Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гітарысты прычыніліся да сусьветнага рэкорду для кнігі Гінэса


1 траўня ў менскім клюбе «Каёт» сабраліся беларускія гітарысты дзеля падтрымкі міжнароднай музычнай акцыі Thanks Jimi Festival, якая зь ініцыятывы польскага гітарыста Лешка Чыхоньскага ладзіцца ад 2003 году, калі на гарадзкой плошчы Ўроцлава сабраўся зводны аркестар з 588 гітарыстаў. Музыкі сынхронна выканалі славутую тэму Джымі Гэндрыкса «Hey Joe».

У 2009 годзе фэстываль патрапіў у кнігу рэкордаў Гінэса: у адначасовым выкананьні гэтай песьні паўдзельнічалі 7344 гітарысты. Сёлета да ўсталяваньня новага рэкорду он-лайн упершыню далучыліся і гітарысты зь Беларусі. І новы рэкорд быў усталяваны!

У розныя гады да ўшанаваньня Джымі Гэндрыкса далучаліся самыя знакамітыя майстры гітары, дастаткова згадаць удзел Марка Радулі, Рышарда Сігітовіча, Томі Эмануэла, Хірамі Балака, Стыва Морса, Маркуса Мілера, Найджэла Кенэдзі, Стыва Вэя, Эла Ды Мэолы. Сёлета зь ініцыятывы гітарыста «Крамы» Сяргея Трухановіча пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Менску і парталу TUT.BY да правядзеньня агульнаэўрапейскай акцыі з удзелам больш чым 10 гарадоў далучыўся і Менск.

Галоўная акцыя, як і заўсёды, адбывалася на гарадзкой плошчы Ўроцлава — сёлетняй культурнай сталіцы Эўропы. Праз інтэрнэт-трансьляцыю да фэсту далучыліся многія гарады кантынэнту, сярод якіх быў і Менск.

Роўна а 17-й гадзіне менскага часу на сцэне клюбу «Каёт» хіт Джымі Гэндрыкса пачалі выконваць зоркі гітарнай музыкі Беларусі — Уладзімер Ткачэнка, Леанід Вярэніч, Аляксандр Кіс, Сяржук Трухановіч, Андрэй Казлоўскі. Іх падтрымлівала грамада гітарыстаў, якія прыйшлі падтрымаць акцыю ў агульнай колькасьці зарэгістраваных 34 чалавекі. Такім чынам, дзякуючы далучэньню да акцыі беларускіх музыкаў, Лешак Чыхоньскі можа падаваць заяву на новы рэкорд для кнігі Гінэса адначасовага он-лайн выкананьня музычнай п’есы з удзелам 7356 гітарыстаў з розных краін Эўропы.

Арганізатары сёлетняй акцыі ў Беларусі плянуюць на наступны год зладзіць акцыю на адной з гарадзкіх плошчаў, каб паспрыяць узьняцьцю рэкорднай плянкі. Сёлета Лешак Чыхоньскі мяркуе наведаць Беларусь дзеля бліжэйшага знаёмства зь мясцовымі гітарыстамі і наладжваньня зь імі творчых сувязяў. Зрэшты, хто-ніхто з мэтраў беларускай электрагітары знаёмы зь ім ужо даўно. Як хоць бы Леанід Вярэніч:

— Гэта проста чумавы музыка і выдатны, энэргічны чалавек. Што да Джымі Гэндрыкса, дык магу сказаць наступнае: ён памёр, але ўсім нам, гітарыстам, даў магчымасьць зарабляць музыкай на шмат гадоў. Усё!

Кожны з 34 гітарыстаў, якія зарэгістраваліся на сьвяце Thanks Jimi Festival, атрымалі памятны сэртыфікат пра ўдзел ва ўсталяваньні новага рэкорду для кнігі Гінэса, сьведкамі чаго, згодны з рэглямэнтам рэгістрацыі рэкорду, былі загадчыца катэдры майстэрства эстрады Ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Ірына Дарафеева і загадчык катэдры рэжысуры кіно і тэлебачаньня Беларускай акадэміі мастацтва Валеры Пестаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG