Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстраліец прызнаўся ў стварэньні Bitcoin


Ад 2009 году сапраўднае імя стваральніка папулярнай крыптаграфічнай плацёжнай сыстэмы заставалася таямніцай.

Крэйг Стывэн Райт — так насамрэч завуць стваральніка плацёжнай сыстэмы Bitcoin, вядомага як Сатосі Накамота. Райт пацьвердзіў BBC, што ён галоўны аўтар сыстэмы, і падаў доказы гэтага.

Падчас сустрэчы з журналістам BBC Райт падпісаў некалькі паведамленьняў крыптаграфічнымі ключамі, створанымі на старце распрацоўкі Bitcoin. Гэтыя ключы адназначна зьвязаныя з біткойнамі, пра якія пэўна вядома, што іх здабыў Сатосі Накамота. У студзені 2009 году з дапамогай гэтых ключоў 10 біткойнаў былі перасланыя іншаму чалавеку, вядомаму крыптографу Гэлу Фіні. Як заяўляе Райт, гэта была першая транзакцыя ў плацёжнай сыстэме.

Мужчына патлумачыў, што раскрыў сваю асобу, якую ўтойваў з 2009 году, калі сыстэма была створана, каб спыніць спэкуляцыі на гэтую тэму і абараніць іншых людзей, якіх прымалі за яго. У канцы 2015 году Райта назвалі стваральнікам Bitcoin выданьні Wired і Gizmodo, пасьля чаго да Райта зь ператрусамі прыйшла аўстралійская падатковая. Але да таго і пасьля таго розныя выданьні «выкрывалі» іншых людзей у якасьці стваральнікаў сыстэмы.

«Ёсьць шмат фальшывых гісторыяў, і я не хачу пашкодзіць тым людзям, пра якіх клапачуся, — тлумачыць Райт сваю дэананімізацыю. — Не хачу, каб некага зь іх гэта зачапіла».

Райт тлумачыць, што стварыў сыстэму Bitcoin не таму, што хацеў, каб яна стала такой, як цяпер, што ён ня хоча станавіцца кіраўніком Bitcoin і наагул публічнай асобай. І ня хоча ні грошай, ні славы, хоча толькі працягваць працаваць — і каб яго пакінулі ў спакоі.

* * *

Сыстэма Bitcoin дазваляе праводзіць плацяжы без пасярэднікаў, наўпрост паміж платнікам і атрымальнікам. Інфармацыя аб плацяжах абараняецца і шыфруецца за кошт вылічальных магутнасьцяў кампутараў, уладальнікі якіх зарабляюць на гэтым грашовыя адзінкі — біткойны. Сыстэма ня мае галоўнага адміністратара, ёй не кіруе ні дзяржава, ні прыватная асоба, а аб’ём выпуску новых грашовых адзінак вядомы загадзя.

Біткойны сёньня выкарыстоўваюцца для разнастайных плацяжоў і прымаюцца шэрагам буйных кампаніяў. Напрыклад, біткойнамі можна аплаціць гульні ў найбуйнейшай анлайн-краме гульняў Steam. На сёньня ў сьвеце абарочваецца 15,5 млн біткойнаў, курс да даляра — $440–450 за 1 біткойн. Лічыцца, што стваральнік Bitcoin павінен мець каля 1 млн біткойнаў (440–450 млн даляраў па сёньняшнім курсе).

XS
SM
MD
LG