Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка мэнтальна знаходзіцца ў палоне савецкіх рытуалаў»


Дзеля якіх мэтаў улады ўсё ж вырашылі праводзіць Усебеларускі сход? Які палітычны і прапагандысцкі сэнс мае гэты рытуал? Якія дывідэнды мяркуе атрымаць улада ад правядзеньня гэтага мерапрыемства?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі і рэдактар інтэрнэт-выданьня Салідарнасьць Аляксандар Старыкевіч.

Цыганкоў: Для чаго ўлады ўсё ж праводзяць Усебеларускі сход? Паводле «графіку» і традыцыі, ён павінен быў прайсьці восеньню — але тады была выбарчая кампанія, і Лукашэнку хапіла палітычнага розуму не праводзіць сход менавіта тады, паколькі што на ім сказаць выбаршчыку? Нагадаць пра тое, што было на папярэднім сходзе, калі абяцана было 1000 даляраў заробку? Былі меркаваньні, што Лукашэнка ўжо ўвогуле адмовіцца ад гэтай формы. Але сход прызначаны. Навошта?

Класкоўскі: Сярод назіральнікаў ёсьць такая распаўсюджаная тэза, што калі Лукашэнка не правядзе сход, то народ пачне шаптацца, казаць, што «бацька ўжо ня той», «правадыр сьпёкся». Але мне гэта аргумэнтацыя здаецца ня вельмі пераканаўчай, бо па гэтай тэме і так ужо незалежныя мэдыі і камэнтатары патапталіся. Час быў страчаны. Перад выбарамі, як чакалася, сход не правялі — замест гэтага была ўсебеларуская малітва. І толькі лянівы не пасьцябаўся з гэтага — маўляў, няма пра што рапартаваць, таму сход замянілі малітвай.

Таму ў піяраўскім сэнсе сытуацыя ўладамі ўжо прайграная. Да таго ж ня думаю, што народ трымае ў галаве гэтыя рэчы, толькі вузкае кола аналітыкаў сочыць за гэтай пэрыядычнасьцю. Падвышэньне пэнсійнага ўзросту для народу куды больш важная падстава казаць «бацька ўжо ня той, ужо ня можа далей падтрымліваць сацыяльную дзяржаву».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Дык для чаго сход? Я думаю, тут усё вельмі проста — Лукашэнка мэнтальна знаходзіцца ў палоне савецкіх рытуалаў. Усебеларускія сходы — гэта фактычна аналяг зьезду КПСС, Лукашэнка кажа пра пяцігодкі. Так, практычнага сэнсу ва ўсіх гэтых мерапрыемствах няма. Але ж і ў існаваньні БРСМ як нейкага клону камсамолу таксама няма вялікага практычнага сэнсу — яны нават тролінг на незалежных сайтах ня могуць весьці.

Але СССР у мініятуры — для Лукашэнкі вельмі важнае псыхалягічнае апірышча, як і пампэзнае сьвяткаваньне Перамогі. Тут беларускі і расейскі рэжымы вельмі роднасныя. Аднімі ў іх гэтыя рытуалы, гэтую пустую, але гучную рыторыку, — і высьветліцца, што абодва каралі голыя.

Цыганкоў: Чаму гэты рытуал настолькі важны для Лукашэнкі, што ён яго захоўвае? Магчыма, для падтрыманьня дысцыпліны сярод намэнклятуры?

Класкоўскі: Так, у пэўнай ступені, сапраўды, гэта лішняя праверка і трэнінг для вэртыкалі. Ужо на сайце БелТА пайшлі гэтыя выказваньні, калі «чырвоныя дырэктары» кажуць, што гэтая падзея «надасьць новы імпульс» — прычым дырэктары, якія «у даўгах, як у шаўках». Гэткая барабанная рыторыка, «страявы агляд».

Але ж і піяраўскі аспэкт я б не скідаў з рахунку, бо на частку публікі гэта будзе дзейнічаць. Маўляў, галоўнае — няма вайны, і тытанічныя высілкі беларускага кіраўніцтва скіраваныя на гэта. Таму зьбягаецца шэраг чыньнікаў, якія штурхаюць уладу гэты рытуал працягваць.

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Старыкевіч: Я б сказаў, што гэта проста такая цацка для Лукашэнкі кшталту каляднага хакейнага турніру. Вось падабаецца яму гуляць у хакей, падабаецца яму выступаць перад адабранымі людзьмі — ён гэта і робіць. Прычым безь вялікіх абавязкаў. Увесь жа час сходы праводзілі непасрэдна перад прэзыдэнцкімі выбарамі, а тут хваліцца было няма чым, таму яго ціхенька перанесьлі. Зараз захацелася дастаць з-пад лаўкі — дасталі.

Рэальны ўплыў гэтых сходаў на сытуацыю роўны нулю. Акрамя рытуальнай часткі, тут нічога няма, ніякага сэнсу. Нават піяраўскі сэнс, пра які казаў спадар Аляксандар, вельмі кароткатэрміновы. Усё тое, што гучала на сходзе, забываецца літаральна на наступны дзень нават тымі, хто там прысутнічаў.

Цыганкоў: Але лічба тысяча даляраў заробку, пра якую казаў Аляксандар Лукашэнка на апошнім сходзе, якраз засталася ў памяці людзей?

Старыкевіч: Пераважна дзякуючы таму, што незалежныя мэдыі пра яе ўвесь час нагадваюць. Але вы маеце рацыю: тысяча даляраў — гэта адзінае, што можна ўзгадаць з папярэдняга сходу. Але ці памятаем нават мы, людзі, які працуюць у гэтай галіне — што яшчэ было агучана на тым сходзе, акрамя звыклых «пашырыць, паглыбіць» і гэтак далей?

Цыганкоў: Магчыма, правядзеньнем сходу ўлада хоча паказаць, што жыве ня толькі адным днём, як яе абвінавачваюць апанэнты, але і мысьліць нейкімі стратэгічнымі маштабнымі катэгорыямі.

Класкоўскі: Фармальна, сапраўды, на гэтым сходзе будзе зацьверджаная праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі да 2020 году, нібыта стратэгія. Там вельмі сьціплыя лічбы, заплянавалі павялічыць ВУП за пяцігодку толькі на 10 працэнтаў. Я думаю, Лукашэнка пры ўсім ягоным валюнтарызьме не захоча надта карэктаваць гэтыя лічбы — бо надта ж аглушальны правал атрымаўся ў папярэдняй пяцігодцы.

Але самае галоўнае наконт праекту, які ўжо прадставіў прэм’ер Кабякоў — яго ўжо разьбілі незалежныя экспэрты, бо там няма комплекснай праграмы рэформаў. Там ёсьць словы пра мадэрнізацыю, разьвіцьцё IT-сэктару. Паасобку нібыта тэзісы правільныя — але ж мы ведаем, што з мадэрнізацыі атрымаўся пшык. Ва аўтарытарных умовах эфэктыўнасьць выкарыстаньня інвэстыцыяў мізэрная — «што ні робяць, атрымліваецца аўтамат Калашнікава».

Дарэчы, яшчэ адзін рэзон, чаму Лукашэнка ладзіць гэтыя форумы. Адна рэч, калі ён сам зацьвердзіць гэты плян да 2020 году. І іншая, калі гэта, хоць фармальна, але пройдзе ухваленьне на гэтым форуме. І тады Лукашэнка заўсёды можа спасылацца, што нам жа народ загадаў трымаць гэтыя рубяжы.

Старыкевіч: Я неяк чытаў інтэрвію вядомага рэжысэра. І ён кажа — чытаеш рэцэнзіі крытыкаў, і проста дзівішся, які сэнс яны ўклалі туды, дзе ты сам, аўтар, нічога такога ня меў на ўвазе. Мне зараз здаецца, што мы спрабуем расшыфраваць пустату.

Мне падаецца, што Лукашэнку цалкам усё роўна, якая праграма, хто пад ёй падпісаўся. Ён даўно жыве ў нейкай сваёй уласнай рэчаіснасьці. Якраз нядаўна спадар Карбалевіч зьвярнуў увагу, што ва ўсім сьвеце выбары — гэта іспыт для ўлады. А Лукашэнка кажа, што выбары — гэта іспыт для народу, для грамадзтва. Наколькі яно разьвітое і здольнае ацаніць тое шчасьце, якое яму дасталася.

І зараз народ нічога не патрабуе. Абяцалі тысячу даляраў — атрымалі трыста. Нічога, ніякіх пратэстаў. Падвысілі пэнсійны ўзрост «па просьбах працоўных» — таксама ніякай заўважнай грамадзкай рэакцыі, а на кухонныя сваркі ўлада не зьвяртае ўвагу.

Таму сход — гэта проста цацка, безь вялікага сэнсу. Ніякага рэальнага ўплыву на хаду падзеяў ён не акажа.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG