Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За першы квартал у беларускі бюджэт недаплацілі 1 трыльён падаткаў і збораў


Міністэрства фінансаў Беларусі надрукавала афіцыйную справаздачу пра выкананьне бюджэту за першы квартал 2016 году.

У прыватнасьці адзначаецца, што агульнадзяржаўная дзейнасьць была прафінансаваная на 21% ад гадавога пляну, нацыянальная эканоміка — на 17%, сацыяльная сфэра — на 22,5%.

У Мінфіне таксама канстатавалі, што паводле стану на 1 красавіка «запазычанасьць у падатках і зборах склала трыльён рублёў».

«Я для сябе найперш адзначыў дзьве рэчы — выкананьне рэспубліканскага бюджэту за першыя тры месяцы і запазычанасьць перад дзяржавай за падаткі і зборы, — сказаў Свабодзе, ацэньваючы згаданы дакумэнт, прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Бюджэт афіцыйна выкананы з прафіцытам. Пераводзячы гэты тэрмін на даступную мову, мы бачым, што прыбыткі бюджэту сталі большымі за выдаткі. Канкрэтна, яны склалі 3,8 трыльёна рублёў, альбо 1,8% да ўсяго валавога ўнутранага прадукту.

І гэта ня першы год, калі прафіцыт большы за дэфіцыт. Але чаму так атрымліваецца, калі ўсе бачаць, што беларуская эканоміка і летась, і сёлета ў дрэнным стане?

На мой погляд, сакрэт тут такі. Беларускі бюджэт складаецца паводле савецкай матрыцы. Як гэта рабілася тады? Ужывалася сацыялістычная хітрасьць. Пачынаючы ад нізу і да верху, ніхто ня браў напружаныя пляны. Кожны дырэктар прадпрыемства, кожны раён, горад, вобласьць, рэспубліка штучна заніжалі магчымасьці сваёй вытворчасьці. І вось на гэтых заніжаных лічбах і будаваўся бюджэт. Зразумела, што і выканаць, і перавыканаць такі бюджэт было значна лягчэй, дый прэміі набягалі неблагія.

У мяне такое ўражаньне, што і беларускі бюджэт вярстаецца паводле тых савецкіх лякалаў.

А вось што мяне па-сапраўднаму ўразіла, — запазычанасьць у бюджэт па падатках і зборах склала трыльён рублёў. І гэта пры тым, што нашы падатковыя органы не адзначаюцца мяккасьцю. Яны, я сказаў бы, выбіваюць падаткі і зь дзяржаўных прадпрыемстваў, і зь бізнэсоўцаў, і нават з малога бізнэсу.

Я выкладаю студэнтам-завочнікам. Сярод іх ёсьць і супрацоўнікі падатковых структураў. І я пытаюся ў іх: скажыце шчыра, ваша прэмія залежыць ад сумы падаткаў, якія вы выбіваеце, ці не залежыць? І яны прызнаюцца — залежыць. Таму і накладаюць штрафы — і там, дзе бязь іх сапраўды нельга, і там, дзе можна было б абысьціся бязь іх.

Тады што атрымліваецца? Нават пад такім ціскам у бюджэт недаплацілі аж трыльён рублёў падаткаў. І гэтая лічба адлюстроўвае рэальны фінансавы стан нашых прадпрыемстваў. А яна для аднаго квартала вельмі вялікая».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG