Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашэсьце расфарбаваных валуноў


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ледавік пакінуў валуны будучым беларусам. Яны іх старанна размалёўваюць папараць-кветкай і птушкай бусел, расейскімі словамі.

Ледавік пакінуў валуны будучым беларусам. Яны іх старанна размалёўваюць папараць-кветкай і птушкай бусел, расейскімі словамі.

У краіны дрэнна з густам. Пафарбаваных, размаляваных валуноў уздоўж дарог усё больш і больш. Прыроднай прыгажосьці каменя беларус больш не разумее. Такога раней не было. Саматужна аздобленыя камяні — зьява «новага часу».

У краіне – палац незалежнасьці, пабудаваны ў нашы дні, але ў стылі 1960-х гадоў. І аляпістая пазалота афіцыйных памяшканьняў. Мастацкі густ краіны вызначалі некалі партрэты пэнсіянэраў Палітбюро і камбайнэраў са снапамі і стужкамі перадавікоў цераз плячо. Партрэт на месцы, цяпер у адзіным ліку. Краіна засталася ў 1960-х…

У нас учора быў фэст байкераў. Назва крэатыўная — «Хавайся ў бульбу!» Вось, думаю, нагода паглядзець на звонку самых цікавых людзей. Усё ж байкеры ратуюць аднастайную беларускую вуліцу, дзе не прынята вылучацца з натоўпу. Хто можа выглядаць у нас цікава? Чалавек на матацыкле (пажадана прысадзістым, на «харлі-дэвідсане») ці з гітарай. Часам гэта можа быць мастак. Пісьменьнікі, яны звычайна выглядаюць у нас як усе. А больш няма каго ўспомніць.

Байкеры на матацыклах
Байкеры на матацыклах

Як заўсёды, раз на год, матацыклетная навала прараўла міма нашага дому, хвілін дзесяць шум рухавікоў не спыняўся. Байкерам аддалі сёлета плошчу зь ленінскай статуяй. Я выйшаў папстрыкаць. Але да свайго зьдзіўленьня амаль ня ўбачыў стылёвых, апранутых з густам, па-свойму. Сярод матацыклістаў было нямала расейцаў, але справа ня ў гэтым. Агулам плошча выглядала даволі стандартна: нібы салдаты, толькі ў чорным.

Байкер у строгім стылі
Байкер у строгім стылі

Як ні дзіўна, вылучаліся найбольш два байкеры: адзін са шлемам з «іракезам», шлем другога меў «дрэды». Але стыль і густ, як вядома, не заўсёды спалучаюцца. У некаторых на плошчы былі ўсе грудзі ў савецкіх ды розных іншых значках. Аднак мне на вочы трапіліся некалькі іншых, што выглядалі строга, някідка, але адметна.

У шлеме з «іракезам»
У шлеме з «іракезам»

У шлеме з «дрэдамі»
У шлеме з «дрэдамі»

З адным пазнаёміліся. Юры прыехаў з Мазыра, але палічыў патрэбным сказаць, што паходзіць з Падмаскоўя. Ну, а нумар на матацыкле беларускі? Так. Ну дык значыць — беларускі байкер, кажу.

Байкер Юры з Мазыра
Байкер Юры з Мазыра

І расказаў яму, што быў у красавіку ў Вільні. Выйшаў з гатэлю, у руцэ фотаапарат. І бачу: насустрач чалавек у невысокім цыліндры. Спачатку задалося — ня йнакш, камінар. Але потым бачу — проста выглядае крэатыўна. А гэта ж Вільня, Стары горад. Я пытаюся ў лоб: «Галіма?» (Можна?). Ён ківае галавой і робіць паставу. Я пстрыкаю і кажу «Ачу», дзякуй.

Віленчук
Віленчук

Байкер Юры мне на гэта адказаў: у нас людзі закамплексаваныя, нічога ня зробіш.

Ясна, што ў Вільні такія цікавыя таксама не на кожным кроку, але іх можна сустрэць. У нас — ніколі. У нас расфарбаваныя ўздоўж дарог валуны прыцягваюць увагу. Гэта наша адметнасьць, што рэзка кідаецца ў вочы. Што таксама можна, куды дзецца, выкарыстоўваць. Як зрабіў Міхалок у песьні «Купляй беларускае». У яе трапіла ўся прыдарожная «прыгажосьць» — валуны, рэклямныя шчыты, драўляныя фігуры. У Літве іх, дарэчы, таксама хапае. Але яны не расфарбаваныя, не аляпістыя. Яны — проста творы народных майстроў, не сапсаваныя, як у нас, «навамоднымі» густамі гарадзкіх беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG