але на наступных выбарах, у 2007 годзе заняў толькі 4-е месца. То бок няма няўхільнага росту папулярнасьці крайне правых, ёсьць хвалі прыліваў і адліваў. Такія посьпехі выглядаюць як раптоўны выбух, а потым грамадзтва да іх прызвычайваецца альбо на наступных выбарах гэтыя партыі ўжо не паўтараюць свой адзінкавы посьпех.

Тая самая партыя Лё Пэна мае цяпер меншыя працэнты, чым 8 −12 гадоў таму. Пра які паступовы посьпех можна казаць? І чаму гэта адбываецца? Таму што эўрапейскія так званыя мэйнстрымныя партыі, правацэнтрысцкія, левацэнтрысцкія, навучыліся рэагаваць на ідэалёгію ультраправых. І рэагуюць тым, як і павінны мудрыя палітыкі, што часткова пераймаюць іхнія лёзунгі — да той ступені, наколькі яны адпавядаюць іх асноўным прынцыпам і каб яны не падрывалі іх асноўныя матывы.

Цяпер мы назіраем гэта ў адносінах да мігранцкага крызісу. Відавочна, што пачынаючы зь лета, погляды асноўных партыяў у Эўропе зьмяніліся ад таго, што «прыяжджайце, мы справімся», да таго, што ставяцца перашкоды, узмацняюцца праграмы стаўленьня да міграцыі, і гэта адымае козыры ад ультраправых. Калі жорсткая палітыка цэнтрысцкіх партый будзе працягвацца, яна ня дасьць разыграцца новаму праваму рэваншу.

Карбалевіч: Мне падаецца, што ўсё ж сытуацыя трохі іншая. Рост уплыву «Альтэрнатывы для Нямеччыны» адбываецца на трохі іншым фоне. Па-першае, як мы ня раз адзначалі, у Эўропе назіраецца рост уплыву пазасыстэмных партыяў, як левых, так і правых. І гэта дзіўна, што гэта адбываецца ў Эўропе, арэале стабільнасьці, дзе спажывецкае грамадзтва, здавалася б, даўно і канчаткова перамагло. А тут яшчэ здарыўся мігранцкі крызіс, і мы бачым рост уплыву правых партый практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах.

Калі казаць пра Нямеччыну, то там, з аднаго боку, сапраўды ёсьць моцная прышчэпка ад правай ідэалёгіі, ёсьць адчуваньне віны нямецкай нацыі за фашызм, і апазыцыя ХДС/ХСС — сацыял-дэмакраты, займаюць яшчэ больш праімігранцкую пазыцыю, чым ХДС. З другога боку, падаецца, усё ж мяняецца сытуацыя. І гэта зьвязана са зьменай пакаленьня. Новае пакаленьне трохі па-іншаму глядзіць і на мінулае, і на ўсё ўвогуле. Мы памятаем, у 90-я, пачатку 2000-х гадоў былі вельмі моцныя чарнобыльскія ініцыятывы ў Нямеччыне, якія аказвалі вялікую дапамогу Беларусі. Я пару разоў удзельнічаў ва ўсенямецкім зьезьдзе чарнобыльскіх ініцыятыў і бачыў, што там у асноўным прысутнічалі людзі сталага веку. Менавіта яны былі больш схільныя адгукацца на чарнобыльскую бяду Беларусі. Але гэтыя людзі паступова сыходзяць, і гэта адзін з чыньнікаў, чаму чарнобыльскія ініцыятывы ў Нямеччыне слабеюць.

Мяне таксама вельмі моцна ўразіў той факт, што у межах рашэньня НАТО разьмясьціць 4 тысячы вайскоўцаў на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы значнай часткай гэтай групоўкі будуць салдаты бундэсвэру. Гэта вельмі паказальна — у нямецкім грамадзтве адбываюцца перамены, і яны гатовыя пасылаць свае вайсковыя падразьдзяленьні ў гэты рэгіён, як вядома, вельмі адчувальны з гледзішча гістарычнай памяці.

Цыганкоў: Я ня бачу нічога кепскага ў тым, што ўзьнікаюць новыя партыі, якія пагражаюць стабільнай дзьвюхпартыйнай сыстэме. Не абавязкова, што гэта нейкі паварот управа. Возьмем Англію, дзе былі лейбарысты і кансэрватары, вось зьявілася лібэрал-дэмакратычная партыя, якая апошнія дзесяцігодзьдзі стала трэцяй асноўнай партыяй, і ад гэтага брытанскай палітыка не развалілася.

Карбалевіч: Дык вось яны былі сыстэмнымі, а тут пазасыстэмныя.

Цыганкоў: Дык вось яны ўвойдуць у парлямэнт і стануць сыстэмнымі, як былі сыстэмнымі камуністы ў Італіі, у Францыі ў 70-я гады. Страшна радыкальная партыя камуністаў, але яны былі чальцамі парлямэнту, рэвалюцыяў ня ладзілі. Можа тое самае адбудзецца і з праварадыкаламі?

Дракахруст: «Альтэрнатыва для Нямеччыны» не такія ўжо і радыкалы. Тое, што яны прапануюць — забарону на паранджы — у той самай Францыі даўно існуе.

Варта сказаць, што падчас гэтага зьезду ў Штутгарце праходзілі вельмі масавыя маніфэстацыі пратэсту. Дзясяткі людзей былі затрыманыя — настолькі жорсткім быў той пратэст. І гэта ня толькі мігранты, гэта звычайныя немцы, якія абураныя радыкалізмам новай партыі. Так што казаць, што яна нібыта ідзе, не сустракаючы ніякіх перашкодаў, нельга. Яны займаюць пэўную частку спэктру.

Раней у Нямеччыне такога не было, у іншых краінах гэта ёсьць. Так што я б ня бачыў у гэтым праяву праварадыкальнага маршу. Хоць, зь іншага боку, можна казаць, што гэта частка больш шырокай зьявы. Вы, Віталь, казалі пра партыю Гайдэра ў Аўстрыі, якая нібыта сышла ў мінулае, але на апошніх выбарах некалькі дзён таму яна там першае месца заняла.

Сказаць, што гэтыя ідэі ў Эўропе памёрлі — гэта ня так. Мы ведаем, хто знаходзіцца ва ўладзе ў Вугоршчыне, у Славаччыне. Праварадыкальны фронт, па меншай меры ў гэтых краінах, дасягае посьпехаў.

Вы, Валер, сказалі пра перамогу спажывецкага грамадзтва. Але гэтая перамога ў пэўнай ступені і спарадзіла крызіс. І перамога, і хада падзеяў. Эўропа старэе, сацыяльная сыстэма перажывае пэўныя праблемы. Ёсьць і духоўная спустошанасьць. Эўрапейцы ўсё маюць, але ня ведаюць чаго хацець. Вось радыкалы, што правыя, што левыя, і прапануюць прыгожыя формулы, і на гэта нехта спакушаецца. Але пакуль мэйнстрым застаецца мэйнстрымам.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG