Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Гавэла да Зэмана


Хто і чаму ў Чэхіі падтрымлівае Крэмль?

Тое, што ў сучаснай Эўропе у палітыкі Крамля ёсьць прыхільнікі, ужо ні для каго не сакрэт. Ўзровень уплывовасьці гэтых палітыкаў у сваіх краінах адрозьніваецца. Тэма гэтая займае і сур’ёзных навукоўцаў, і аўтараў журналісцкіх расьсьледаваньняў. Фільм-расьсьледаваньне «Чэскія сябры Крамля» — сумесны праект ўкраінскай службы Радыё Свабода і ўкраінскага тэлеканала «1 + 1». Яго прэм’ера ва Ўкраіне адбылася ў 2015 годзе. Пра тое, хто і чаму падтрымлівае палітыку Крамля ў Чэхіі — краіне, якая перажыла уваход савецкіх танкаў ў 1968 годзе, у інтэрвію Свабодзе распавяла аўтарка фільму ўкраінская журналістка Вольга Мальчэўская.

— Як узьнікла ідэя зьняць фільм «Чэскія сябры Крамля»?

— Я стала стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла, гэта была сумесная праграма Радыё Свабода, Міністэрства замежных спраў Чэскай Рэспублікі і Праскага фонду свабоды. Такім чынам я апынулася ў Празе. Мяне цікавіла, чаму прэзыдэнт Чэхіі, эўрапейскай краіны, якая ў 1968 годзе перажыла ўварваньне камуністычных савецкіх танкаў, падтрымаў Крэмль пасьля анэксіі Крыма. І я вырашыла, што трэба правесьці расьсьледаваньне на гэтую тэму.

— Наколькі я разумею, вы разглядаеце праблему шырэй, не абмяжоўваючыся толькі толькі фігурай прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана. Хто яшчэ гэтыя людзі, якія падтрымліваюць Крэмль і яго палітыку?

— Як удалося зразумець у працэсе гэтага расьсьледаваньня, прэзыдэнта атачаюць пэўныя людзі, якія ўплываюць на яго і на прыняцьце рашэньняў. Тое, што нам удалося даказаць дакумэнтальна, мы знайшлі кантракт на пастаўкі газу наўпрост на Праскі Град кампаніяй, якая зьяўляецца даччынай кампаніяй «Газпраму» у Чэскай Рэспубліцы. Яна называецца «Вемекс». Гэта пры тым, што шэраг экспэртаў казалі нам, што Чэхія не зьяўляецца залежнай ад «Газпраму» і газ яны купляюць на оптавых рынках. Ўзьнікла пытаньне: чаму менавіта гэтая кампанія пастаўляе газ на Праскі Град? Кіраўніком кампаніі «Вемекс» у Чэскай Рэспубліцы зьяўляецца спадар Уладзімір Ермакоў. Мы спрабавалі атрымаць ад яго камэнтары, але ён не знайшоў часу, каб пагутарыць з намі на камэру. Нам таксама ўдалося выявіць, што адным з блізкіх паплечнікаў прэзыдэнта Зэмана зьяўляецца кіраўнік чэскага прадстаўніцтва «Лукойлу» — спадар Марцін Неедлы. Неедлы — дарадца прэзыдэнта Чэхіі.

Яшчэ адзін чалавек, які пацьвердзіў нам на камэру, што ён зьяўляецца сябрам чэскага прэзыдэнта, гэта прэзыдэнт клюбу «Расея» спадар Здэнэк Збытек, якога ў 1989 годзе, як піша чэская прэса, абвінавачвалі ў тым, што ён гатовы быў накіраваць танкі на студэнтаў, якія пратэставалі падчас аксамітнай рэвалюцыі. Але падчас здымкі ён усё гэта адмаўляў, гаварыў нам нават, што падасьць у суд, калі хтосьці такое скажа. Мы, вядома, у фільме казалі толькі пра тое, што нам удалося даказаць і сьведчаньні чаго мы змаглі атрымаць. І мы, на жаль, ня можам казаць аб прамой сувязі спадара Ўладзіміра Ермакова з прэзыдэнтам Чэхіі, аднак мы знайшлі кантракт аб пастаўках газу кампаніяй, якую ён узначальвае, прама на Праскі Град. Здэнэк Збытек, напрыклад, казаў нам на камэру, што зьяўляецца сябрам прэзыдэнта Зэмана і таксама сябрам Уладзіміра Якуніна. Мы таксама кажам ў фільме пра тое, што спадар Якунін запрашаў чэскага прэзыдэнта Мілаша Зэмана да сябе на Радос некалькі гадоў запар, яшчэ да таго, як Земан стаў прэзыдэнтам. І таксама нам удалося пацьвердзіць, што спадар Зэман знаходзіўся на Радосе за кошт форуму «Дыялёг цывілізацый», гаспадаром якога зьяўляецца Ўладзімір Якунін.

— На прэзыдэнцкіх выбарах у Мілаша Зэмана быў даволі моцны канкурэнт — Карл Шварцэнбэрг. Наколькі Зэману дапамагла выйграць выбары яго пазыцыя ў дачыненьні да Расеі?

— Мы не прэтэндуем на сацыялягічнае дасьледаваньне, гэта ўсё ж журналісцкае расьсьледаваньне. Але я магу сказаць, што рэйтынг прэзыдэнта Зэмана за 2015 год вырас, і яго пазыцыя ў адносінах да Расеі адлюстроўвае меркаваньне пэўнай часткі чэскага грамадзтва. Падчас выбараў розныя экспэрты выказвалі розныя пункты гледжаньня. Напрыклад, Прага і іншыя вялікія гарады падтрымлівалі ў большай ступені Карла Шварцэнбэрга. Маленькія мястэчкі і пэрыфэрыя, калі так можна сказаць, у асноўным падтрымалі Мілаша Зэмана. Таксама, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, сярод тых, хто галасаваў за Зэмана, былі людзі старэйшыя за 60 гадоў, у асноўным пэнсіянэры.

— Ці знаходзяць «чэскія сябры Крамля» падтрымку ў чэскім грамадзтве?

— Тых людзей, пра якіх ідзе гаворка ў нашым фільме, хутчэй можна назваць «шэрымі кардыналамі», таму што яны не зьяўляюцца настолькі публічнымі, як прэзыдэнт. Адзінае выключэньне складае, напэўна, Марцін Неедлы, кіраўнік чэскай «дочкі» «Лукойла», таму што ён зьяўляецца афіцыйным дарадцам прэзыдэнта Чэхіі. Больш за тое, шэраг экспэртаў называюць яго галоўным дарадцам прэзыдэнта Чэхіі. Таму ён, вядома, фігуруе на многіх публічных акцыях і знаходзіцца побач з Зэманом падчас яго выступаў. Гэта вельмі добра відаць у фільме. Але я ніколі ня бачыла, каб той жа Марцін Неедлы выступаў з нейкімі публічнымі заявамі. Гэта значыць іх уплыў у большай ступені канцэнтруецца на асобе самога прэзыдэнта. А прэзыдэнт, адназначна, мае ўплыў у грамадзтве. Вельмі многія людзі падтрымліваюць яго за яго пачуцьцё гумару, і ён зьяўляецца лідэрам для вельмі многіх прадстаўнікоў чэскага грамадзтва.

— Але мяркуючы па кадрах з фільма, Зэман — выпівае. Гэта ўспрымаецца ў чэскім грамадзтве нармальна?

— Не магу адказаць за ўсё чэскае грамадзтва. У Празе, дзе праходзіла вялікая частка нашага расьсьледаваньня, людзі часта казалі мне падчас здымак, што яны асуджаюць такія дзеяньні прэзыдэнта і расцэньваюць гэта нават як нешта ганебнае. Але ў маленькіх гарадах, у пасёлках Мілаш Земан адназначна мае вагу, у яго імідж чалавека з народа, і ён падтрымлівае гэты імідж. Да пераезду ў Праскі Град Мілаш Земан жыў у шматпавярхоўцы ў звычайным спальным раёне Прагі. Гэтыя рэчы надаюць яму шмат сымпатыяў людзей. І, вядома, простыя людзі да яго прыслухоўваюцца і не стануць яго публічна асуджаць, мы пра гэта ў фільме гаворым.

Я заўважыла, што сярэднестатыстычныя чэхі не настолькі ўцягнутыя ў палітыку, як, напрыклад, сярэднестатыстычныя ўкраінцы цяпер. У нас любая бабуля на лаўцы раскажа цалкам, што адбываецца ў Кабінэце міністраў, у Вярхоўнай Радзе, чаму нехта мае рацыю, а нехта памыляецца. У Чэхіі такога няма, людзі жывуць больш спакойным жыцьцём, і ў іх няма патрэбы пастаянна быць у палітычнай сытуацыі, аналізаваць гэта. Таму яны ўспрымаюць усё больш дыстанцыйна. А тыя людзі, якія аналізуюць палітыку, працуюць у гэтай сфэры, яны робяць пэўныя высновы, і вядома, у вялікіх гарадах гэтыя высновы не на карысьць прэзыдэнта.

— Якое было стаўленьне да вас і вашых калегаў у Чэхіі? Бо ўкраінскія падзеі яшчэ сьвежыя ў памяці.

— Тое, што я на сабе адчула, гэта спачувальнага, цёплае стаўленьне. Калі кажаш, што ты з Украіны, шматлікія імкнуцца падтрымаць словам, але што тычыцца палітыкаў — усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Мы ня можам сказаць, што там няма нейкіх іншых плыняў. Акрамя людзей, якія атачаюць прэзыдэнта, ёсьць дастаткова іншых грамадзян, якія падтрымліваюць палітыку Крамля. Нядаўна ў Чэхіі выйшла кніга чэскага журналіста спадара Ондржея Кундры, у якой ён вельмі падрабязна апісаў сяброў Пуціна ў Чэхіі, і я думаю, што гэтая тэма мае працяг цяпер.

— Вы сказалі, што Зэмана часьцей за ўсё падтрымліваюць людзі старэйшага ўзросту. То бок, гэта тыя, хто напэўна памятае 1968 год. Як гэта карэлюецца з тым, што ў краіне, дзе на пахаваньне Вацлава Гаўла прыходзяць тысячы людзей, два гады праз большасьць галасуе за лідэра, які падтрымлівае анэксію Крыма?

— Для мяне гэта таксама загадка, і адно з пытаньняў, які я задавала сабе, калі рабіла гэты фільм. Магу толькі сказаць, што людзі, якія падтрымліваюць Мілаша Зэмана, падтрымліваюць яго не з-за яго пазыцыі ў дачыненьні да анэксіі Крыму або Крамля, а з-за яго харызматычных учынкаў. Яны памятаюць 1989 год, калі Земан выступіў падчас аксамітнай рэвалюцыі на плошчы ў Празе і асудзіў камуністычны рэжым. Ён тады сказаў: «Зараз мы знаходзімся на ўзроўні Алжыра і Пэру». Гэтае выказваньне тады было досыць рэвалюцыйным, таму што публічна крытыкаваць камуністычны рэжым у той час было вельмі рызыкоўна, а ён гэта зрабіў. Як нам казаў адзін з прафэсараў Карлавага унівэрсытэта ў Празе, відавочна, гэтыя людзі настальгуюць па сваёй маладосьці, па тым пэрыядзе, Мілаш Земан быў часткай таго часу, таму яны падтрымліваюць яго цяпер. Гэта адна з кропак гледжаньня, якую мы пачулі ў час свайго расьсьледаваньня.

— Наколькі актыўна і эфэктыўна ў Чэхіі працуюць тыя, хто прапагандуе палітыку Крамля?

— Калі мы скончылі наша расьсьледаваньне ў Празе, там было каля паўсотні сайтаў, якія мякка або цьвёрда, у рознай форме падтрымлівалі палітыку Крамля, на чэскай і славацкай мовах. І гэтая вельмі жорсткая прапагандысцкая інфармацыйная палітыка разьлічаная на вельмі розныя пласты насельніцтва. Гэта і інтэлектуальныя сайты, каб прапіхваць патрэбныя тэзісы, і нават на сайтах аб садаводзтве паміж радкоў праскокваюць патрэбныя артыкулы, выгадныя Крамлю. І, мабыць, асноўная праблема палягае ў тым, што Крэмль спрабуе вельмі вытанчана, я б сказала, вельмі па-майстэрску заваёўваць розумы людзей на розных узроўнях. І гэта ня толькі кантракт аб пастаўках газу чэскай «дачкой» «Газпраму» наўпростпрама ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта, а сплянаваная палітыка, якая ідзе на розных узроўнях, палітыка заваёўваньня розумаў чэскага насельніцтва і перацягваньня яго на бок Крамля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG