Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Важак «Начных ваўкоў» Залдастанаў у Менску: Зраблю ўсё магчымае, каб Абама пра мяне не забыўся


«Начныя ваўкі», у цэнтры - Аляксандар Залдастанаў

«Начныя ваўкі», у цэнтры - Аляксандар Залдастанаў

Сёньня ў Беларусь прыехалі ўдзельнікі мотамаршу «Дороги Победы — На Берлин!» з расейскага клюбу «Начныя ваўкі». Больш за паўсотні байкераў з прымацаванымі да матацыклаў савецкімі і расейскімі сьцягамі, а таксама пад гром песьні «Дзень Перамогі» з дынамікаў наведалі Курган Славы і мэмарыял у Хатыні, пасьля чаго рушылі ў напрамку польскай мяжы.

Падчас візіту ў Хатынь лідэр «ваўкоў»​ Аляксандар Залдастанаў па мянушцы «Хірург» пашкадаваў пра распад Савецкага Саюзу ў 1991 годзе, а таксама сказаў, што лічыць Беларусь і Ўкраіну часткамі Расеі. «Беларусь — гэта Расея, Украіна — гэта Расея», — цытуе яго Белсат.

Як і летась, «ваўкі» робяць чарговую спробу адзначыць 9 траўня ля Рэйхстагу ў Бэрліне, хоць Залдастанаў за падтрымку анэксіі Крыму і агрэсіі на ўсходзе Ўкраіны вось ужо два гады знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Эўразьвязу і ЗША. Пасьля ўскладаньня кветак на Кургане Славы і фатаграфаваньня з актывам БРСМ, сябры якога сустракалі «высокіх гасьцей» кветкамі і сьцягамі, удалося пацікавіцца ў Залдастанава — можа яму ўдалося атрымаць шэнгенскую візу?

Аляксандар Залдастанаў дае інтэрвію

Аляксандар Залдастанаў дае інтэрвію

«Ну, якая віза? Мне хутка можна будзе езьдзіць у госьці, відаць, толькі ў Чачню да Рамзана Кадырава. Я цяпер абсалютна цалкам у санкцыях і, як гавораць, рашэньне на вашага сьціплага слугу ў Белым доме падпісваў асабіста Барак Абама. І сёньня я ўрачыста абяцаю спадару Абаму зрабіць усё, каб ён пра мяне яшчэ доўга не забыўся».

Напярэдадні польскія ўлады адназначна заявілі: «Начных ваўкоў» і асабіста Залдастанава, супраць якога дзейнічаюць эканамічныя і візавыя санкцыі, у Эўразьвяз ня пусьцяць. У сваю чаргу «Хірург» запэўнівае, што эўрапейскія пагрозы ягоных паплечнікаў не палохаюць:

«Бессэнсоўныя захады зь іх боку. Канечне, яны ўскладняць наш шлях, але мэта ўсё роўна будзе дасягнутая. Калі я ў мінулым годзе паабяцаў, што 9 траўня сьцяг будзе дастаўлены ў Бэрлін, так і здарылася. Тое ж будзе і гэтым разам. Няма ніякага сэнсу гэтаму супраціўляцца. Яны разбураюць нашы помнікі, мы іх аднаўляем, яны плююць у магілы, а мы ўскладаем кветкі. І чым больш будзе агрэсіі ў дачыненьні да нас, да тых людзей, якія хочуць захаваць сваю гісторыю, тым большым будзе супрацьдзеяньне. Я слоў на вецер ня кідаю і ад імя клюбу заяўляю: 9 траўня сьцяг будзе ў Бэрліне! І ўвогуле сьцягоў будзе нашмат больш, чым у мінулым годзе, іх даставяць з розных месцаў. Думаю, гэта асноўная прычына, па якой нас не пускаюць — бачаць, як усюды падхопліваюць нашу ініцыятыву, як нас падтрымліваюць, ідуць з намі разам. Мэта ўдзячная, праўда за намі. А вось у іх там — суцэльная няпраўда».

Год таму «ваўкі» Залдастанава былі разьвернутыя польскімі памежнікамі, трапіць у Бэрлін удалося некалькім матацыклістам з Калінінградзкай вобласьці, дзе дзейнічае рэжым спрошчанага перасячэньня мяжы, а таксама расейскім прыхільнікам у балканскіх краінах. У адрозьненьне ад «прадажных палітыкаў», пераконвае «Хірург», шараговыя эўрапейцы ягоных «пасланцоў» фактычна «насілі на руках» — як у 1945-м савецкіх вызваліцеляў:

«Жыхары Эўразьвязу цудоўна разумеюць, што гэта мы ўратавалі Эўропу ад „карычневай чумы“. Бо вайна была перш за ўсё ня зь немцамі — ваявалі з фашызмам. І самую вялікую ахвяру прынёс наш савецкі салдат, ён жа — рускі салдат. Ён у літаральным сэнсе ўзышоў на крыж, а Перамога 9 траўня 1945 году была як Велікодная нядзеля. А чырвоны сьцяг над згарэлым, закопчаным Рэйхстагам — накшталт гэтай Велікоднай нядзелі, бо была атрыманая перамога над сіламі пекла. Звычайныя людзі гэта разумеюць, адчуваюць, так ці інакш хочуць падставіць нам плячо, падтрымаць маральна. Пляваць ім на тое, што гавораць палітыкі, якія ўказаньні робяцца з-за акіяну. Мы робім тое, што нам падказвае сэрца. І гэта знаходзіць водгук».

Залдастанаў удакладніў, што ў бліжэйшыя дні заплянаванае наведваньне як буйных, так і малых савецкіх ваенных пахаваньняў на ўсім маршруце руху мотакалёны ў Расеі, Беларусі і далей на Захадзе. «Я асабіста прасіў сваіх братоў гэта зрабіць, бо ў мяне асабістыя рахункі з той вайной», — патасна заявіў ён, удакладніўшы, што ягоны дзед пахаваны ў магіле невядомага салдата. У зьвязку з гэтым згадаў сваё дзяцінства ва Ўкраіне, расейскую агрэсію супраць якой цяпер ухваляе:

«Успамін зь дзяцінства: абавязкова ў Вялікдзень я хадзіў з бабуляй на могілкі, дзе пахаваныя невядомыя салдаты. Кожны раз на новыя. Клалі там дзьве кветачкі, яйка і шлі ў іншае месца. Стоячы перад чарговым помнікам, яна заўсёды гаварыла: а можа і твой дзед ляжыць тут? Бо дакладнага месца даведацца так і не ўдалося. Таму для мяне гэта ня толькі справа гонару, але і мой абавязак. Думаю, аналягічныя пачуцьці ў кожнага з нас, хто мае памяць. І чым больш апантана ў нас спрабуюць забраць нашу перамогу, тым мацней мы будзем гэтаму супраціўляцца, усімі даступнымі спосабамі. Нічога ў іх не атрымаецца, паверце. Чым больш арганізуюць розных гадасьцяў нашым высакародным дзеяньням, тым больш людзей да нас далучаецца».

Залдастанаў запэўнівае, што ідэі «Начных ваўкоў» знаходзяць усё больш прыхільнікаў у Эўропе, пра што сьведчаць новыя прадстаўніцтвы клюбу — перадусім на Балканах і ў балтыйскіх краінах са значнай колькасьцю расейскамоўнага насельніцтва:

«Сёлета мы адкрылі шмат новых аддзяленьняў „Начных ваўкоў“ у Эўропе, таму самая важная выснова, якую я з гэтага раблю, наступная: эўрапейцы давяраюць Расеі больш, чым Амэрыцы. І гэта вельмі радуе. Людзі робяць выбар інтуітыўна, не заўсёды нават могуць патлумачыць, чаму яны на гэта ідуць. Але гэта факт. Больш за тое, на маё наўпроставае пытаньне — навошта табе „Начныя ваўкі“, чаму менавіта наш клюб, хапае ж у Эўропе самых розных, у тым ліку амэрыканскіх — чую кароткі адказ: таму што вы з Расеі, таму што ў вас ёсьць дух. Я ня ведаю, што дакладна яны разумеюць пад словам „дух“, але, відаць, так яны бачаць той супраціў, які мы аказваем усясьветнай закулісе. Таму што Расея — адзіная, хто цяпер супраціўляецца бяспамяцтву. Разам зь Беларусьсю, канечне».

Колькі «ваўкоў» усё ж плянуюць прарвацца праз эўразьвязаўскія кардоны? Альбо, як і год таму, патаснаму прабегу наканавана скончыцца ў Берасьці? «Хірург» безапэляцыйны: ягоных «братоў» у Бэрліне будзе дастаткова. Хоць і разумее, што ніхто іх там не чакае:

«Значыць, так: кожны, хто заплянаваў патрапіць у Бэрлін, там урэшце будзе. Гэта факт, які не падлягае сумневу, самі пераканаецеся 9 траўня. Успомніце, як супраціўляліся летась, якая была ўзьнятая гістэрыя; адно з пахаваньняў у Польшчы было нават аточанае войскамі, каб не пусьціць нас на магілы. Аж да такога дайшло. Тым ня меней, мы ўсё зрабілі, прычым, пры вялізнай колькасьці людзей, якія прыйшлі нас падтрымаць. Прыкладам, дарога ад Карлсхофу да Бэрліну займае паўтары гадзіны максымум. Мы ехалі 12 гадзінаў, кожныя 500 мэтраў — спыненьне і ператрус. Пусьцілі не праз аўтабан, а нейкімі навакольнымі шляхамі і падваротнямі, каб нас бачыла менш народу. Нічога не дапамагло: на кожным этапе да нас далучалася ўсё больш і больш людзей. Урэшце рэшт, калі хлопцы даехалі, мой „брат“ Акела тэлефануе і кажа: „Хірург“, тут столькі людзей — тысячны натоўп, адчуваем сябе як вызваліцелі».

Пры гэтым Залдастанаў згадвае, што год таму ў Бэрліне ўдалося «па поўнай праграме» адпомсьціць за ўсе тыя прыніжэньні, якія чынілі эўрапейскія чыноўнікі супраць «рускіх людзей» усе апошнія гады:

«9 траўня ў Трэптаў-парку ня толькі быў сьцяг перамогі, ня толькі былі ўскладзеныя вянкі, мы ім яшчэ адказалі за ўсе прыніжэньні, якія яны нанесьлі Расеі — у тым ліку не пусьціўшы нашых вэтэранаў у Рэйхстаг. Адказалі пераканаўчай перамогай нашага баксёра Фёдара Чудзінава над немцам Штурмам. Федзя ўсе 12 раўндаў яго калашмаціў, выбіваючы на ім крыўду за нашых вэтэранаў. І калі ў канцы бою былі ўзьнятыя савецкі сьцяг перамогі, сьцяг Расеі, гэта стала лягічнай кропкай нашага прабегу. А ўжо ў Маскве мы прывезьлі да нямецкай амбасады дакладную копію помніка воіну-вызваліцелю, якую зрабілі за два тыдні ўсім клюбам, паставілі салдата ў браме і разьвярнулі ў вокны плякат „Дзякуй нямецкаму народу за падтрымку“. Гэта быў, канечне, сарказм за ўсю іх дапамогу. Але прынамсі ўсклалі кветкі ад імя тых, каго яны не пусьцілі ў Бэрлін».

У нядзелю ў расейскім кансуляце ў Берасьці заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра «Хірурга» Залдастанава, падчас якой ён дасьць ацэнку польскім памежнікам — у залежнасьці ад таго, трапіць хто-небудзь зь ягоных «ваўкоў» на тэрыторыю Эўразьвязу ці не.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG