Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Родны бацька Аляксандар Рыгоравіч!» — два браты з Акцябрскага шукаюць абароны ад звальненьня з ПМК


Валер і Васіль Даніленкі

Валер і Васіль Даніленкі

«Ня ведаю, як мы будзем жыць. Мне ўручылі паведамленьне, што зь 5 траўня са мной ня будзе прадоўжаны кантракт і я буду звольнены. Шукаў працу і ў райцэнтры, і вакол яго — нідзе няма вакансіяў. Ад адчаю зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі».

Бязбацькавічы

Свайго бацькі Валер і Васіль Даніленкі ня памятаюць — той рана пайшоў з жыцьця, пакінуўшы на руках у маці дваіх малых сыноў. Адзін пад адным, з розьніцаю ў год. Апекаваўся хлопчыкамі найперш дзядуля. Жыцьцё ня песьціла братоў зь дзяцінства. Маці пазьней другі раз выйшла замуж, нарадзіла братам зводную сястру. Але звыклы для бальшыні бязбацькавічаў жыцьцёвы шлях быў прадвызначаны: няпоўная сярэдняя школа, прафтэхвучэльня, служба ў арміі, масавая рабочая спэцыяльнасьць.

Паводле такога сцэнару рухалася й жыцьцё ў братоў Даніленкаў. Пасьля васьмі клясаў абодва вучыліся на трактарыста ў Акцябрскім СПТВ.

Старэйшы Васіль, калі скончыў вучэльню, уладкаваўся мэханізатарам у міжгаспадарчае аб’яднаньне па арашэньні. Паліваў палеткі. Два гады служыў у вайсковым будаўнічым батальёне ў Літве. Вярнуўшыся дадому, зноў працаваў мэханізатарам у мэліярацыйнай арганізацыі, пакуль тую не злучылі зь цяперашняй ПМК-37. За дваццаць гадоў у гэтай перасоўнай мэханізаванай калёне Васіль працаваў і трактарыстам, і вартаўніком. Цяпер ён звычайны рабочы. Як той казаў, «старшы — куды пашлюць».

56-гадовы Васіль — даўно ўдавец. Пасьля сьмерці жонкі гадаваў дачку й сына. Сына напаткала няшчасьце. У маленстве, гуляючы, залез на шафу і зваліўся — з таго часу інвалід, мае праблемы з галавою. Ледзьве давучыўся да восьмай клясы — і ўсё. Пэнсіі праз інваліднасьць сын ня мае, бо не агледжаны экспэртнай камісіяй лекараў. Сыну дваццаць чатыры гады, а ён усё яшчэ на ўтрыманьні Васіля.

«Ня ведаю, як мы будзем жыць. Мне ўручылі паведамленьне, што зь пятага траўня са мной ня будзе прадоўжаны кантракт і я буду звольнены. Шукаў працу і ў райцэнтры, і вакол яго. Нідзе няма вакансіяў — ані дворніка, ані пастуха. У ПМК меў нейкія два мільёны з капейкамі, а цяпер і таго ня будзе. Ад адчаю, можна сказаць, зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі».

Два Чарнобылі

Падобная жыцьцёвая сьцежка і ў Валера, можа, нават больш драматычная.

Ззамаладу рабіў у мясцовай «Сельгасхіміі» — на трактары, на бульдозэры. У войску не служыў, бо хапіў ліха, працуючы на могільніку ядахімікатаў за станцыяй Рабкор, ужо на тэрыторыі Петрыкаўскага раёну.

«Гэта, лічыце, быў першы Чарнобыль. На гэтым могільніку мне дазвалялася выкурыць толькі паўцыгарэты, каб не атруціцца».

Потым была няўдалая жаніцьба, цяжкая асабістая драма. На два гады Валер пазбавіўся волі. Жонка памерла праз запой, сам ён кадзіраваўся ў лекара ад алькаголю. І хоць ад першага шлюбу дзяцей у Валера не было, ён так і не наважыўся завесьці новую сям’ю.

Адміністрацыя ПМК-37

Адміністрацыя ПМК-37

«Са жніўня 1986 году, — згадвае Даніленка-малодшы, — я працую ў ПМК-37. У той год выбухнула Чарнобыльская АЭС, і нас пасылалі ў камандзіроўкі расчышчаць лесапалосы пад лініі высакавольтных электраперадач. У адзін з гарачых дзён мне стала так кепска, што я, ня помнячы сябе, выскачыў з кабіны і кінуўся да лесу. Хлопцы потым расказвалі: яны думалі, што я пагнаўся за лісой, якіх там шмат шастала. А потым, ня ведаю як, разьвярнуўся ў бок нашай тэхнікі і ўпаў. Дзякуй хлопцам, кінуліся на дапамогу».

Ачомаўся Валер толькі ў шпіталі — у яго здарыўся інфаркт. Падлячыўшыся, зноў вярнуўся ў трактарысты. Апошнім часам кіраўнікі ПМК, беручы пад увагу «сардэчныя справы» й высокі ціск, далі яму палёгку — перавялі Валера, як і брата, абслугоўваць шлюзы, якія рэгулююць узровень вады ў каналах на мэліяраваных палетках.

«Праз гэтыя шлюзы нас, па сутнасьці, і звальняюць. Начальства, найперш выканаўца абавязкаў галоўнага інжынэра Ігар Багдановіч, нападае на нас, што мы як працаўнікі не выконваем сваіх абавязкаў. Ён яшчэ на пачатку году казаў: „Браты, зьбірайцеся“. А сам па адукацыі, здаецца, заатэхнік — і нікуды не зьбіраецца. У нас толькі адзін сапраўдны мэліяратар, які ўсё ўмее, — гэта прараб Генадзь Мацыгуд.

29 красавіка мне, усьлед за Васілём, таксама ўручылі пад подпіс паведамленьне: першага чэрвеня мой працоўны кантракт заканчваецца, і я буду звольнены. Да гэтай даты мушу забраць працоўную кніжку і атрымаць поўны разьлік. Такі падарунак рыхтуе мне ПМК да юбілею — акурат сёлета ў жніўні спаўняецца трыццаць гадоў, як я працую ў гэтай перасоўнай мэханізаванай калёне».

Паведамленьне аб звальненьні

Паведамленьне аб звальненьні

Паводле суразмоўцы, інжынэрная служба даўно не рамантавала шлюзы, і асабліва прылады кіраваць затворамі, а цяпер крайнімі робіць рабочых.

«Нас звальняюць, робяць крайнімі, пазбаўляючы сродкаў да існаваньня, — голас у Валера дрыжыць, перарываецца. — Мне пяцьдзясят пяць гадоў, у мяне хворае сэрца, гіпэртанія — хто мяне цяпер куды возьме? Красьці я ня ўмею. Ня буду плаціць за электрасьвятло, за газ — пагатоў выселяць з кватэры. Куды ісьці — пад плот? З голаду паміраць мне, вешацца ці атруціцца?»

Героі ці ахвяры?

Браты тлумачаць, што безвыходнасьць і вымусіла іх запісаць відэазварот да кіраўніка дзяржавы:

«Родны бацька Аляксандар Рыгоравіч! Да вас асабістая просьба ад нас, Даніленкі Валера Іванавіча і Даніленкі Васіля Іванавіча: калі ласка, разьбярыцеся і дайце адказ на гэтае пытаньне. Вы правільныя дырэктывы даяце, мы з вамі згодныя і вас падтрымліваем. Дык дайце сваю дапамогу нам, працаўнікам Акцябрскага раёну, укажыце міністэрству, якое займаецца воднай гаспадаркай».

Сымбаль мэліяратараў — бабёр з рыдлёўкай

Сымбаль мэліяратараў — бабёр з рыдлёўкай

Сваю гісторыю браты распавядаюць праз дарогу ад ПМК-37. Падыходзіць немалады мужчына, як высьвятляецца, вартаўнік, колішні мэханік прадпрыемства Валеры Юрчак:

«Гэта не героі нашага часу! Як быццам іншых праблемаў няма, а толькі братамі Даніленкамі займацца. Іх Андрэй Павук з „Рудабельскай паказухі“ праславіў — ёсьць такі ў нас. А Васіль Іванавіч, нават будучы вартаўніком, з абавязкамі не спраўляўся. Яго ж і з вартаўнікоў звальнялі, а пасьля пашкадавалі — назад узялі. Ведаеце, як няпроста працаваць вартаўніком, якія ў яго адказныя абавязкі. А малодшы зь іх, Валеры Іванавіч, калі быў мэханізатарам, то нават ямы глыбокія капаць баяўся — глыбіні баяўся. Хіба ж гэта прафэсіянал? Браты, як мне распавядалі, нават шлюзы пафарбаваць нармальна ня могуць — і лічаць сябе нацыянальнымі героямі. Працу сабе трэба выбіраць па здольнасьці. Я вось ня здолеў працаваць мэханікам, пайшоў у вартаўнікі — і нічога страшнага не адбылося».

Суразмоўца яўна імкнецца падтрымаць дзеяньні дырэкцыі, пускаючы ў ход негутарковыя словы й выразы: «Валер Іванавіч такі ж дэмагог, як і я. Браты думаюць, што ПМК — гэта сацыяльна-арыентаванае прадпрыемства, але ж гэта ня так».

Некалькі штрыхоў не на карысьць Даніленкаў дадае галоўны мэханік ПМК-37 Мікалай Мухін, які сам напрасіўся паўдзельнічаць у размове:

«З Валерам Іванавічам па працы я не кантактаваў, а з Васілём Іванавічам, калі ён быў вартаўніком, часьцяком здаралася. Прыяжджаем уначы зь міліцыяй правяраць службу аховы, а ў яго прахадная замкнёная і сьвятло на тэрыторыі ня ўключана. І тэхніку прасілі правяраць, ці замкнёная яна. Але ён не правяраў — былі пастаянныя парушэньні».

Галоўны мэханік тлумачыць, што шлюзы, найперш затворы, рамантуюцца паводле пляну. Іх дэмантуюць, прывозяць на базу і аднаўляюць. Назіраў суразмоўнік і такі малюнак, калі езьдзілі неяк на балота рамантаваць тэхніку: «Браты сядзяць, а малады прараб лезе ў ваду, затыкае плёнкай, травою, дзёрнам цечу ў шлюзе».

Звальненьне, як лічыць мэханік Мухін, — гэта не канец сьвету. Трэба больш дбайна шукаць працу: «Калі ж пастаянна пярэчыць начальству, то хто іх будзе трымаць на працы?»

Прэтэнзіі на свой адрас браты Даніленкі тлумачаць проста:

«У нас калі хочуць вызваліць сваякам ці добрым знаёмым месца, то пачынаюць ціснуць з усіх бакоў, каб звольніць. Ну добра, скарачалі б ужо, як сёньня патрабуюць зьверху. А то ж звальняюць, а на вольнае месца бяруць набліжаных і рахманых».

Браты Даніленкі прапануюць хоць адным вокам зірнуць на тыя шлюзы, якія начальства патрабуе цяпер зачыняць, каб затрымаць вільгаць на мэліяраваных палетках, а яны ня могуць гэта зрабіць.

Дарога праз шлюз

Дарога праз шлюз

За вёскай Смыковічы адзін з мэліярацыйных каналаў упадае ў рэчку Нератоўку. Рэчка хоць і не такая паўнаводная, як у ранейшыя вільготныя гады, але ж і не перасохлая. А ў канале вады зусім мала: шлюз яе не трымае.

«Глядзіце, усё тут заржавела. Закладваем ключы, ламы й цісьнем так, што вочы на лоб лезуць. Усё рыпіць, трашчыць, а шлюз не зачыняецца — мёртва стаіць. Таму й даводзіцца затыкаць прасьветы плёнкай, дзёрнам. Але гэта размываецца вадою, і ўсё трэба пачынаць нанова», — тлумачаць Валеры з братам Васілём.

Тут, пры канале, Валеры Даніленка скрушна дадае:

«Ведаеце, вось мы зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі, а я за свае пяцьдзясят пяць гадоў нават у Менску ні разу ня быў. І прафсаюз наш, на ўтрыманьне якога ідуць і мае адлічэньні з заробку, ні разу за трыццаць гадоў не накіраваў мяне ні ў санаторый, ні хоць бы ў дом адпачынку. Нават слова не закінуў у нашу абарону».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG