Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым мэта рэйду «на Бэрлін» расейскіх байкераў з клюбу «Начныя ваўкі»? Як рэагавалі на візіцёраў сёлета беларускія ўлады? Ці варта Эўропе не пускаць «ваўкоў» да сябе?

Дракахруст: Сёлета, як і летась, расейскі байк-клюб «Начныя ваўкі», выправіўся ў тур па Эўропе з канчатковай мэтай у Бэрліне. Ізноў лідэр клюбу Аляксандар Залдастанаў даваў інтэрвію, у якіх заяўляў, што «Беларусь — гэта Расея» і што Абама доўга яго не забудзе. Як і летась, падарожжа ваўкоў скончылася на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу, ні ў Польшчу, ні ў Літву іх не пусьцілі, каго з прычыны адсутнасьці візаў, каго з прычыны наяўнасьці савецкай сымболікі, забароненай прынамсі ў Літве. Але варта адзначыць, што сёлета рэакцыя ўладаў на візіцёраў была крыху іншай, чым летась, што ёсьць, да пэўнай ступені, паказьнікам: летась сярод тых, хто ўдзельнічаў у супольных мерапрыемствах з «ваўкамі», былі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Бузоўскі, і сын прэзыдэнта, яго дарадца па пытаньнях бясьпекі Віктар Лукашэнка. Сёлета — выключна БРСМаўская масоўка. З улікам таго, што Залдастанаў — пратэжэ Пуціна, дый самому праекту Крэмль сымпатызуе, фармальна цёплы прыём дарагім гасьцям забясьпечаны, БРСМ у захапленьні. Але і толькі ён.

Таксама ў сацыяльных сетках назіральнікі зьвярнулі ўвагу, што парадаксальным чынам асаблівую ўвагу, зразумела, нэгатыўную, надалі рэйду расейскіх байкераў незалежныя СМІ, дзяржаўныя ж збольшага праігнаравалі: ну едуць нейкія расейцы па сваіх справах, ну ўсклалі кветкі на Кургане Славы, малайцы, а падзея ў чым?

У гэтым сэнсе ня выключана, што і сапраўды звышрэакцыя часткі беларускай публікі на рэйд, гэтак жа як і візавыя забароны з боку краінаў — гэта менавіта тое, што і трэба «Начным ваўкам». Існуе кантраст паміж іх агрэсіўным выглядам, паводзінамі, лёзунгамі кшталту «даеш Бэрлін» і сьціплай і прыстойнай мэтай — ушанаваньнем памяці савецкіх воінаў Другой сусьветнай. Пратэсты супраць іх, забароны праезду інтэрпрэтуюцца як пагарда да памяці тых, хто ваяваў з фашызмам. Відавочны нескладаны прапагандысцкі трук. Зразумела, сувэрэннае права краінаў Эўразьвязу не пускаць да сябе тых або іншых асобаў. Але здаецца, што прынцып Эўразьвязу — цярпімасьць да розных поглядаў, пакуль іх носьбіты не ўжываюць гвалт.

Дык можа і больш дальнабачна было б разбурыць той трук, пусьціўшы «ваўкоў» у Эўропу? Калі б яны пачалі ладзіць нейкія гвалтоўныя дзеяньні — дык на тое паліцыя і спэцслужбы ёсьць. Аднак тады б прапагандысцкая схема развалілася — абвяшчалі, што едуць ускладаць кветкі, а ўчынілі гвалт. Ну а калі ня ўчыняць, а і сапраўды адно ўшануюць магілы савецкіх салдатаў, то ў чым тады сэнсацыя, якое «мяса» для расейскай прапаганды?

Тое самае тычыцца і Беларусі. «Рускі сьвет» у асобе «ваўкоў» ня пройдзе, не фашызму — менавіта такая рэакцыя ім і патрэбная, па тое яны і едуць. І куды больш крыўднае для іх стаўленьне да іх як да дзівакоў — ну едуць і едуць. Ушанаваць памяць загіблых — справа добрая і высакародная, аднак па сутнасьці, паводле традыцыі, яна прадугледжвае цішыню, а ня шумныя палітычныя дэманстрацыі.

Карбалевіч: Расейскі прапагандысцкі мэйнстрым ужо два гады як знайшоў удалае прапагандысцкае спалучэньне — ідэалягему «рускага сьвету» шчыльна ўвязалі з памяцьцю аб перамозе ў Вялікай айчыннай вайне. Адпаведная і сымболіка — георгіеўская стужка. І гэты ідэалягічны прадукт падаецца ў адным камплекце. І выяўляецца, што той, хто супраць агрэсіўнай расейскай палітыкі, той ганьбіць сьветлую памяць аб Вялікай Перамозе. І гэты ідэалягічны кактэйль робіцца ўсё больш агрэсіўным, што выявілася ў шэрагу скандалаў у самой Расеі, у агрэсіўным стаўленьні да іншадумства.

У гэту палітыка-ідэалягічную пастку трапляюць беларускія ўлады. І паўстае пытаньне, як далікатна дыстанцыявацца, не выклікаючы гневу з Масквы. Падаецца, улады знайшлі ўдалую форму. «Ваўкоў» прымаюць не на дзяржаўным узроўні, бо яны ж не афіцыйныя асобы, а фармальна прадстаўнікі расейскай грамадзкасьці. Таму і зь беларускага боку іх прымаюць «прадстаўнікі грамадзкасьці» — БРСМ.

А ў Эўропе іх успрымаюць як пуцінскіх прапагандыстаў. Ёй ня трэба падстройвацца пад Маскву, дэманстраваць ляяльнасьць, і таму адпаведная рэакцыя. Іх проста не пускаюць.

Тое, што незалежныя мэдыі пішуць пра іх таксама як пра пуцінскіх прапагандыстаў і тым самым даюць ім дадатковую рэкляму — гэта таксама непазьбежна. Мэдыі працуюць па сваіх правілах.

Цыганкоў: Я якраз лічу, што эўрапейцы паступілі правільна. Як мне здаецца, іх менш за ўсё пераймае, ці дадуць яны нейкімі сваімі крокамі падставы балбатаць для расейскай прапаганды. Мне якраз здаецца, што рашэньне было максымальна лягічнае і зразумелае — калі прапусьціць «ваўкоў» на сваю тэрыторыю, то гэта прынясе значна больш клопатаў і праблемаў.

Па-першае, невядома, ці будуць яны адэкватна сябе паводзіць, па-другое, невядома, ці не здарацца нейкія сутычкі зь мясцовымі, напрыклад, польскімі праварадыкальнымі групоўкамі, якія, не пытаючыся ўласных уладаў, маглі наладзіць нейкія бойкі. І каб гэта прадухіліць — трэба ладзіць нейкае паліцэйскае суправаджэньне «ваўкоў», траціць на іх бюджэтныя грошы?

Я лічу, што калі б іх пусьцілі на тэрыторыю Эўразьвязу — яны ў любым выпадку нарабілі б нашмат болей інфармацыйных нагодаў — таму рашэньне іх не пусьціць мне якраз падаецца найбольш адэкватным і слушным.

Людзі ў сацсетках выказваюцца, што незалежная прэса занадта шмат увагі ім надала — я нават пагадзіўся б з такімі папрокамі. Тое, што хтосьці кагосьці штурхануў, добра для клікаў, павышэньня рэйтынгу, але не нясе ніякай інфармацыйнай нагрузкі, і ёсьць абмеркаваньнем пустаты.

Дракахруст: Ваша лёгіка, што яны там нешта наробяць, адносіцца і да ўсялякага кшталту заўзятараў, якія едуць у розныя краіны ў большай колькасьці і ўлады заўсёды ведаюць, што гэта можа скончыцца сутыкненьнямі і часта і сканчаецца. І што, тады і заўзятараў ня трэба пускаць? Калі пра людзей няма дакладнай інфармацыі, што яны нешта ўчыняць, то іх варта пускаць, на мой погляд.

Спрэчная вашая, Віталь, тэза, што Эўропе ўсё роўна, што скажа Кісялёў. Цяпер Эўропа клапоціцца, склікае канфэрэнцыі, нарады на тэму, як даць адпор расейскай прапагандзе, як аслабіць яе ўплыў. Адзін са сродкаў — не даваць ёй падставы, «мяса», якога яна прагне.

Цыганкоў: Паралель з футбольнымі фанатамі не зусім адпаведная, бо «Начныя ваўкі» сваёй задачай як раз і мелі ехаць у Эўропу, каб стварыць інфармацыйную нагоду і шум. Калі б яны хацелі наведаць могілкі, дык езьдзілі б у Цьвярскую вобласьць, дзе могілкі недагледжаныя, і клалі б там кветкі. А тут задача іх відавочная. І магчыма, спэцслужбы ведалі больш, чым мы з вамі, калі забаранялі праезд.

Дракахруст: Можа быць так, а можа быць не — на мой погляд, іх мэта была, каб іх не пусьцілі. І яны яе дасягнулі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG