Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 кніг пра Беларусь у падарунак замежным сябрам


Ілюстрацынае фота

Ілюстрацынае фота

Хочаце больш расказаць сваім замежным сябрам пра Беларусь? Падарыце кнігу. Наша аўтарка Тацяна Цюхай выбрала 5 вартых кніг у падарунак замежнікам, якія хочуць лепш зразумець беларусаў, прасякнуцца беларускай культурай, гісторыяй і штодзённымі звычкамі.

1. «Краіна Беларусь: Ілюстраваная гісторыя»

Складана знайсьці больш грунтоўнае і нагляднае выданьне па гісторыі Беларусі. Тэкст да «Краіны Беларусь» напісаў Уладзімер Арлоў, мастацкім аздабленьнем займаўся Зьміцер Герасімовіч. Кніга ахоплівае вялікі гістарычны пэрыяд: ад старажытнасьці, часоў ВКЛ, знаходжаньня Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай і да абвяшчэньня БНР у 1918 годзе. Ілюстрацыяў больш за 2 тысячы, сярод іх летапісныя мініятуры, сярэднявечныя гравюры ды рэдкія фотаздымкі.

Гэтая кніга асобнымі накладамі выдадзена па-беларуску, па-расейску і па-ангельску. Для ангельскага выданьня «This country called Belarus» пераклад рабіў прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Джым Дынглі.

2. «Гэта Беларусь, дзетка!»

Зборнік стэрэатыпаў пра Беларусь і беларусаў «Гэта Беларусь, дзетка!» паўстаў з аднайменнага блогу. Аўтаркі — Марыя Чаракова і мастачка Марта Чарнова — нарадзіліся ў Беларусі, але яшчэ дзецьмі апынуліся за мяжой (Марыя — у Нідэрляндах, Марта, якая пазьней вярнулася на радзіму, — у ЗША).

Для беларусаў гэтае выданьне — нагода пазнаць сябе і сваіх землякоў у жартаўлівых аповедах і коміксах да іх (пра чэргі ў паліклініках ці адключэньне гарачай вады ўлетку). Для замежнікаў — прасякнуцца адметнасьцю мясцовага жыцьця і мэнталітэту, вывучыць такія словы, як «лазьня», «ссабойка», «бульба». Тэкст кнігі адразу на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-ангельску.

Аўтаркі плянуюць выдаць яшчэ дзьве кніжкі — беларускіх дзіцячых казак і пра гісторыю Беларусі. Дзеля гэтага яны запусьцілі краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў.

3. «Наш стары добры Бабілён. Прагулка па горадзе ў Менскіх гісторыйках»

Кніга «Наш стары добры Бабілён. Прагулка па горадзе ў Менскіх гісторыйках» — літаратурны спадарожнік па беларускай сталіцы. Аўтар Міхаіл Валодзін напісаў гісторыйкі, у якіх гарадзкія легенды і міты пра Менск арганічна суіснуюць з гістарычнымі фактамі. Унікальныя ілюстрацыі да выданьня стварыў мастак Сяргей Стэльмашонак.

З кнігай можна сьмела гуляць па горадзе — у кампаніі Купалы, Кацярыны І ды Фідэля Кастра. Выданьне зьмяшчае мапу, на якой адзначаны зьвязаныя з той ці іншай гісторыйкай месцы — прыбіральня ў Аляксандраўскім сквэры ці Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, куды меў намер прыехаць працаваць Альбэрт Эйнштэйн.

Вэрсіяў у кнігі дзьве — расейска-ангельская і беларуска-нямецкая. Апошняя пабачыла сьвет на пачатку 2016 году.

4. Фотаальбом «Нечаканая Беларусь»

«Нечаканая Беларусь» знаёміць з краінай зь нязвыклага ракурсу — з вышыні птушынага палёту. Першае выданьне альбома фатографа, журналіста і выдаўца Сяргея Плыткевіча пабачыла сьвет яшчэ ў 2005 годзе. З таго часу аўтар не аднойчы ўздымаўся над Беларусьсю, каб паказаць яе чароўную прыгажосьць. Здымкі непраходных балотаў, разьліваў рэк, велічных касьцёлаў мала каго пакінуць абыякавымі і лепш за тысячы словаў распавядуць пра Беларусь.

Фотаальбом зьмяшчае подпісы да здымкаў адразу на чатырох мовах — беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай.

5. «Найлепшыя стравы беларускай кухні»

Кулінарны зборнік «Найлепшыя стравы беларускай кухні» выдаваўся перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Ён надрукаваны на дзьвюх мовах — расейскай ды ангельскай. Ангельскі пераклад рабіў кухар зь Вялікай Брытаніі Філ Ўолклін.

Аўтарка Алена Мікульчык займаецца вывучэньнем нацыянальнай кухні больш за 15 год. У выданьне яна ўключыла 40 лепшых страваў зь Беларусі з падрабязнымі рэцэптамі і маляўнічымі ілюстрацыямі. У кнігу ўвайшлі таксама гісторыі ўзьнікненьня страваў.

Замежныя госьці, якім даспадобы беларуская кухня, пасьля змогуць самастойна прыгатаваць дранікі і зацірку, пернікі і запечаныя яблыкі, нават зьбіцень і крамбамбулю.

Тацяна Цюхай для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG