Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адэса: жалобны мітынг ля Кулікова поля


На плошчу людзей так і не прапусьцілі. У натоўпе памёр малады мужчына, якому стала дрэнна.

Сёньня другая гадавіна падзей 2 траўня 2014 году ў Адэсе, дзе тады адбыліся сутыкненьні паміж удзельнікамі маршу «За адзінства Ўкраіны» і праціўнікамі Майдану. У часе непарадкаў узьнік пажар у Доме прафсаюзаў, загінулі 48 чалавек. Сёньня ў Адэсе з гэтай нагоды плянавалася грамадзянская паніхіда на Куліковым полі, аднак, пасьля таго, як у пераходзе непадалёк былі знойдзеныя некалькі гранат, а таксама паступілі зьвесткі пра мінаваньне поля, паліцыя пачала праверкі тэрыторыі, людзей не пускаюць на Кулікова поле і мітынг адбываецца каля яго. Паведамляецца, што ўрачы аказвалі дапамогу некалькім людзям, а аднаго мужчыну 37 гадоў, які страціў прытомнасьць, выратаваць не ўдалося.

Частка жадаючых трапіць на Кулікова поле вырашылі ўскласьці кветкі перад паліцэйскім ачапленьнем. Пра гэта з месца падзей паведамляе карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода Людміла Гіцэвіч. Паводле яе слоў, супрацоўнікі праваахоўных органаў, нягледзячы на незадаволенасьць і патрабаваньні грамадзян, адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю на самой плошчы. Інфармацыі аб тым, калі туды змогуць прапусьціць актывістаў, няма.

Гіцэвіч адзначае, што большасьць людзей, якія сабраліся каля ачапленьня — прадстаўнікі прарасейскіх рухаў. Яны трымаюць у руках банэр з надпісам «Не забудзем! Не даруем!» Паведамляецца таксама пра 14 затрыманых, сярод якіх былі некалькі чалавек з георгіеўскай стужкай або ў стане алкагольнага ап’яненьня.

Украінскія народныя дэпутаты ад «Апазыцыйнага блёку» Юрый Бойка і Вадзім Навінскі, якiя прыбылi ў Адэсу на жалобнае мерапрыемства, не змаглі выйсьці з тэрміналу аэрапорту і былі вымушаныя паляцець назад у Кіеў.

Напярэдадні губэрнатар Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі заявіў, што валодае «канкрэтнай інфармацыяй» аб правакацыях з боку «зьнешніх і ўнутраных» ворагаў Украіны, якія рыхтуюцца да 2 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG